Чем рискуют инвалиды и многодетные, помогая «перекупам» растаможить авто по льготам?

Безопасность

У мінулую пятніцу супрацоўніца Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прынесла ў рэдакцыю аб’яву, знятую з дзвярэй пад’езда аднаго з дамоў па вуліцы Юбілейнай. У ёй значылася: «Материальная помощь для многодетных родителей, для людей с инвалидностью I, II груп» і ўказваўся нумар мабільнага тэлефона. Жанчына папрасіла: «Напішыце ў газеце, што сацыяльная служба не мае ніякага дачынення да такіх аб’яў, а ў людзей, хто паквапіцца на такую дапамогу, могуць узнікнуць немалыя праблемы».

Нібыта ад імя інваліда набіраю ўказаны ў аб’яве нумар. Цікаўлюся, як атрымаць дапамогу. Субяседнік тлумачыць, што з’яўляецца прадстаўніком прыватнай арганізацыі, якая пастаўляе ў Беларусь аўтамабілі і прычэпы. На пытанне, якой канкрэтна, адказвае, што гэта не мае значэння, і я здагадваюся, што дзейнічае ён сам па сабе. Вельмі пераканаўча тлумачыць мне, што наша «супрацоўніцтва» будзе выгадным. А для гэтага патрабуюцца ўсяго толькі натарыяльна завераная даверанасць на набыццё нібыта для сябе аўтамабіля і мае асабістыя дакументы. Па даверанасці ён купіць за мяжой машыну, растаможыць яе, прыгоніць сюды і зноў жа ад майго імя прадасць яе. Я за сваю паслугу атрымаю матэрыяльную дапамогу.

Сутнасць заключаецца ў наступным. У красавіку 2019 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ №140 «О возмещении таможенных пошлин, налогов». Ім уведзена 50-працэнтная скідка для інвалідаў I і II груп, а таксама мнагадзетных бацькоў за растаможванне аўтамабіляў, якія яны набываюць для сябе за мяжой. Такая скідка можа быць прыменена ў адносінах да аднаго аўтамабіля раз на год.

Але далёка не ўсе з гэтай катэгорыі людзей імкнуцца, а тым больш маюць магчымасць ку­піць сабе нятанны замежны транспартны сродак. Вось тут і ажывіліся перакупшчыкі, якія знаходзяць ільготнікаў, дамаўляюцца з імі на здзелку і дзейнічаюць ад іх імя. Несумненна, з іх ліку і грамадзянін, які размясціў завуаліраваную аб’яву, і не адну.

Скажаце, хто ж супраць таго, каб зарабіць, нават калі сума «матэрыяльнай дапамогі» складзе 100—300 долараў. Аднак варта задумацца і над наступствамі такога «заробку». Вось што мне расказала загадчыца ТЦСАН Марыя Кісялёва: «У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №41 ад 19 студзеня 2012 года, мнагадзетным сем’ям і інвалідам I і II груп у выпадках, калі іх сярэднедушавы даход ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму, выплачваецца адрасная сацыяльная дапамога на набыццё прадуктаў харчавання, лякарстваў, адзення і абутку, школьных прылад. Дык вось, ёсць нямала выпадкаў, калі грамадзяне гэтай катэгорыі не могуць прэтэндаваць на такую дапамогу. З той прычыны, што па дакументах «прадалі» машыну, прыгнаную з-за мяжы, і «атрымалі» выручаныя за яе грошы. Такім чынам іх даход «павялічыўся», і яны страцілі права на адрасную сацыяльную дапамогу. Дык ці варта ўдзельнічаць у транспартнай здзелцы?»

Узнікаюць пытанні ў прадстаўнікоў падатковай інспекцыі. Чалавек атрымлівае невялікую пенсію па інваліднасці або мнагадзетныя ­бацькі — дапамогу на дзяцей, ім выдзялялі адрасную сацыяльную дапамогу. І раптам купляе за мяжой дарагую машыну. Усё гэта пацверджана дакументальна. Дзе ўзяў сродкі? Калі іх зарабляў нейкім невядомым чынам, чаму не плаціў падаткі?

Вывад адзін: задумайцеся над тым, у чым вы выйграеце ў сумніўнай здзелцы, а ў чым — прайграеце. Гэта, безумоўна, не датычыць перакупшчыкаў: яны заўсёды ў выйгрышы.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.