В районном Доме культуры прошла традиционная августовская педагогическая конференция

Образование

У аўторак, 29 жніўня, у раённым Доме культуры адбылася штогадовая жнівеньская педагагічная канферэнцыя, на якую сабраліся работнікі ўсіх устаноў адукацыі Пастаўшчыны.

Падрыхтаваліся як след

Як адзначыў, выступаючы з дакладам, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава, жнівеньская нарада педагогаў — гэта не проста традыцыя, а магчымасць яшчэ раз напярэдадні навучальнага года актуалізаваць напрамкі работы, удакладніць падыходы да вырашэння прыярытэтных задач і намеціць перспектывы развіцця. Пра гэта і пайшла размова на канферэнцыі.

Па словах Паўла Юр’евіча, у мінулым навучальным годзе дзейнасць педагагічнай супольнасці была накіравана на далейшае развіццё адзінай адукацыйнай прасторы раёна, забеспячэнне даступнасці і павышэнне якасці адукацыі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравага патэнцыялу. Сетка ўстаноў адукацыі складалася з 13 школ, 12 дзіцячых садоў і 3 цэнтраў, якія паспяхова прайшлі абавязковае ліцэнзаванне і сёлета ўсе адчынілі свае дзверы. Як мы ўжо пісалі, школы і Пастаўская гімназія прынялі 3 627 навучэнцаў, у тым ліку 392 першакласнікаў. У параўнанні з леташнім колькасць школьнікаў павялічылася на 46 чалавек. І такая тэндэнцыя захоўваецца на працягу некалькіх гадоў. Чаго не скажаш пра выхаванцаў дзетсадоў: іх, наадварот, становіцца менш.

Усе ўстановы адукацыі раёна як след падрыхтаваліся да 1 Верасня. Гэта работа вялася на працягу ўсяго мінулага навучальнага года. З верасня 2022-га на рамонты дахаў, вокнаў, класаў, харчблокаў, санвузлоў і камунікацый затрачана больш за 1,5 млн рублёў, а на набыццё абсталявання, аргтэхнікі і сродкаў навучання — больш за 170 тыс. Нядаўна за кошт сродкаў абласнога бюджэту набыты новы школьны аўтобус для падвозу навучэнцаў Дунілавіцкай СШ. Усяго ж у гэтым годзе школьнымі і рэйсавымі аўтобусамі да месцаў правядзення заняткаў і дамоў будуць падвозіцца 597 дзяцей.

Вучыць і выхоўваць

Сярод мноства задач, якія стаяць перад педагогамі, менавіта гэтыя дзве з’яўляюцца галоўнымі.

Летась у сістэме адукацыі Пастаўшчыны былі заняты 662 педагагічныя работнікі, 494 з іх працавалі ў школах і гімназіі, 168 — ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Сёлета педагагічная сям’я раёна папоўнілася 8 маладымі спецыялістамі — выпускнікамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў рэспублікі. Яны распачалі работу ў СШ №2 імя Н. М. Асяненкі і №3, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячых садах №№1, 2, 5 і 6.

У пачатку канферэнцыі маладых педагогаў прадставілі прысутным, расказаўшы, дзе і якую спецыяльнасць атрымаў кожны і куды накіраваны на працу, уручылі кветкі і падарункі ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Са словамі прывітання да іх звярнулася настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №1 Галіна Іжмайловіч, якая пажадала калегам любіць сваю прафесію, спасцігнуць усе тонкасці педагагічнага майстэрства і знайсці шлях да дзіцячых сэрцаў.

А яшчэ вельмі важна стварыць умовы для выбару кожным навучэнцам таго зместу адукацыі, які найбольш поўна адпавядае яго індывідуальным асаблівасцям і запытам, выхаваць грамадзяніна з глыбокімі духоўнымі і маральна-патрыятычнымі якасцямі, які ведае і паважае гісторыю сваёй краіны і народа. На гэтым завастрыў увагу Павел Трава. Ён падрабязна расказаў пра арганізацыю профільнага навучання ў старэйшых класах, вынікі ўдзелу вучняў у рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах і конкурсах даследчага характару, як пастаўскія школьнікі здалі цэнтралізаваныя экзамены і колькі выпускнікоў паступіла ў ВНУ. Гэтак жа падрабязна прааналізаваў ідэалагічную і выхаваўчую работу ва ўстановах адукацыі. Асобна спыніўся на павышэнні адукацыйнага ўзроўню педагогаў.

Таксама Павел Юр’евіч акрэ­сліў задачы на бягучы навучальны год. Настаўнікам і выхавальнікам раёна неабходна прадоўжыць комплексную работу па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўсвядомленага выбару прафесіі, арыентаваць іх на запатрабаваныя ў эканоміцы рэгіёна і рэспублікі спецыяльнасці, прыняць дзейсныя меры па забеспячэнні максімальнай занятасці дзяцей у шосты школьны дзень і канікулярны перыяд і інш.

Падзякаваў усім, уручыў узнагароды

На канферэнцыі гаварылі і пра летняе аздараўленне дзяцей, прафілактыку сямейнай нядобранадзейнасці, дапамогу, аказаную да новага навучальнага года шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям, дзецям-сіротам і непаўналетнім, якія засталіся без папячэння бацькоў, харчаванне школьнікаў ва ўстановах адукацыі. Што да апошняга пытання, то летась з мэтай удасканалення харчавання дзяцей у рэспубліцы рэалізоўваўся пілотны праект па апрабацыі новых прынцыпаў яго арганізацыі і тэхналогій прыгатавання ежы. І з 1 верасня ўсе школы Пастаўшчыны пачалі прымяняць іх у сваёй рабоце.

У абмеркаванні даклада начальніка аддзела па адукацыі прынялі ўдзел дырэктары СШ №2 імя Н. М. Асяненкі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна Наталля Кісялёва і Наталля Селіванава, загадчыца дзіцячага сада №2 Вікторыя Галімская. Яны расказалі пра арганізацыю сістэмнай работы па павышэнні якасці адукацыі ў школе, выкарыстанне інтэрактыўных форм работы пры правядзенні комплекснай рэабілітацыі падлеткаў, стварэнне ўмоў для атрымання даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі.

Вынікі канферэнцыі падвёў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Станіслаў Чымбург, які ў ліку іншых ганаровых гасцей знаходзіўся ў зале. Падняўшыся на сцэну, ён адзначыў:

— Сёння адукацыя па-ранейшаму застаецца прыярытэтнай сферай у развіцці нашай дзяржавы. У гэтым можна было ў чарговы раз пераканацца, слухаючы нараду пра гатоўнасць сістэмы адукацыі краіны да новага навучальнага года, якую правёў 18 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. На ёй адбылася вельмі сур’ёзная размова па шырокім спектры праблемных пытанняў. Галоўнае, як сказаў кіраўнік дзяржавы, трэба зрабіць усё для таго, каб нашы дзеці былі забяспечаны ўсім неабходным для вучобы і з добрым настроем сустрэлі Дзень ведаў. У сувязі з гэтым хачу падзякаваць аддзелу па адукацыі і педагагічным калектывам раёна за праведзеную работу па падрыхтоўцы да 1 Верасня.

Станіслаў Уладзіміравіч павіншаваў педагогаў з пачаткам навучальнага года, пажадаў ім моцнага здароўя, дабрабыту, новых працоўных поспехаў і перамог і выказаў упэўненасць у тым, што настаўнікі і выхавальнікі раёна паспяхова справяцца з пастаўленымі задачамі. А затым уручыў граматы і падзякі найлепшым прадстаўнікам педагагічнай арміі Пастаўшчыны.З музычнымі і вершаванымі віншаваннямі да прысутных у зале звярнуліся школьнікі і выхаванцы дзіцячага сада.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.