Конфликт 2-х поставских юношей и пенсионера привел к рукоприкладству и криминальному делу

Безопасность

У той дзень шляхі двух пастаўскіх юнакоў і 70-гадовага пенсіянера перасекліся ў магазіне «Копеечка», размешчаным у мікрараёне вуліцы Юбілейнай у райцэнтры. Хлопцы былі нецвярозыя, але, напэўна, яшчэ жадалі дабаўкі, бо засяродзілі ўвагу на вітрыне з півам. Пенсіянер заглянуў у гандлёвую кропку, каб на­быць прадукты харчавання. Але маладыя людзі бесцырымонна загароджвалі сабой праход у гандлёвую залу…

Пажылы чалавек папрасіў юнакоў саступіць яму дарогу. Адзін з іх адразу ж збочыў, а другі — Д., — нават не крануўшыся з месца, кінуў старому: «Можаш абысці!» Гэта пакрыўдзіла мужчыну, і ён зрабіў хлопцу заўвагу, маўляў, нельга так сябе паводзіць. Д. адрэагаваў агрэсіўна і пачаў правакаваць канфлікт. Пенсіянер прыгразіў, што выкліча міліцыю.

На гэтым канфлікт не завяршыўся. Д. першым выйшаў з магазіна, дачакаўся пенсіянера і прадоўжыў вы­святляць з ім адносіны. Абодва размаўлялі на павышаных тонах, размахвалі рукамі. Жанчына, якая праходзіла міма і чула перапалку, параіла хлопцу папрасіць прабачэння ў пажылога чалавека. Але той не прыслухаўся, а, наадварот, распаліўся яшчэ больш і ўдарыў мужчыну кулаком у твар. Пасля рукапрыкладства пацярпелы пазваніў у міліцыю.

У адносінах да Д. была ўзбуджана крымінальная справа па факце здзяйснення злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак, дэманстравалі яўную непавагу да грамадства і суправаджаліся прымяненнем насілля, і назначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1 850 рублёў).

Хочацца верыць, што гэта стане для Д. урокам на ўсё жыццё і ў будучым ён ніколі не дазволіць сабе непаважліва адносіцца да іншых, асабліва да пажылых, не будзе парушаць грамадскі парадак. Ды і многія іншыя маладыя людзі павінны задумацца над сваімі паводзінамі, якія часам бываюць непрадказальнымі.

 Наталля Максімовіч, суддзя суда Пастаўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.