40-летний юбилей отметил Новоселковский филиал Воропаевской ДШИ имени И. Сушко

Культура

Аншлаг і гром апладысментаў лічыць найвышэйшай узнагародай калектыў Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя І. Сушко, які сёлета завяршыў 40-ы навучальны год.

Без інструментаў і мэблі

1 жніўня 1983 года чатыры выпускніцы Наваполацкага музычнага вучылішча: Раіса Бялова, Галіна Плешкунова, Людміла Бурава і Алена Салавей — прыехалі па размеркаванні ў Навасёлкі, дзе адкрывалася новая музычная школа. Да іх далучылася Наталля Ляшэнка з Растова, якая, пагасцяваўшы ў радні ў Паставах, вырашыла тут застацца. Тое, як выглядала новабудоўля, прывяло маладзенькіх настаўніц у жах: у будынку голыя сцены, ні мэблі, ні музычных інструментаў, ні нот.

Дырэктарам установы назначылі Раісу Бялову. Яна імкнулася падняць дух калег. Хутка роспач змянілася на мэтанакіранасць, бо тагачасны старшыня калгаса імя Суворава Алег Валодзька, ініцыятывай якога было ўзвядзенне школы, вы­дзеліў фінансы на абсталяванне, дапамагаў у вырашэнні розных гаспадарчых спраў. Уласнымі намаганнямі дзяўчаты наво­дзілі парадак, абуладкоўвалі класы. Галоўным кансультантам па набыцці інструментаў стаў вопытны Валянцін Жагула, які працаваў дырэктарам Варапаеўскай дзіцячай музычнай школы. Іх выпісвалі нават з Украіны. Пасылкі па пошце атрымлівалі ледзь не штодня. За месяц установу падрыхтавалі да работы. Не было адбою ад дзяцей, якія жадалі тут вучыцца. Іх набралі 60.

Склаўся дружны калектыў

Падзеі 40-гадовай даўнасці ўзгадала для мяне загадчыца філіяла Алена Салавей. Нагодай для ўспамінаў стаў канцэрт на заканчэнне юбілейнага навучальнага года. У зале Навасёлкаўскага Цэнтра культуры, як заўсёды, не было свабодных месцаў. Вяскоўцы любяць мерапрыемствы, што рыхтуе калектыў установы разам з выхаванцамі і іх бацькамі. Часта да ўдзелу запрашаюць механізатараў, аператараў жывёлагадоўчых ферм, прадаўцоў, пенсіянераў.

Не стаў выключэннем і гэты канцэрт. Тут не ладзілі юбілейнае свята з запрашэннем высокіх гасцей, а падрыхтавалі насычаную і цікавую праграму: танцы, песні, музыка зліліся ў адно цэлае. Усе нумары былі эфектнымі і непаўторнымі. Аншлаг у зале і гром апладысментаў гледачоў сталі найвышэйшай узнагародай для артыстаў. Сакрэт поспеху просты: максімальная канцэнтрацыя ўсіх удзельнікаў, іх імкненне да гармоніі і мэтанакіраванасць. А яшчэ несумненная заслуга ў гэтым ідэйнага натхняльніка — загадчыцы філіяла. Яна — выдатны арганізатар і мастацкі кіраўнік, умела працуе як з дзецьмі, так і з дарослымі, кожнаму дае магчымасць праявіць сябе і раскрыць талент. Алену Міхайлаўну любяць і паважа­юць за адкрытую душу, чулае сэрца, прафесіяналізм і творчыя адносіны не толькі да работы, але і да жыцця.

З тых, хто абжываў установу 40 гадоў таму, засталася тут толькі Алена Салавей. Іншых былых работнікаў лёс раскідаў па свеце. З удзячнасцю ўспамінаюць у філіяле дзвюх Ірын Рагінь, працоўныя біяграфіі якіх пачыналіся ў Навасёлках, а зараз яны паспяхова вучаць дзяцей музыцы ў Паставах. Пакінулі пра сябе памяць Алена і Славамір Шапелі, Наталля Кірчанка, Алена Зубрыцкая, Наталля Крывенька.

Алена Салавей узначаліла калектыў у 1991-м. Пазней у яго ўліліся яе вучаніцы Ірына Лешчык, Людміла Счасная і Ірына Счасная, а таксама вучаніца Раісы Бяловай — Алена Залатуская. Першая займаецца вакалам і дзіцячым хорам, другая — танцамі з малодшай групай выхаванцаў, трэцяя піша цікавыя сцэнарыі, вядзе мерапрыемствы. Пасля заканчэння Хабараўскага музычнага вучылішча на Пастаўшчыну прыехала Святлана Кулік і прыйшла працаваць у Навасёлкаўскую дзіцячую музычную школу. Усе выкладчыкі таленавітыя, адданыя сваёй справе, любяць музыку, дзяцей, умеюць развіць іх здольнасці.

Ёсць кім ганарыцца

Навасёлкаўскі філіял Варапаеўскай ДМШ імя І. Сушко дае дзецям магчымасць асвойваць розныя віды мастацтва, рыхтуе іх да паступлення ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы культуры. Дарэчы, многія выпускнікі сваю працоўную дзейнасць звязалі менавіта з музыкай і працуюць у розных гарадах Беларусі і за яе межамі. Тут ганарацца Юліяй Праставумавай, якая выкладала музыку ў Кітаі, а цяпер — у Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза, Дзянісам Маціеўскім — супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Інай Варанец, якая доўгі час танцавала ў Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Беларусі.

А чаго вартыя поспехі Златы Ярашэвіч! У музычную школу яна прыйшла 6-гадовай дзяўчынкай. На ўступным экзамене выконвала песню «Улыбайся!». Ужо тады настаўнікі разгледзелі яе выдатныя здольнасці. Цяпер вельмі ганарацца Златай.

Пералік тых, кім ганарыцца філіял, можа быць доўгім. Настаўнікі цікавяцца лёсам сваіх выхаванцаў, заўсёды рады сустрэчы з імі.

Пастаянна ў лаўрэатах

Візітная картка ўстановы — творчыя калектывы. Аркестр баяністаў «Арт-тоніка» — яе равеснік. У ім 23 ўдзельнікі. А колькі іх было за 40 гадоў! І ўвесь гэты час калектывам кіруе Алена Салавей. Унікальным можна лічыць ансамбль «Старадворскія лыжкары» пад кіраўніцтвам Алены Залатускай. Ён быў створаны ў той час, калі клас філіяла дзейнічаў яшчэ і ў Старым Двары. Лыжкі для ансамбля выразаў мясцовы разьбяр Данат Шышко, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця. Змянілася не адно пакаленне лыжкароў, але кожнае іх выступленне яркае і запамінальнае. Добра вядомы ў раёне і за яго межамі дзіцячы танцавальны калектыў «Дзяцінства». Ансамблю беларускай песні «Маладзіца» ў складзе настаўнікаў філіяла ў 2002 годзе прысвоена званне «народны». Усе калектывы — актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, што ладзяцца ў райцэнтры, пастаянныя лаўрэаты рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У іх скарбонцы сотні грамат, дыпломаў, падзячных пісьмаў. Творчыя калектывы папулярызуюць беларускую народную музыку і песню.

Поспех не прыходзіць сам па сабе. За кожным дыпломам — напружаная работа. На жаль, апошнім часам дэманстраваць сваю творчасць на конкурсах і фестывалях са сцэны даводзіцца нячаста. Звычайна артысты ўдзельнічаюць дыстанцыйна, адпраўляючы відэазапіс выканання таго ці іншага твора. Допісы ад членаў аўтарытэтнага журы, дыпломы пераможцаў, шчаслівы бляск у вачах дзяцей натхняюць Алену Салавей і яе калег на абнаўленне рэпертуару і сцэнічных касцюмаў, новыя распрацоўкі канцэртных нумароў, аранжыроўкі песень, напісанне музыкі і слоў.

1 верасня ў філіяле пачнецца 41-ы навучальны год. Новых поспехаў!

Анна Анішкевіч
Фота даслала Алена Салавей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.