Поставчанка Лариса Федоренко создает эксклюзивные вязаные вещи

Важное Общество

Захапляюся рукадзельніцамі, сачу ў сацыяльных сетках за творчасцю знаёмых і незнаёмых майстрых. Вось і на старонку ў «Інстаграме» пастаўчанкі Ларысы Федарэнкі час ад часу заходжу, любуюся звязанымі ёй новымі рэчамі. Месяц-паўтара назад яна зрабіла такі запіс: «Працэс прадаўжаецца. Праўда, не так хутка, як зімой. Вясна, сонейка, агароды… Але не пакідаю свой любімы занятак. Вечары праходзяць творча».

Напрасілася на сустрэчу з рукадзельніцай, каб убачыць яе вырабы ўжывую, распытаць, як прыйшло захапленне.

— Вязанню, а таксама кройцы і шыццю нас вучылі на ўроках працы ў школе, — расказвала жанчына. — Я нават пашыла сабе сукенку на выпускны баль. Потым, ужо выйшаўшы замуж, яшчэ і курсы кройкі і шыцця закончыла.

Яе студэнцтва прыпала на час неймавернага дэфіцыту ў краіне як прадуктовых, так і прамысловых тавараў. А так хацелася прыгожа апранацца! І ў Ларысы гэта атрымлівалася дзякуючы ўменню шыць і вязаць. Такіх эксклюзіўных рэчаў, як у яе, ніхто з аднакурсніц не меў. Зай­здросцілі!

Асабліва захапілася вязаннем. Нарадзіўшы дачушку, стала вязаць і для малой. Дзяўчынка падрастала — мама вырабляла для яе новыя кофтачкі, спаднічкі, сукенкі. Не пакідала без абноў і мужа, сына, пазней — унука. Зараз любімая мадэль — чатырохгадовая ўнучка Саша. Праўда, жыве яна з мамай і татам далёка — у Польшчы. Але пры сучасных тэхналогіях гэта не стала перашкодай для цёплых, няхай сабе і віртуальных, зносін. А колькі радасці дзяўчынцы, калі бабуля прыязджае ў госці і абавязкова прывозіць ёй звязаныя абновы!

— Я перфекцыяністка, — прызналася майстрыха. — Калі ў працэсе вязання заўважаю ў рэчы які-небудзь агрэх, без шкадавання распускаю яе і вяжу наноў. Мае вырабы павінны быць якаснымі! А ўвогуле для нас, аматараў вязання, зараз неабмежаваныя магчымасці: у інтэрнэце можна знайсці майстар-класы, у магазінах — мноства разнастайных якасных нітак, ёсць выбар пруткоў, не тое што пры ранейшым дэфіцыце.

На пенсію Ларыса Віктараўна пайшла з пасады дырэктара райбыткамбіната. Але працуе і зараз — таваразнаўцам магазіна «Суседзі». «А як знаходзіце час на вязанне?» — пытаюся ў яе. «Калі ёсць жаданне штосьці рабіць, паспееш усюды, — чую ў адказ. — Марнаваць час упустую — гэта не пра мяне. Люблю вязаць пад інструментальную музыку. Іншы раз так захаплюся, што да поўначы прасяджу за работай. Пачаўшы працэс, хочацца як найхутчэй убачыць яго вынік».

У пачатку года Ларыса Федарэнка адзначыла свой юбілей. «Ведаеце, які падарунак стаў для мяне самым каштоўным? — дзялілася. — Цудоўны набор пруткоў з асаблівай сталі індыйскай вытворчасці. Падарылі дзеці. Ведаюць, што патрэбна маме!»

Новыя пруткі адразу ж былі задзейнічаны: майстрыха звязала чарговую абнову для любімай унучкі.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.