Возле Новоселковской СШ им. А.А. Володько благоустроили территорию и высадили туи

Образование

Праязджаючы на мінулым тыдні каля Навасёлкаўскай сярэдняй школы імя А. А. Валодзькі, не магла не спыніцца: у двары кіпела работа — ішла пасадка туй.

Шчыравалі як настаўнікі, тэхнічныя работнікі, так і вучні. Адны нацягвалі шпагат, каб па ўзроўні выкапаць ямкі, другія іх капалі, трэція падносілі дрэўцы. Дырэктар школы Алена Ластоўская ля варот развітвалася з дырэктарам ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыем Шымчыкам, які прыпыніўся, каб спытаць, чым у гэтай справе можа дапамагчы гаспадарка, і паабяцаў прыслаць некалькі мужчын і машыну для паліву туй.

— Без падтрымкі Юрыя Францішкавіча справа па добраўпарадкаванні, напэўна, не зрушылася б з месца, — гаварыла Алена Іванаўна. — Ён — генератар крэатыўных ідэй. Бяру іх на ўзбраенне, прыслухоўваюся да яго меркавання, у яго вучуся ўраўнаважанасці, прымаць адказныя рашэнні, выходзіць на спонсараў і наладжваць з імі адносіны, падымаць камандны дух калектыву і працаваць на вынік. Калі нашай школе прысвоілі імя легендарнага чалавека — Алега Адольфавіча Валодзькі, мы ўспрынялі гэта з вялікай гордасцю і разумелі, што абавязаны зрабіць усё магчымае, каб установа выглядала годна. Юрый Францішкавіч падтрымлівае нас у гэтым плане. Ён — чалавек слова і справы, кампетэнтны ў любым пытанні, прафесіянал.

За кароткі час у школе ўдалося зрабіць многае. Ёсць яшчэ нямала задум. Ведаючы характар Алены Ластоўскай, упэўненая: усё ў яе атрымаецца. Алена Іванаўна — кіраўнік-менеджар, ідзе ў нагу з часам, ідэалістка ў навядзенні парадку. Пра такіх кажуць: «Горы зверне!» Школу ўзначаліла ў верасні 2021 года. За гэты час заслужыла аўтарытэт сярод вучняў і калег, і многае памяняла ў лепшы бок як вакол будынка, так і ўнутры яго.

Неаднойчы на нарадах даво­дзілася чуць, як старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік ставіў у прыклад іншым кіраўнікам ініцыятыўнасць дырэктара навасёлкаўскай школы, яе настойлівасць у ажыццяўленні задуманага.

Вядома, што гэтыя змены адбыліся не без спонсарскай падтрымкі. Пры дапамозе кіраўнікоў ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Пастаўскі малочны завод», «Камайскі-агра», «Кураполле-агра» і прыватнага прадпрыемства «Пастаўскі мэблевы цэнтр», ЗАТ «ПастКамень» у большасці класаў устанавілі пластыкавыя вокны, памянялі асвятленне, абнавілі парты, крэслы, зрабілі рамонт у настаўніцкай. З удзелам мясцовай гаспадаркі і ДЭУ-33 прывялі ў парадак стадыён, абуладкавалі стаянку для машын.

Сёлета распараджэннем райвыканкама былі выдзелены сродкі на добраўпарадкаванне Навасёлкаўскага сельсавета. Частку грошай сельвыканкам накіраваў на азеляненне тэрыторыі мясцовай школы. За іх у гадавальніку лясгаса набылі туі, іншыя дэкаратыўныя насаджэнні.

— Дасягнуць чагосьці немагчыма без каманды, — упэўненая Алена Ластоўская. — Так, я абавязана весці за сабой калектыў, праяўляць ініцыятыву. Але патрэбны тыя, хто дапаможа ажыццявіць задуманае. І такія людзі ёсць! Пакуль не ўзялася за абнаўленне будынка і добраўпарадкаванне тэрыторыі, не думала што побач так шмат тых, хто адклікнецца на мае просьбы. Бязмежна ўдзячная кожнаму, хто пачуў мяне і падтрымаў.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.