Со следующего учебного года в школах вводится второй элемент формы для учащихся

Образование

Ад гальштука да касцюма. З наступнага навучальнага года ва ўсіх беларускіх школах ўводзіцца другі элемент формы для навучэнцаў. Пра гэта раней паведаміў міністр адукацыі краіны Андрэй Іванец.

Нагадаю: з 1 верасня 2022 года школьнікі ў Беларусі павінны хадзіць у форме, а ў кожнай школы павінен быць свой адрозны элемент. Які — вырашаюць самі ўстановы адукацыі. Па словах міністра, сёння амаль усе яны адаптаваліся да новаўвядзення: навучэнцы з задавальненнем носяць форму, выкарыстоўваючы абавязковы адрозны элемент і эмблемы школ. Сёлета, па словах Андрэя Іванца, школы дапоўняць выбраны элемент формы другім элементам. Гэта прывядзе да некаторай аднастайнасці і разумення — як у бацькоў, так і ў навучэнцаў — прыналежнасці да канкрэтнай установы агульнай адукацыі.

Права выбраць другі элемент формы, як і летась, далі школам. Яны правялі шырокае абмеркаванне з бацькамі і вызначыліся, чым будуць адрознівацца іх навучэнцы ад астатніх. Напрыклад, пастаўская СШ №1 спыніла выбар на гальштуках з вышытым на іх лагатыпам школы. Такі варыянт прапанавала адміністрацыя навучальнай установы.

— Мы правялі шэраг бацькоўскіх сходаў, паказалі мамам і татам некалькі варыянтаў гальштукаў і агучылі іх кошт, — расказваў дырэктар Валерый Каліцкі. — Таксама размясцілі інфармацыю на сайце школы. Абмяркоўвалася пытанне і ў класных бацькоўскіх чатах. Гальштукі заказалі ў ТДА «Панда», якое займаецца ў тым ліку пашывам школьнай формы, і ўжо атрымалі іх. Грошы на аплату сабралі праз бацькоўскі камітэт. А будучым першакласнікам абвязковы элемент, які каштуе ад 15 да 20 рублёў, аплаціла школа са сродкаў, атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасці.

У гальштуках з эмблемай сядуць 1 верасня за парты і дунілавіцкія школьнікі. У планах адміністрацыі гэтай установы адукацыі на працягу навучальнага года апрануць дзяцей яшчэ і ў аднолькавыя камізэлькі. Увогуле, камізэлька бардовага або сіняга колеру — самы папулярны элемент формы на Пастаўшчыне. Яго выбралі другая, трэцяя і чацвёртая гарадскія, варапаеўская, навасёлкаўская, гуцкая і навадруцкая школы. Навучэнцы Лынтупскай і Камайскай СШ, хутчэй за ўсё, будуць насіць чорныя дзелавыя касцюмы: пінжакі (жакеты) са штанамі або спадніцай. У вобразе курапольцаў, як мяркуецца, з’явяцца чорныя штаны. Яны будуць спалучацца з гальштукам, які ўжо ёсць у экіпіроўцы школьнікаў.

А вось бацькам гімназістаў сёлета не прыйшлося выбіраць другі абавязковы элемент формы. Летась па ініцыятыве адміністрацыі навучальнай установы для дзяцей былі набыты бардовыя камізэлькі і выраблены значкі з эмблемай гімназіі.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.