Фэст з гісторыяй: у Лынтупах ушанавалі Святую Ганну

Важное Духовность

«Па стогадовай звычцы ў нас учора адбыўся фэст з нагоды ўшанавання Святой Ганны, якая з’яўляецца патронам Лынтуп і дадзенага свята. Гэта амаль адзіны дзень у Лынтупах, калі жыццё пульсуе жывей. Надвор’е сёлета было для нас ласкавае, таму з’езд быў вялізны, смела можна сказаць, што фэст удаўся. Шматлікія латкі, якія запоўнілі рынак перад касцёлам, прыцягвалі разнастайнасцю прысмакаў, а будкі з цацкамі і забавамі прынеслі шмат радасці дзецям».

Гэта ўрывак з журналісцкага матэрыялу пад назвай «Фэст у Лынтупах», апублікаванага яшчэ ў 1926 годзе ў газеце «Слова». Некалі гэты артыкул прачытала ў кнізе «Жыццё Пастаўшчыны на старонках міжваеннай віленскай прэсы». І ўзгадала яго, удзельнічаючы ў сёлетнім фэсце Святой Ганны. Ён адбыўся ў Лынтупах у нядзелю, 23 ліпеня. Па традыцыі, якая бярэ пачатак як мінімум з 1826 (!) года, свята сабрала вялікую колькасць мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей.

Цёплае, ласкавае надвор’е, продаж прысмакаў і цацак, забавы для дзяцей — усё гэта паўтарылася на цэнтральнай плошчы пасёлка і праз стагоддзе пасля ўзгаданай публікацыі. Аднак многае і змянілася. Зразумела гэта, пагаварыўшы на фэсце з 84-гадовым жыхаром вёскі Пеляка Іосіфам Матукевічам. Ён добра памятае, якім было свята ў гады яго дзяцінства.

— З Пелякі да Лынтуп — 9 кіламетраў, — расказваў Іосіф Матукевіч. — Добра памятаю, як яшчэ хлапчуком хадзіў на фэст пешшу разам з вяскоўцамі. Заўжды апраналі найлепшае адзенне з таго, што мелі. Абутак бераглі — усю дарогу да Лынтуп ішлі босымі. Туфлі ці боты я нёс за плячыма на палачцы. На ногі іх надзяваў толькі ўжо калі падыходзіў да касцёла.

Нават не ўяўляеце, якое свята тады было! Многія на конях прыязджалі, дык спрэжаныя вазы — аглоблямі ўверх — паўсюль радамі стаялі. Людзі прывозілі прадаваць, што маглі: агуркі, памідоры, парэчкі. Хапала і прысмакаў. Раней людзей збіралася значна больш — якімі шматлюднымі былі вёскі! У адной толькі нашай Пеляцэ 36 чалавек пражывала, а цяпер толькі 2 засталіся…

Сапраўды, апусцелі вёскі. Тым не менш і сёлета жыццё на цэнтральнай плошчы пульсавала ва ўсю. Па нумарах машын было бачна, што на ўрачыстасць з’ехаліся жыхары Мінска і Міншчыны, Гродзеншчыны, Магілёўшчыны, госці з Літвы, Латвіі… Апоўдні яны разам з мясцовымі вернікамі сабраліся ў лынтупскім касцёле, дзе адбылася ўрачыстая святая Літургія. Узначаліў яе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які таксама ­ўдзяліў сакрамант Канфірмацыі (Бежмавання) некалькім дзясяткам парафіян.

— Шчыра віншую ўсіх прысутных са святам і дзякую за запрашэнне прыняць у ім удзел! — звярнуўся да вернікаў Тадэвуш Кандрусевіч. — Мы ведаем, што галоўны апякун лынтупскага касцёла — Святы Андрэй апостал, аднак менавіта Святая Ганна прыцягвае ў касцёл асабліва шмат вернікаў. Гэта добрая традыцыя, якую трэба падтрымліваць.

Сённяшняя ўрачыстасць узбагачаная яшчэ і тым, што касцёл па ўсім свеце адзначае Дзень бабуль, дзядуляў і пажылых людзей (ён устаноўлены ў трэцюю нядзелю ліпеня з нагоды літургічнага ўспаміну святых Ганны і Яўхіма — бабулі і дзядулі Хрыста — аўт.). Напярэдадні Святы Айцец Францішак звярнуўся да ўсіх вернікаў са спецыяльным пасланнем, у якім падкрэсліў, што старэйшыя асобы асабліва важныя ў нашай гісторыі, бо перадаюць нам тое, што было да нас. Не было б іх — не было б нас, і мы павінны быць за гэта заўжды ўдзячнымі.

Падчас сваёй прамовы арцыбіскуп асаблівую ўвагу ўдзяліў тэме сям’і, паўтараючы, што дом павінен быць хатнім касцёлам, а аборты вынішчаюць нацыю. Гэтыя і іншыя праблемныя пытанні на святой Імшы ўзнімаліся нездарма: Святая Ганна, Маці Дзевы Марыі, лічыцца апякункай сямейнага жыцця, асабліва жанчын.

У святой Літургіі таксама ўдзельнічалі пробашч мясцовай парафіі Аляксандр Баран, пробашч парафіі Езу­са Міласэрнага ў Паставах ксёндз-дэкан Павел Самсонаў, ксёндз Алег Мурзіч з Канстанцінава Мя­дзельскага раёна, доктар тэалогіі, выкладчык духоўнай семінарыі ксёндз Павел Эйсмант. Пасля яе завяршэння ўсе святары і парафіяне прайшліся ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла. За ёй, седзячы на мурах, з цікавасцю назіралі малыя дзеці — тыя, каму праз дзесяцігоддзі захоў­ваць традыцыю ганнаўскага фэсту.

— Лынтупшчына — мой родны кут. І я спецыяльна прыехаў з Вільнюса сюды на свята, каб наведаць сваякоў, а таксама ўшанаваць продкаў, якіх ужо няма ў жывых, — не хаваючы слёз, гаварыў ураджэнец вёскі Белішкі Казімір Хмылко. — Фэст быў, ёсць і будзе днём сустрэчы з землякамі, днём светлай настальгіі, днём вяртання да каранёў. Абавязкова з’езджу ў сваю вёску, зай­ду ў апусцелую бацькоўскую хату, узгадаю шчаслівыя дні, калі яна поўнілася жыццём. А вярнуўшыся ў Літву, буду чакаць наступнай сустрэчы з малой радзімай, якая можа ганарыцца настолькі моцнымі духоўнымі традыцыямі.

Больше фото в группах в ОК и ВК

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.