Полуторамесячная засуха отрицательно сказалась на производстве молока. Как преодолевают испытания жарой животные и животноводы?

Важное Сельское хозяйство

Паўтарамесячная засуха адмоўна адбілася на вытворчасці малака. Карэспандэнт «ПК» пабывала на пашы некаторых гаспадарак і пацікавілася, як пераадольваюць выпрабаванні спёкай жывёла і жывёлаводы.

У адным ланцужку

Чатыры гадзіны раніцы. Пастухі аднаго з гуртоў старадворскай фермы ААТ «Навасёлкі-Лучай» Мікалай Шык і Аляксей Бугай абышлі статак са 160 кароў, агледзелі жывёлу. Напярэдадні вечарам прайшоў невялікі дождж, і каровы, стаміўшыся ад невыноснай спёкі, ноччу добра адпачылі. Не заўважыўшы нічога незвычайнага, мужчыны ўзяліся распальваць палявую печку, каб да прыезду аператараў машыннага даення паспела нагрэцца вада. Яна патрэбна для таго, каб памыць каровам вымя, аператарам — рукі, а пасля заканчэння дойкі — посуд.

Неўзабаве пачуўся рокат трактара. Механізатар Іван Лешчык прывёз аператараў і камбікорм. Ажывіўся і статак: каровы чакалі смачнага камбікорму і гатовы былі аддаваць малако, якое сабралася за ноч.

Павітаўшыся, усе распачалі работу: Іван Лешчык падключыў перасоўную дойку, аператары Надзея Карнілава, Валянціна Пупенка, Святлана Гродзь і падменны Алег Дулінец (старшы аператар Алена Врублеўская была на выхадным) насыпалі камбікорм у кармушкі, а каровы выстройваліся ў чаргу да клетак з даільнымі апаратамі. Праз некалькі хвілін Аляксей Бугай ужо прымаў першы ўдой і пераліваў малако з вёдзер у спецыяльную бочку.

— Утрыманне кароў на пашы круглыя суткі мае свае плюсы і мінусы, — гаварыла галоўны заатэхнік ААТ «Навасёлкі-Лучай» Вольга Рогава. — Свежае паветра станоўча ўздзейнічае на здароўе жывёлы. Усяго ў нас пасвіцца  7 гуртоў гаспадаркі: па 1 з навасёлкаўскай і курдоўскай ферм, 2 — з лучайскай і 3 — са старадворскай.

Да пашавага перыяду на сельгаспрадпрыемстве падрыхтаваліся дасканала: адрамантавалі перасоўныя дойкі, падкармілі пашу, распрацавалі схемы яе выкарыстання, падабралі пастухоў. Ад старання апошніх у многім залежаць надоі. За суткі ім прыходзіцца да 5 разоў пераносіць электраагароджу і пераганяць статак у новую «сталовую».

Спёка, адсутнасць ападкаў адмоўна адбіліся на вытворчасці малака. У пачатку пашавага перыяду, калі трава была маладая і сакавітая, прыбаўка да адпаведнага перыяду мінулага года ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» складала каля 2 кілаграмаў. Цяпер тут надойваюць амаль на кілаграм менш, чым у такі час летась. Засуха на многіх палях «размалявала» пашу жоўтымі фарбамі, трава, асабліва на пясчаных землях, тарфяніках, павыгарала плямамі, а тая, што засталася, страціла свае пажыўныя якасці.

— Збалансоўваем рацыён за кошт камбікорму, — расказвала Вольга Рогава. — На суткі карова атрымлівае яго па 300 грамаў на надоены літр. У полі ёсць як рассыпная соль, так і лізунец. За гуртамі замацаваны пастаянныя механізатары, якія дастаўляюць у поле даярак, адвозяць малако і падвозяць ваду ў разліку 100-120 літраў на карову на суткі — больш за 20 тон на гурт. Жывёлу ў пачатку пашавага перыяду апрацавалі спецыяльным растворам для адпуджвання аваднёў. Плануем зрабіць гэта паўторна. Працуем у адным ланцужку: за надоі адказныя ўсе работнікі. Таму яны і стараюцца не дапусціць іх зніжэння.

Любыя цяжкасці – часовыя

Ноччу з панядзелка на аўторак у Кураполлі нарэшце прайшоў спорны дождж. Ад гэтага нават палепшыўся настрой у аператараў машыннага даення комплексу. Ранішняя дойка заканчвалася, і яны весела гаманілі паміж сабой, жартавалі.

— Свежае пасля дажджу паветра і на кароў станоўча паўздзейнічала, — гаварылі. — Яны ноччу спакойна ляжалі, раніцай ужо паспелі паскубаць пакрытай вільгаццю травы. Здаецца, што і сасмяглая паша пачала зелянець.

Аператары комплексу, якія абслугоўваюць гурт, што пасвіўся каля Кураполля, вопытныя. Па шмат гадоў працуюць тут Рэната Ляўша і Рэната Махрэцкая. Яны пастаянна дабіваюцца высокіх надояў у замацаваных за імі групах. Ларыса Барадай выйшла з водпуску па доглядзе дзіцяці і пакуль дае выхадныя. Падменнай месяц таму прыйшла і Сняжана Кірылава, але ўжо адчувае сябе тут сваёй.

— Абавязкова пахваліце нашага пастуха Анатоля Фрэдара, — гаварылі жанчыны. — Прыяз­джае да нас з Відзаў. Стараецца. Каровы заўсёды дагледжаныя. Не лянуецца кантраляваць паяданне каровамі травы, мяняць месцы для выпасу, правярае наяў­насць вады і солі, дапамагае нам пераліваць малако ў бочку. Ваду рэгулярна падвозіць механізатар Аляксандр Гузноў. Вось так разам і здабываем малако. Нялёгка! А якое выйсце? Верым, што любыя цяжкасці — часовыя.

Эдуард Януковіч, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама: Сёлета сярэдні надой ад каровы за дзень перавысіў 17 кілаграмаў. Валавая вытворчасць перавышае 200 тон.  Раён знаходзіцца на трэцім месцы ў вобласці па надоях малака (наперадзе Віцебскі і Аршанскі).

Зацяжная засуха і спёка сталі сапраўдным выпрабаваннем. Там, дзе пашы перазалужылі з большым складам бабовых, травы лепшыя, а злакавыя — павыгаралі. Больш стабільныя надоі атрымліваюць на комплексах. На круглагадовым стойлавым утрыманні ў раёне знаходзяцца толькі 3 313 кароў, 8 700 — на пашавым. Сёлетнім летам цяжка і жывёле, і жывёлаводам. Таму вялікія на­дзеі ўскладваем на дажджы, якія пакрыху праходзяць у розных месцах раёна. Магчыма, дзякуючы ім удасца спы­ніць абмяленне малочных рэк. А перспектыву жывёлагадоўлі бачым у будаўніцтве новых сучасных ферм. Актыўна ў гэтым напрамку вядуцца работы на ферме малочнага завода ў Бакавічах, распачалі будаўніцтва ў Пагарцах ААТ «Навасёлкі-Лучай» і ў Кураполлі ААТ «Кураполле-агра».

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.