В Поставском ТЦСОН работает контакт-центр «Служба спасения от одиночества»

Общество

Ад адзіноты выратуе званок

На працягу чатырох гадоў на базе дзённага аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН у Паставах працуе кантакт-цэнтр «Служба выратавання ад адзіноты». На сувязі з пажылымі ў будныя дні знаходзіцца спецыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Дробышава. Пажылыя грамадзяне тэлефануюць ёй з просьбай дапамагчы вырашыць тое ці іншае пытанне, а часта — проста падзяліцца набалелым, пачуць парады і словы падтрымкі.

— Шмат званкоў атрымліваю ад адзінокіх, людзей з інваліднасцю, у якіх вельмі абмежаванае кола зносін, — гаварыла Аксана Вячаславаўна. — Многім тэлефаную сама. У спісе сотні чалавек, прысвяціць кожнаму шмат часу не атрымліваецца. Таму пры падтрымцы кіраўніцтва цэнтра мы распачалі акцыю «Заўжды на сувязі». Адказваць на званкі, у тым ліку і ў выхадныя дні, будуць 15 валанцёраў нашага дзённага аддзялення. Мабільны тэлефон, які мы спецыяльна набылі для акцыі, яны будуць перадаваць адно аднаму. Важна і тое, што цяпер наша служба падтрымкі не «прывязаная», як раней, да гарадскога тэлефона. Валанцёры адкажуць, нават калі не будуць знаходзіцца дома.

Калі вы маеце патрэбу пагаварыць з валанцёрамі ТЦСАН, тэлефануйце да 18.00 на нумар 8(029)318-41-36.

У добрую справу ўключылася і пастаўчанка Алена Фадзеева. Яна ведае, як знайсці да лю­дзей падыход, бо мае вопыт зносін з імі: набыла яго, калі была пасланцом групы «Новае аблічча парафіі» касцёла Святога Антонія Падуанскага. Разносіла па кватэрах інфармацыйныя лісткі, а цяпер арганізуе вернікаў для касцельных мерапрыемстваў. Актыўна ­ўдзельнічае ў жыцці аддзялення дзённага знаходжання, наведвае разнастайныя гурткі.

— Калі па парафіяльных справах хадзіла да пажылых людзей, адчувала: многім з іх не стае душэўных размоў, — гаварыла Алена Уладзіміраўна. — Таму і вырашыла стаць валанцёрам новай акцыі, якая, упэўненая, стане доўгатэрміновай.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.