Социальные няни Ольга Саулявичене и Юлия Борисенко помогают многодетным родителям

Важное Общество

Сынам Сяргея і Юліі Ліпніцкіх Уладзіку і Рому споўнілася 10 і 8 гадоў адпаведна, калі нарадзіліся Ксенія і Ліза. Вядома, бацькі трывожыліся, як справяцца з двайнятамі. У сацыяльнай службе ім прапанавалі паслугу няні.

— Хоць я досыць камунікабельная, думала: як пусціць чужога чалавека ў сваю сям’ю? — расказвала Юлія. — Але і адной, пакуль муж на рабоце, было няпроста. І мы вырашылі прыняць дапамогу дзяржавы.

Няня да Ліпніцкіх прыходзіла пяць дзён на тыдзень амаль на працягу года, а потым звольнілася па сямейных абставінах. У ТЦСАН сям’і прапанавалі замену — Вольгу Саулявічэне.

— З Вольгай Мікалаеўнай з першага знаёмства пранікліся ўзаемнай прыязнасцю, — дзялілася мама дзяўчынак. — Яна прыветная, мілая, добразычлівая, хутка стала для мяне сяброўкай і на­дзейнай памочніцай. Дачушкі ўсміхаліся, як толькі яна пераступала парог пакоя, цягнулі да яе ручкі. А цяпер ужо бягуць ёй насустрач. Сацыяльная няня нас вельмі выручае.

Вольга Саулявічэне прывыкла пра некага клапаціцца: выхавала дачку, мае амаль дарослага ўнука, доўгі час даглядала хворую маці. А калі тая памерла, не ведала, чым запоўніць пустэчу. Уладкавалася ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН і ў адзінокіх бабулях знаходзіла заспакаенне.

— Малых дзетак вельмі люблю, — расказвала Вольга. — А двайняткі — асаблівае замілаванне. Таму прапанову пайсці няняй прыняла адразу. Мае першыя падапечныя, якіх даглядала да ўзросту трох гадоў, ужо пайшлі ў дзіцячы сад, і я ўладкавалася да Сяргея і Юліі Ліпніцкіх. Якія яны цудоўныя бацькі! Менавіта такім і быць мнагадзетнымі!

У яшчэ адной няні ТЦСАН, Юліі Барысенкі, старэйшаму сыну 23 гады, малодшаму — 9. Чатыры гады таму яна ўладкавалася на работу ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

— Вельмі хвалявалася, калі ішла працаваць няняй, — успамінала Юлія Барысенка. — Думала: як спраўлюся? Гэта ж чужыя дзеці, патрабавальныя мамы. Але кантакт знайшла лёгка. Хлопчыкам-двайняткам ужо па тры гады, яны наведваюць садок, а я дапамагаю яшчэ адной сям’і. Можа, таму, што ў самой сыны, займацца з хлопчыкамі прасцей.

Усяго ў ТЦСАН працуюць 9 сацыяльных нянь. Яны замацаваны за сем’ямі, у якіх выхоўваюцца двайняты да трох гадоў або дзіця з інваліднасцю. Суправаджаць мам з дзеткамі ў паліклініку, дапамагаць кар­міць, пераапранаць, выводзіць на прагулку, даваць вольны час бацькам на вырашэнне пытанняў — вось асноўныя абавязкі няні. У падапечных яна праводзіць 4 гадзіны на дзень, а на тыдзень — 20.

Юлія Ліпніцкая з Вольгай Саулявічэне самі карэкціруюць графік наведвання. Загадзя дамаўляюцца: напрыклад, сёння трэба прыгледзець за дзяўчынкамі раніцай, заўтра — бліжэй к абеду ці вечарам. Вольга Мікалаеўна гатовая заўсёды. Яе любяць Уладзік і Рома.

— Нараджэнне двайнят або трайнят для бацькоў, безумоўна, падвоенае або патроенае шчасце. Але і вялікая нагрузка, — гаварыла загадчыца аддзялення дапамогі дома ТЦСАН Іна Вырвіч. — Дзяржава аказвае такім сем’ям бясплатную паслугу сацыяльнай няні да дасягнення дзецьмі трох гадоў, а калі дзіця мае інвалід­насць — то да 18-і. Наняць сацыяльную няню могуць і бацькі, якія маюць I або II групу інваліднасці (нават калі групу мае адзін з іх). Падрабязная інфармацыя  — у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.