Учащийся СШ №2 им. Н.М. Осененко Максим Пачко стал победителем интеллектуального шоу для школьников «Я знаю!»

Образование

У мінулую суботу не толькі настаўнікі і вучні СШ 2 імя Н. М. Асяненкі, але і іншыя пастаўчане і жыхары раёна з вялікім інтарэсам глядзелі на тэлеканале «Беларусь 1» чарговы выпуск інтэлектуальнага шоу для школьнікаў «Я ведаю!». У суперфінале за званне самага разумнага сямікласніка змагаўся наш зямляк — вучань другой гарадской школы Максім Пачко. Як і ў фінальнай гульні тэлевізійнага праекта, ён абышоў усіх сваіх сапернікаў, набраўшы рэкордную колькасць балаў (на гэты раз — 67). Галоўнага канкурэнта, з якім сустрэўся ў заключным туры суперфіналу, — навучэнца адной са сталічных гімназій — Максім апярэдзіў ажно на 11 балаў!

За перамогу ў конкурсе адоранаму хлопчыку і яго першаму педагогу — настаўніцы пачатковых класаў СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Наталлі Сіманьцы, якая суправаджала былога вучня на праекце, аб’яўлена Падзяка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама Максім атрымаў прызы Міністэрства адукацыі — разумную калонку і камплект кніг, ад пастаяннага спонсара праекта — кампаніі Белдзяржстрах — электронную кнігу. Школе Белтэлерадыёкампанія падарыла інтэрактыўную дошку, якая будзе ўстаноўлена ў класе, дзе вучыцца Максім.

Гэта далёка не адзіная гучная перамога юнага вундэркінда. Толькі ў бягучым навучальным годзе ў складзе школьнай каманды «Бусляняты» ён заваяваў 1-е месца ў фінале рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Акцябрацкі, піянерскі, маладзёжны квіз», стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені па беларускай мове спачатку на абласным, а затым на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Пры тым што выступаў за 9-ы клас!

Дарэчы, падрыхтоўка да заключнага этапа алімпіяды супала са здымкамі суперфіналу «Я ведаю!». Таму Максіму прыйшлося рыхтавацца адначасова да абодвух конкурсаў. Найбольшую ўвагу ўдзяліў пашырэнню і замацаванню ведаў па роднай мове і літаратуры. Што да інтэлектуальнага шоу, то перад ім паспеў толькі перагледзець усе суперфіналы за 3 апошнія гады і падручнікі па мастацтве за 5 і 6 класы.

— Калі ехаў на «Я ведаю!», не было ўпэўненасці ў тым, што перамагу, хоць у глыбіні душы спа­дзяваўся на гэта, — прызнаецца Максім. — Падчас гульні стараўся не думаць пра сафіты і камеры ў студыі, а сканцэнтравацца на пытаннях і хутка адказваць на іх, каб прайсці ў наступныя туры. Бясспрэчна, у суперфінале пытанні былі больш складаныя, чым у фінале. Але вынік у другой гульні ў мяне лепшы, чым у першай. Там я набраў 63 балы.

Пакуль школьнікі дэманстравалі эрудыцыю на галоўнай пляцоўцы, у імправізаванай настаўніцкай за іх балелі педагогі, якія прыехалі разам з вучнямі ў сталіцу. Усе яны, у тым ліку вядучыя шоу Вася Чэхаў і Юлія Пярцова, былі ўражаныя шырокімі, энцыклапедычнымі ведамі Максіма. Ён даваў не проста правільныя, а вычарпальныя адказы на складаныя нават для настаўнікаў пытанні, калі Вася Чэхаў прасіў пракаменціраваць свой выбар.

Нарадзіўся і жыве Максім у маленькай вёсачцы Родзі, дзе ўсяго 8 жыхароў. Яго бацькі працуюць у ААТ «Ярэва-агра»: мама — у сталовай, бацька — вадзіцелем на МАЗе. Спачатку хлопчык вучыўся ў Ярэўскай БШ. А калі яе закрылі, перайшоў у другую гарадскую школу, трапіўшы да Наталлі Сіманькі. Вопытны педагог хутка ўбачыла яго цягу да ведаў і пачала часта выклікаць на ўроках, каб Максім расказаў аднакласнікам нешта дадаткова па тэме, што прачытаў. Дзеці слухалі равесніка заўсёды з вялікім інтарэсам.



У хлопчыка фенаменальная памяць і добрае лагічнае мысленне. Ён усё схоплівае на ляту. Вельмі любіць чытаць. Навучыўся яшчэ ў 5-гадовым узросце і ў пачатковых класах, па словах маці, перачытаў усю ярэўскую бібліятэку. Ды і дома ў Максіма вельмі шмат кніг. За імі праводзіць амаль увесь час. Не трэба гаварыць, што выдатна вучыцца ў школе, аднолькава паспяваючы па ўсіх прадметах. Ён наша зорачка, да якой з павагай адносяцца не толькі аднакласнікі і малодшыя школьнікі, але і вучні старэйшых класаў.

Наталля Кісялёва, дырэктар СШ №2 імя Н. М.  Асяненкі



Пазней Максім стаў членам гуртка «Што? Дзе? Калі?», які вяла Наталля Мікалаеўна. У 4 класе ўпершыню трапіў на раённую алімпіяду па беларускай і рускай мовах і атрымаў на ёй дыпломы адпаведна І і ІІ ступеняў. У сярэдняй школе здольнасці хлопчыка пачала развіваць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Тамара Захарэвіч, якая была яго класным кіраўніком, але ў сту­дзені гэтага года, на жаль, дачасна пайшла з жыцця. Яна захапіла адоранага вучня родным словам, і ўжо ў 6 класе ён заваяваў дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды для старшакласнікаў. Менавіта ад Тамары Мікалаеўны Максіму перадалася асаблівая любоў да беларускай літаратуры.

— У параўнанні з рускімі і замежнымі пісьменнікамі ў беларускіх аўтараў іншы падыход да паказу ў творах чалавека — больш псіхалагізму, — як сапраўдны літаратурны крытык, робіць заключэнне школьнік. — Вельмі люблю класіку. Асабліва вершы Максіма Танка, якія вызначаюцца глыбокай філасофіяй, і прозу Уладзіміра Караткевіча. Нядаўна захапіўся яго паэзіяй. Пасля таго, як у 4-м туры суперфіналу «Я ведаю!» не змог правільна адказаць на пытанне, каму належаць прыведзеныя вершаваныя радкі, перагледзеў усе падручнікі за 5—7 класы. Аказалася, гэты верш Караткевіча не вывучаюць у школе. Тут трэба было прымяніць логіку.

Кім будзе, калі вырасце, Максім яшчэ не вырашыў. Думае, што, хутчэй за ўсё, філолагам. Ну а пакуль як губка ўбірае ў сябе веды. Педагогі ж школы і бацькі стараюцца стварыць усе ўмовы для яго інтэлектуальнага развіцця і вельмі ганарацца перамогамі хлопчыка.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.