Ежегодно в ОАО «Новоселки-Лучай» в период между кормозаготовкой и жатвой проводится праздник

Важное Сельское хозяйство

Кожны год, за выключэннем, калі была пандэмія, у ААТ «Навасёлкі-Лучай» у перыяд паміж корманарыхтоўкай і жнівом ладзіцца свята. На ім падводзяць вынікі работы за першае паўгоддзе. На гэта мерапрыемства ахвотна ідуць ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці, маладыя і вопытныя работнікі гаспадаркі.

У суботу ў цэнтральны парк вяскоўцаў і гасцей вабілі вясёлая музыка, водар шашлыкоў і наварыстай юшкі, якую прапаноўвалі прадстаўнікі рыбгаса «Навінкі», розныя атракцыёны для дзяцей, а таксама жаданне сустрэчы з калегамі, сябрамі. Людзі ішлі сем’ямі. Было шмат моладзі. Яно і не дзіўна: калектыў пастаянна папаўняецца маладымі механізатарамі, вадзіцелямі, жывёлаводамі.

Узнагароды – найлепшым

Большасць работнікаў сельгаспрадпрыемства дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў на сваіх рабочых месцах і на свяце атрымліваюць узнагароды і грашовыя прэміі.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. Ён расказаў пра вынікі работы гаспадаркі за першае  паўгоддзе і заахвоціў самых старанных.

Шмат шчырых слоў адрасаваў людзям працы старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён з цеплынёй успамінаў былога старшыню калгаса Алега Валодзьку, які быў для Сяргея Васільевіча, як ён сам прызнаўся, чалавекам з вялікай літары і выдатным настаўнікам. Кіраўнік раёна па­дзякаваў ветэранам за той уклад, якія яны ўнеслі ў станаўленне гаспадаркі. А імкненне Юрыя Шымчыка пастаянна развівацца, удасканальвацца паставіў у прыклад іншым кіраўнікам. Падкрэ­сліў, што трэба ладзіць такія святы, ушаноўваць работнікаў.

— ААТ «Навасёлкі-Лучай» — адна з найлепшых гаспадарак у раёне, вобласці ды і рэспубліцы, — гаварыў Сяргей Чэпік. — Тут найбольшае пагалоўе жывёлы. Абнаўляюцца малочнатаварныя фермы, машынна-трактарны парк, вядзецца будаўніцтва розных вытворчых аб’ектаў. У планах — прадоўжыць узвядзенне жылля. У гаспадарцы існуе пераемнасць пакаленняў, тут застаюцца жыць і працаваць маладыя кадры. І ў гэтым заслуга Юрыя Францішкавіча.

З падарункамі прыехаў на свята першы намеснік дырэктара малочнага завода Георгій Касцень.

— З ферм вашай гаспадаркі на наша прадпрыемства кожны дзень паступае больш за 40 тон малака, — гаварыў ён. — Гэта 10-я частка ад агульнай колькасці. Уся прадукцыя высокай якасці, у асноўным сорту «экстра». Таму ад імя завадчан дзякуй вам за шчырую працу. Жадаю новых дасягненняў!

Георгій Касцень уручыў падарункі Юрыю Шымчыку, загадчыцы рабатызаванай фермы «Коўзаны» Таццяне Жахоўскай і аператару машыннага даення гэтай фермы Алене Крук.

Граматамі раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны тэхнік-электрык Міхаіл Еўдакімаў, тынкоўшчык Віктар Самусенка і рабочы мяснога цэха Алег Апанасевіч. Іх уручыў старшыня райкама прафсаюза Васілій Катовіч.

Корманарыхтоўка была не ў радасць

— Праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, — гаварыў Юрый Францішкавіч. — Да таго ж умовы надвор’я часта перашкаджаюць дасягненню намечанага. Сёлета ўжо два месяцы як няма дажджу. Па назіраннях сіноптыкаў такая анамальная засуха была 80 гадоў назад. Таму і не змаглі з першага ўкосу траў нарыхтаваць запланаваную колькасць сенажу і сена. Хаця механізатары і стараліся.

Юрый Шымчык адрасаваў словы падзякі Валерыю Адзінцу, Руслану Шымко, Андрэю Врублеўскаму, Аляксандру Федаронку, Аляксандру Арлоўскаму, Роберту Гаспаровічу, якія працавалі на трактарах з касілкамі. На зграбанні былі занятыя Аляксандр Булышка, Юрый Татарчук, Казімір Віннік, Сяргей Гіль. Не было роўных нават у раёне Юрыю Гваздову, Сяргею Саланінку, Генадзію Анкудовічу, якія падбіралі зялёную масу. Аператыўна яе да сянажных траншэй перавозілі Віктар Петрыкевіч, Андэй Падгайскі, Дзмітрый Бурц, Георгій Гваздоў, Генадзій Літвіновіч, Андрэй Жалейка, Сяргей Варашкевіч і многія іншыя. Віктар Рогаў, Часлаў Куст, Уладзімір Праліч, Сяргей Варабей трамбавалі.

Вясной аграрыі выканалі ўсе тэхналагічныя патрабаванні, каб атрымаць высокі ўраджай траў, зерневых і зернебабовых: унеслі неабходную колькасць арганікі і мінеральных удабрэнняў, загарнулі ў глебу якаснае насенне, апрацавалі пасевы сродкамі аховы раслін. Вялікая заслуга ў гэтым тэхнолагаў палёў: галоўнага і вядучага аграномаў Алены Касцюк і Віталія Букаты, інжынернай службы, начальнікаў аддзяленняў і многіх іншых.

Прыбытак – ад малака

За 6 месяцаў бягучага года гаспадарка атрымала 15 мільёнаў 814 тысяч рублёў выручкі, з іх 10 мільёнаў 635 рублёў — за кошт жывёлагадоўчай прадукцыі. З гэтых сродкаў плаціла падаткі, пагашала крэдыты, выплачвала заработную плату, набывала запчасткі, паліўна-змазачныя матэрыялы і іншае.

Найбольш малака надойваюць на рабатызаванай ферме «Коўзаны», дзе сярэдні надой ад каровы за паўгоддзе склаў 4 320 літраў. У гэтым несумненная заслуга загадчыцы Таццяны Жахоўскай, а таксама аператараў машыннага даення Таццяны Ландышкі, Алены Хоміч, Ганны Шалякінай, Ганны Захарэвіч, Алены Найдзёнак, Алены Крук, Вольгі Гаспаровіч. Усё малако адсюль ідзе на рэалізацыю сортам «экстра».

Добрых надояў і прываг дабіваюцца і на іншых фермах. Так, у Навасёлках ад кожнай каровы за 6 месяцаў надаілі 3 794 кілаграмы малака, у Лучаі — 2 386, Дземяшах — 2 454.

Каб мець яшчэ большы прыбытак, у гаспадарцы распачалі будаўніцтва малочнатаварнай фермы каля вёскі Пагарцы. Ужо асвоены 1 мільён 25 тысяч рублёў крэдытных сродкаў. Да канца года павінны асво­іць яшчэ 8 мільёнаў рублёў. Вядзецца капітальны рамонт свінафермы, малочнатаварнай фермы ў Навасёлках. Юрый Францішкавіч падзякаваў прарабу Арменеку Качакуляну, будаўнікам Міхаілу Малатоўніку, Віктару Самулёнку, Аляксею Кандрашову за той аб’ём работ, які яны выконваюць.

Канцэртнай праграмай парадаваў навасёлкаўцаў народны любімец Беларусі — спявак, аўтар і кампазітар Сяргей Славянскі. Вечарам вяскоўцы сабраліся на дыскатэку, а апоўначы любаваліся феерверкам.

На свяце давялося пагута­рыць з многімі работнікамі сельгаспрадпрыемства, жыхарамі Навасёлак і Коўзанаў. Усе былі задаволеныя, і кожны адзначаў вялікую заслугу ў гэтым дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыя Шымчыка.

— Юрый Францішкавіч думае пра людзей, і не толькі пра тых, хто сёння прыносіць карысць гаспадарцы, але і пра ветэранаў, — гаварылі вяскоўцы. — Інтарэсы работнікаў для яго заўсёды ў прыярытэце. Ён згуртаваў каманду спецыялістаў, умее матываваць калектыў на плённую працу.



Юрый Шымчык, дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай»

Па выніках работы за мінулы год наша гаспадарка занесена на абласную Дошку гонару. Такую высокую ацэнку працы заслужылі ўсім калектывам. За эфектыўным развіццём аграрнай галіны стаяць механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы, галоўныя спецыялісты, работнікі сярэдняга звяна. Менавіта ў высокакваліфікаваных кадрах, адданых справе, і заключаюцца магутнасць і сіла «Навасёлак-Лучая». Не важна, хто колькі гадоў працуе ў нашым калектыве, галоўнае — шчыра і сумленна. І ўсе добра ведаюць, што гаспадарка аддасць ім у некалькі разоў больш. Сярэдняя зарплата за першае паўгоддзе бягучага года склала 1 244 рублі, што на 273 рублі больш, чым у адпаведны перыяд летась. Хто не ленаваўся, той сёння атрымаў прэмію. І я як кіраўнік ­удзячны кожнаму неабыякаваму да вытворчых спраў работніку. Дзякуй за плённую працу, за тое, што прымнажаеце набыткі, умацоўваеце імідж калектыву.

Больше фото в группах в ОК и ВК

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.