Праздник улицы Юбилейной прошёл в прошлое воскресенье в Поставах

Культура

Канец верасня — гэта не толькі час заканчэння збору ўраджаю, але і пара завяршэння свят па месцы жыхарства, якія на працягу ўсяго лета ладзілі работнікі культуры. Пракаціўшыся па шэрагу вёсак і раёнаў горада, яны фінішавалі ў нядзелю ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай, дзе на пляцоўцы перад СШ 1 сабраліся і малыя, і старыя.

Юбілейная — адна з нямногіх вуліц у Паставах, якая за адносна невялікі час так моцна змянілася. За 44 гады з балота яна ператварылася ў сучасны, добраўпарадкаваны мікрараён з развітай інфраструктурай. Асабліва заўважныя змены адбываюцца ў апошнія дзесяцігоддзі. Так, з 2009 па 2015 год тут вырас цэлы раён новабудоўляў: былі здадзены ў эксплуатацыю адзін 80-кватэрны і шэсць 60-кватэрных дамоў, у якіх добраўпарадкаванае жыллё атрымалі 440 сем’яў. Сёлета пачалося ўзвядзенне 40-кватэрнага энергазберагальнага дома. Уручыць навасёлам ключы ад кватэр у ім плануецца к Новаму году. Згодна з планам, будуць пабудаваны яшчэ 14 дамоў, аснашчаных ліфтамі. Акрамя таго, з’явяцца новыя дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр, баскетбольная пляцоўка са штучным пакрыццём, іншыя аб’екты. Намнога вырасце і колькасць насельніцтва.

Ну а пакуль на свяце гаварылі пра тых, хто цяпер пражывае на Юбілейнай. Многія з іх, як, напрыклад, Ганна Рамановіч, Яніна Яльмеева, Валянціна Заўялава, Ганна Саковіч, Часлава Мацур, Людміла Рабаконь, Наталля Булавінцава і Вольга Мышко, з’яўляюцца старажыламі, ма­юць унушальны жыццёвы багаж. Нямала ў мікрараёне і годных сем’яў, якія могуць стаць прыкладам для маладога пакалення. Сярод такіх Пётр і Соф’я Жук, Яўгеній і Ганна Янушы, Уладзі­мір і Тамара Астапковічы, Алег і Наталля Вансовічы, Міфодзій і Глафіра Аўласы, Казімір і Ірына Півавары, Іван і Іна Радкевічы.

Несумненна, варта раўняцца і на маладыя шматдзетныя сем’і. Самая вялікая з іх не толькі на Юбілейнай, але і ва ўсім раёне — сям’я Пісарык, у якой выхоўваецца ажно восем уласных дзяцей. Найменшы сыночак Кацярыны і Віталія — Саша — нарадзіўся 9 верасня і пакуль з’яўляецца самым юным жыхаром мікрараёна. Па чацвёра дзяцей у сем’ях Панковых, Аўджан, Галінь і Галазубец.

Усе, каго запрашалі да сцэны, атрымалі ў падарунак кветкі і апладысменты прысутных, а таксама мастацкія віншаванні ад народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус», узорных цыркавой студыі «Каскад» і вакальнай студыі «Юніта», Вольгі Балотнікавай і выхаванцаў дзетсада №1. Парадавалі жыхароў мікрараёна і Пётр Жук і Наталля Карнілава. Яны прачыталі вершы. Прычым Наталля Яўгеньеўна (у дзявоцтве Януш) — уласнага сачынення, прысвечаныя бацькам і роднай Юбілейнай.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.