Гута—Варапаева—Навасёлкі. Такім быў трэці маршрут удзельнікаў раённага адукацыйна-краязнаўчага праекта «Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя». Яны зладзілі паездку незадоўга да 9 Мая і ўшанавалі памяць загінулых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У краязнаўчае падарожжа ў той дзень адправіліся прадстаўнікі арггрупы праекта: Ганна Літвіновіч, Алеся Гіль і Наталія Федаровіч; райсавета ветэранаў, райкама БРСМ, краязнаўчага музея, аддзела па спорце і турызме райвыканкама, навучэнцы і педагогі камайскай, курапольскай і лынтупскай школ і іншыя. У кожным населеным пункце ўдзельнікаў праекта чакалі знаўцы мясцовай гісторыі і традыцый. Настаўнік гісторыі Гуцкай БШ і краязнавец Мікалай Арэх расказаў пра цікавыя мясціны паўночна-ўсходняй часткі Пастаўшчыны, паказаў экспанаты музейнага кутка школы.
Настаўнікі Варапаеўскай СШ Аксана Танана і Лілія Брэская правялі па маршруце «Мястэчка пры гасцінцы» і пазнаёмілі са славутасцямі роднага ім гарадскога пасёлка. У Навасёлках экскурсію пад назвай «Малая радзіма на далоні» арганізавалі педагогі Алена Вішнеўская і Таццяна Сарока. Актыўна расказвалі пра сваю малую радзіму і навучэнцы мясцовых школ, у якіх таксама створаны музейныя куткі з вартымі ўвагі экспанатамі.
Адным з месцаў прыпынку ўдзельнікаў праекта стала вёска Гута. На яе ўскраіне — на месцы ранейшай вёскі Хардакова — устаноўлены два памятныя знакі ў гонар мірных жыхароў, расстраляных і спаленых фашыстамі ў 1942 годзе. Падчас гэтых жудасных падзей загінула каля 20 чалавек, сярод якіх цэлыя сем’і.
Каля аднаго з памятных знакаў старшыня раённай кантрольнай камісіі БРСМ Валерыя Крукава ўстанавіла таблічку з QR-кодам, навёўшы на які камеру мабільніка, можна даведацца пра тую жудасную трагедыю. Гэта таблічка выраблена ў рамках міжнароднага гістарычнага праекта «Лічбавая зорка», створанага для пошуку помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Памяць пра ахвяры ВАВ таксама ўшанавалі ля брацкай магілы ў Варапаеве.
Чарговы маршрут праекта запланаваны на май — ён будзе арганізаваны па Лынтупшчыне.
Іна Сняжкова



