Неделя молодежи и студенчества проходит с 19 по 25 июня под лозунгом «Moladz.by: ценим мир, создаем будущее!»

Общество

У Беларусі стала ўжо традыцыяй напярэдадні свята ўсіх маладых і няўрымслівых ладзіць рэспубліканскі Тыдзень моладзі і студэнцтва, дні якога з’яўляюцца тэматычнымі і напоўненыя мерапрыемствамі рознай накіраванасці. Сёлета Тыдзень праходзіць з 19 па 25 чэрвеня пад лозунгам «Moladz.by: цэнім мір, ствараем будучыню!»

На Пастаўшчыне ён стартаваў з пасяджэнняў маладзёжных інфармацыйных груп у форме адкрытага дыялогу. Адзін такі дыялог адбыўся ў райвыканкаме, і яго спікерам выступіла галоўны рэдактар рэдакцыі праграмы тэлебачання «Паставы ТБ» Юлія Лазікевіч. Яна расказала пра работу сваёй установы, зрабіўшы акцэнт на асвятленні рэалізацыі ў раёне маладзёжнай палітыкі. А першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова пазнаёміла прысутных з мерапрыемствамі Тыдня моладзі і студэнцтва, дасягненнямі і магчымасцямі рэспубліканскага мала­дзёжнага саюза. Падчас адкрытага дыялогу ў СШ №3 мала­дзёжныя лідары раёна абмеркавалі з навучэнцамі напрамкі дзейнасці райкама і ўручылі білеты новым членам арганізацыі.

Аўторак прайшоў пад дэвізам #Дзень_міру, у рамках якога адбылася валанцёрская акцыя «У імя міру і дабра». Актывісты РК БРСМ наведалі Сацыяльна-педагагічны цэнтр Пастаўскага раёна: правялі для яго выхаванцаў забаўляльную праграму і ўручылі падарункі. Падарылі іх і дзецям, якія навучаюцца дома.

Серада была днём стваральнай працы. Яго асаблівасцю стала правядзенне кірмашу беларускіх студэнцкіх атрадаў і працоўнай акцыі «ЗаДело». Яе ўдзельнікі — навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа — добраўпарадкавалі месцы пахаванняў савецкіх салдат і мірных жыхароў, загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны: абкасілі і прыбралі траву і смецце, падфарбавалі помнікі.

22 чэрвеня — у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — моладзь Пастаўшчыны правяла мітынг-рэквіем у вёсцы Кашыцы. Каля помніка на магіле забітых фашыстамі мірных жыхароў устанавілі таблічку з QR-кодам і запалілі 100 свечак, састаўленых у выглядзе лічбы 22.

Пятніца стала днём спорту. У гэты дзень вучнёўская і працоўная моладзь прыняла ўдзел у масавых спартыўных мерапрыемствах. Адным з іх з’яўляецца раённы турыстычны злёт, які пачаўся ўчора на СТК «Азёркі». Таксама пастаўчане падтрымалі агульнарэспубліканскую мала­дзёжную эстафету «Народная зарадка».

Сёння ладзіцца анлайн-віктарына па гісторыі Беларусі і Пастаўшчыны, пра якую абвясцілі ў папулярных сацыяльных сетках. Паўдзельнічаць у ёй можа любы ахвотны, а пераможцу чакае каштоўны падарунак.

Вынікі Тыдня моладзі і студэнцтва падвядуць заўтра ў Азёрках. Маладзёжныя лідары ўручаць граматы райкама БРСМ удзельнікам турзлёту, арганізуюць на спартыўна-турыстычным комплексе сваю выставу і правядуць акцыю «Роднае — народнае».

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.