Серебряный юбилей: 14 июня 1998 открылся Поставский Дом ремёсел «Стары млын»

Культура

Адраджэнне і захаванне традыцыйных промыслаў і рамёстваў свайго рэгіёна — такую задачу ўжо чвэрць стагоддзя паспяхова вырашае Пастаўскі Дом рамёстваў «Стары млын», які, як вынікае з назвы, размясціўся ў будынку былога млына. Яго адкрыццё адбылося 14 чэрвеня 1998 года падчас міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».

— Тады з дапамогай сельскіх работнікаў культуры мы зладзілі выставу членаў клуба «Майстры», створанага некалькімі гадамі раней, — успамінае загадчыца філіяла №1 «Дом рамёстваў «Стары млын» Таццяна Петух. — На ёй было вельмі шмат ткацтва, якое стала адным з першых напрамкаў, што пачалі тут развіваць. Нам падарылі кросны, мы паехалі ў экспедыцыю шукаць заправачныя малюнкі… Побач з ткацтвам адраджалі кераміку і саломапляценне. Раней яно таксама было добра развітае на Пастаўшчыне: былі патомныя майстры, якія плялі капелюшы. Паступова да нас, тагачасных работнікаў Дома рамёстваў, сталі далучацца нашы вучні, якія ў 90-я гады наведвалі гурткі, арганізаваныя для цэнтра занятасці насельніцтва. Яны ўзяліся адраджаць іншыя напрамкі народнай творчасці.

Сёння гэтых напрамкаў тут больш за паўтара дзясятка. Акрамя мастацкага (габелен) і традыцыйнага (на кроснах) ткацтва, саломапляцення і аплікацыі саломкай, актыўна развіваюцца пляценне паясоў, бісерапляценне і ткацтва бісерам, кераміка, розныя віды вышыўкі, вязання і лялькі-цацкі, абрэзкавае шыццё, маляванка, выцінанка, валенне з воўны. Створана калекцыя традыцыйнага народнага касцюма, характэрнага для Паазер’я. Праведзена рэканструкцыя керамічнай музычнай цацкі з фондаў раённага краязнаўчага музея. Чатыры напрамкі народнай творчасці: беларускія практыкі пляцення з саломкі, традыцыйны наіўны жывапіс (інсіта), маляванка Заходняга Паазер’я і выцінанка — уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. І ў нашым «Старым млыне» працуюць майстры, якія з’яўляюцца носьбітамі гэтых традыцый. Двое з іх — Таццяна Петух і Вольга Гукава — маюць званне «народны».

Усяго ў штаце Дома рамёстваў 7 чалавек. Кожны з іх вядзе па 2-3 напрамкі і гурткі для дзяцей і дарослых. Такім чынам традыцыйныя народныя рамёствы перадаюцца наступным пакаленням. Таксама майстры «Старога млына» актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, не раз станавіліся іх прызёрамі. З першых гадоў работы ўстановы рыхтуюць сувеніры для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік».

— Наш фестываль тым і адрозніваецца ад іншых, што ў ім самабытная музыка, самабытныя цымбалы і самабытныя сувеніры, — зазначае Таццяна Мікалаеўна. — Звычайна робім іх каля 200 штук і кожны раз стараемся здзівіць сваімі падарункамі, прыду­маць штосьці новае і арыгінальнае. Сёлета такімі навінкамі будуць саламяныя скрыпічныя ключы і драўляныя магніты з ручным роспісам. Спадзяюся, яны спадабаюцца гасцям, як і лялькі ў народных касцюмах, разнастайныя пано, у якіх спалучаюцца кераміка, ткацтва, аплікацыя саломкай і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.