«Золотое кольцо» Камайщины: предлагаем повторить маршрут велопутешествия по историческим местам

Важное Спорт и туризм

Усе дарогі вядуць да гісторыі

Едзем на веласіпедзе па «Залатым коле» Камайшчыны

Чым цікавы турыстам гэты самабытны куток пастаўскага краю? Многія, адказваючы на дадзенае пытанне, узгада­юць унікальны камайскі касцёл абарончага дойлідства, пабудаваны ажно 416 гадоў назад, сядзібу мастака Альфрэда Ромера ў Каралінове. І будуць мець рацыю, бо названыя славутасці вядомыя не толькі ў раёне, але і па-за яго межамі.

Аднак ёсць на Камайшчыне і шэраг іншых мясцін — не такіх папулярных, але не менш цікавых. Шмат пра іх можа раска­заць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Камайскай СШ Вераніка Ахрановіч, якая разам са сваімі вучнямі распрацавала 45-кіламетровы веласіпедны маршрут пад назвай «Залатое кола Камайшчыны». Пралягае ён праз вёскі Трапшавічы, Мягуны, Субачы, Радуту, Палхуны, Гурніцу, Саранчаны, Схоліна, Лопуці, Лодасі, Лапуны, Гвоздавічы і іншыя. Вандроўка разлічана на дзень. І падчас яе можна…

Палюбавацца возерам і з сумам узгадаць сядзібу

Саранчаны ў многіх жыхароў Пастаўшчыны асацыіруюцца з маляўнічым возерам, якое знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы. Яно «перажыло» нямала гістарычных падзей. Для пэўных ваенных мэт праз неглыбокае возера нават хацелі пракласці дарогу, але распачатыя работы не былі завершаны.

Недалёка ад возера ёсць два курганы, а ў самой вёсцы — два старажытныя паселішчы. А вось сядзібна-паркавы ансамбль былых уласнікаў гэтых мясцін Канткоўскіх, на жаль, не захаваўся. Вялікі дом з лістоўніцы, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. у стылі класіцызму, не захаваўся — быў спалены падчас Другой сусветнай вайны. Хаця яшчэ ў 1938 годзе гэты драўляны палац з амаль 400-гадовай гісторыяй быў прыдатны для пражывання. Пра былую веліч ансамбля сёння нагадваюць рэшткі скляпенняў гаспадарчых пабудоў.

Так выглядала сядзіба Канткоўскіх у Саранчанах у 30-я гады ХХ стагоддзя

Наведаць 240-гадовую капліцу ў Мягунах

Яе фундатары — паны Чаховічы, якія мелі свой маёнтак паміж азёрамі Вялікія і Малыя Сурвілішкі. У савецкі час капліца знаходзілася ў занядбаным стане, аднак дзякуючы руплівасці ксяндза Яна Шуткевіча і мясцовых жыхароў у 90-я гг. ХХ ст. яна была адноўлена. У 2004-м вернікі ўрачыста адзначылі 220-годдзе з моманту яе ўзвядзення.

Узгадваючы пра Мягуны, нельга не назваць і такі дзіўны факт: у 1615 годзе тут адбылася расправа на вогнішчы з мяркуемай ведзьмай і яе «паплечнікамі».

Спатоліць смагу крынічнай вадой

Пра крыніцу ля былой вёскі Схоліна ведаюць у асноўным мясцовыя жыхары. Знаходзіцца яна за 300 метраў ад яшчэ адной сцёртай з зямлі часам сядзібы — на гэты раз пана Сарокі, які гаспадарыў тут у даваенны час. У месцы выхаду падземнай вады маецца паглыбленне дыяметрам каля 3 метраў і глыбінёй да 0,8 метра. На пясчаным дне б’е моцны грыфон, побач — шмат невялікіх. Вада крыштальна чыстая (гэта пацверджана лабараторна), мае прыемны смак. Не так даўно Вераніка Ахрановіч і яе вучні добраўпарадкавалі гэта маляўнічае месца, устанавілі тут знакі, якія падказваюць турыстам, у які бок ехаць да крыніцы. Яна, дарэчы, адна з самых адметных на Пастаўшчыне і па ўсіх крытэрыях адпавядае помніку прыроды.

Убачыць арыгінальны помнік Першай сусветнай вайны

На ўсходняй ускраіне вёскі Лопуці знаходзіцца пахаванне салдат — ахвяр Вялікай вайны. Верагодна, яно было пры адным са шпіталяў 115-й пяхотнай дывізіі, які ў гады Першай сусветнай знаходзіўся ў в. Лопуці.

У цэнтры могілак стаіць помнік у выглядзе крыжа з суцэльнага каменю. Яго вышыня каля 3,5 метра, у верхняй частцы высечана выява Тэўтонскага ордэна. Па перыметры захаваліся фрагменты невысокай каменнай агароджы, бетонныя слупы. Засталося і некалькі дзясяткаў надмагільных пліт.

Падзівіцца з Вялікага каменя Лодаскага

Ён знаходзіцца прама ў возеры Лодасі і мае ўнушальныя памеры: 3,30 х 3,10 х 1,65 м. Гэта вялізная камлыга важыць каля 24 тон, яна прынесена ледніком са Скандынавіі прыблізна 20-17 тысяч гадоў назад у час паазерскага абледзянення. Яшчэ ў другой палове ХХ ст. камень меў культавае значэнне — яму пакланяліся.

Ёсць на маршруце і іншыя славутасці. Калі вас зацікавіў варыянт такога падарожжа, заходзьце на сайт райгазеты — там у аднайменным матэрыяле ёсць падрабязнае апісанне маршруту.

Па матэрыялах Веранікі Ахрановіч і Ігара Пракаповіча падрыхтавала Іна Сняжкова
Фота з адкрытых крыніц



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.