Кто на Поставщине продолжает музыкальные, инструментальные и исполнительские традиции?

Культура

Жывуць традыцыі «дзядоў»

З даўніх часоў вядомая наша Пастаўшчына сваімі музычнымі, інструментальнымі і выканальніцкімі традыцыямі. Яшчэ ў XVIII стагоддзі пры Антоніі Тызенгаўзе ў Паставах дзейнічала інструментальная капэла, у развіццё якой буйны магнат укладваў вялікія сродкі. У 70-я гады ХІХ стагоддзя пры Рэйнальдзе Тызенгаўзе была створана аркестрава-харавая школа, якую ўзначаліў таленавіты музыкант і педагог Пётр Шчука. А ў сярэдзіне ХХ стагоддзя наш край праславіў на ўвесь Савецкі Саюз Груздаўскі народны цымбальны аркестр.

Па ўспамінах старажылаў, любоў да цымбалаў на Груздаўшчыне пайшла ад самабытнага музыканта Лявона Мельца. Ніхто не ведаў столькі старадаўніх мелодый, як ён. Без яго цымбалаў на той час не абыходзіліся ні адно вяселле і ні адна вечарына. Былі там і цудоўныя скрыпачы, гарманісты. Затойваючы дыханне, слухала і назірала за імі моладзь. У канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, гэта моладзь стварыла ў Груздаве самабытны ансамбль, які ў 1958 годзе стаў цымбальным аркестрам. Ён выступаў на буйнейшых пляцоўках СССР. Адораных артыстаў з невялікай вёсачкі часта можна было ўбачыць на экранах тэлевізараў, пачуць па радыё.

Аснову аркестра складалі дыятанічныя цымбалы. Іх вырабляў таленавіты майстар з вёскі Пожарцы Іосіф Новік. Усяго для калектыву ён вырабіў каля 20 унікальных цымбалаў, якія і сёння гучаць на Пастаўшчыне — на іх іграюць музыканты заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамб­ля «Паазер’е» і навучаюцца вучні Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза.

Менавіта «Паазер’е», удзель­нікамі якога з’яўляюцца настаўнікі школы мастацтваў, стала прадаўжальнікам традыцый цымбальнага аркестра, калі ў пачатку 1990-х гадоў адзін за адным пайшлі з жыцця яго найстарэйшыя музыкі. У свой рэпертуар ансамбль узяў мясцовую інструментальную музыку, запісаную ў «груздаўскіх дзядоў» і іншых музыкаў пастаўскага рэгіёна. Акрамя таго, па ініцыятыве кіраўніка калектыву Анатолія Собаля, які раней іграў у аркестры, а потым узначальваў яго, у 1986 го­дзе ў Пастаўскай ДШМ быў адкрыты клас дыятанічных цымбалаў і ўпершыню ў рэспубліцы ў вучэбную праграму ўведзена народная музыка Пастаўшчыны. Гэты клас вядзе дачка знакамітага груздаўскага цымбаліста Ванда Мацкевіч. Яна навучае дзяцей так, як калісьці вучыў яе бацька, — «з рук». У тым жа годзе ў школе быў створаны дзіцячы фальклорны ансамбль «Пастаўскія цымбалісты», які працягвае музычныя традыцыі папярэдніх пакаленняў.

Алена Шапавалава
Фота з архіва Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.