Чемпионат Беларуси по футболу. ФСК «Поставы»—«Полоцк-2019» — 3:0

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па футболе

ФСК «Паставы»—«Полацк-2019» — 3:0

Гэтым матчам завяршыўся 4-ы тур першынства. Што да астатніх каманд дывізіёна «Віцебскі», то яны гулялі ў суботу. ФК «Міёры» разграміў дома (6:0) глыбачан. Дзеючы чэмпіён — «Газавік» (Віцебск) — на выездзе правёў 4 мячы ў вароты лепяльчан. «Ніва» (Талачын) з лікам 3:2 абыграла «Оршу». Футбалісты «Сянно» з камандай Гарадка зафіксавалі нічыю — 3:3.

Пастаўчане на гэты раз выступілі амаль аптымальным складам. На матч прыйшло шмат гледачоў, якія падбадзёрвалі ігракоў гучнымі апладысментамі. У пачатку гульні нашы часта завалодвалі мячом на полі, але прабіцца на ўдарную пазіцыю сапернік ім не даваў. Ён гуляў на контратаках і мог двойчы вызначыцца. Але наш капітан і варатар Андрэй Чашун адвёў пагрозу ад сваіх варот. Перад перапынкам ФСК «Паставы» ўзмацніў націск. Пасля серыі вострых атак апорны паўабаронца Мікіта Пурлан на 31-й хвіліне здалёк моцна прабіў у вугал варот палачан — 1:0.

У другім тайме нашы актывізаваліся яшчэ больш. Асабліва небяспечнымі былі фланговыя праходы Яўгена Ясюковіча. Яго чарговы ўдар полацкі варатар з цяжкасцю перавёў на вуглавы. У наступнай камбінацыі Яўген даў пас рэзервісту Кірылу Цыўнелю, і той накіраваў мяч у непрыкрытыя вароты. Неўзабаве сапернік вуглавым ударам ледзь не скараціў розніцу ў ліку. Гульня абвастрылася. Пастаўчане стварылі пару галявых момантаў. У канцоўцы капітан палачан Эльвін Аліеў стрэліў у перакладзіну. За 12 хвілін да заканчэння матча нашы паўтарылі фланговую атаку: з перадачы Германа Чаляя паўторна вызначыўся Кірыл Цыўнель — 3:0. Вынік супрацьстаяння быў вырашаны, а перад фінальным свістком наш варатар зноў згуляў бліскуча.

Буйной перамогі на сваім полі дабіліся: Чашун (к), Маршын (Зелянкевіч), Голубеў (Хаткевіч), Хараў, Касенка, Камісарчук (Цыўнель), Рогач, Пурлан (Звяруга), Кабяк (Алейнікаў), Ясюковіч (Чалей), Мядзведзеў (Жылевіч). У актыве ФСК «Паставы» — 6 ачкоў, гульня ў запасе і 4-е прамежкавае месца ў турнірнай табліцы. Услед за двума фаварытамі — «Газавіком» і «Міёрамі» (па 12 ачкоў) — ідуць ФК «Сянно» (8), «Ніва» (6), ФСК «Орша» (4), «Полацк-2019» (3), ФК «Лепель» (3), «Гарадскія львы» (1), ФК «Глыбокае» (0).

Нашу каманду цяпер чакаюць выязныя паядынкі ў Віцебску і Лепелі. Дома яна згуляе 25 чэрвеня з міёрцамі, якія прабіліся ў 1/16 розыгрышу Кубка Беларусі пасля перамогі (3:0) над ФК «Тарпеда» (Бабруйск).

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.