Ирина Иршонок и Злата Ярошевич выступили на республиканском празднике «Купалье» в Александрии

Культура

На беразе Дняпра ў Александрыі Шклоўскага раёна ў мінулыя выхадныя прайшло рэспубліканскае свята «Купалле». Яно было насычана разнастайнымі мерапрыемствамі. А кульмінацыяй стала народнае шоу пад назвай «Будзе вельмі цікава!», у якім удзельнічалі зоркі беларускай і расійскай эстрады. Ганарова, што на адной сцэне з імі выступалі нашы зямлячкі Ірына Іршонак і Злата Ярашэвіч.

Пра Злату, якая жыве ў Старым Двары і вучыцца ў Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі, наша газета расказвала не раз. Таленавітая дзяўчына займаецца вакалам у Нацыянальным цэнтры мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна ў Мінску, з’яўляецца студэнткай акадэміі расійскага кампазітара, спевака і прадзюсара Ігара Крутога. У Александрыі яе прадстаўлялі як пераможцу шматлікіх музычных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Ірына Іршонак — ураджэнка Варапаева. Музыкай захапляецца з ранняга дзяцінства. Скончыла мясцовую дзіцячую школу мастацтваў, удзельнічала ва ўсіх раённых мерапрыемствах і конкурсах, займала прызавыя месцы. Пасля 9 класаў паступіла ў Наваполацкі музычны каледж на спецыяльнасць «Дырыжыраванне». Была ўдзельніцай хору «Рэчанька» і фальклорнага ансамбля «Вербіца» каледжа, а таксама спявала ў заслужаным аматарскім калектыве Беларусі — вакальна-харэаграфічным ансамблі «Камарыкі» імя Часлава Клечкі Палаца культуры ААТ «Нафтан». Падчас вучобы заваявала мноства ўзнагарод як гарадскога, так і міжнароднага ўзроўняў. З’яўлялася ўладальніцай прэстыжнай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

Цяпер Ірына — студэнтка 4 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У мінулым годзе стала лаўрэатам рэспубліканскага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі». Летась на фестывалі «Вытокі. Крок да Алімпу» на рэгіянальным этапе ў Полацку ёй прысуджана 1-е месца сярод канкурсантаў 17—30 гадоў. На фінальным у Мінску — Гран-пры, а ў падарунак — права выкон­ваць аўтарскую песню кіраўніка арт-гурта «Беларусы» спевака і кампазітара Валерыя Шмата. Сёлета з фестывалем «Вытокі» пабывала ў Жодзіне, Слоніме, Глыбокім. З конкурсу «Как на речке было на Фонтанке» ў Санкт-Пецярбургу ў Беларусь Ірына Іршонак прывезла дыплом лаўрэата I ступені і падарунак — залатыя завушніцы.

— Фестываль у Александрыі — яркі, маштабны, душэўны, — расказвалі дзяўчаты. — Галоўны канцэрт ператварыўся ў сапраўдны музычны рынг. Мы і Сафія Рустамава, якая сёлета будзе абараняць гонар Беларусі ў дзіцячым конкурсе на «Славянскім базары ў Віцебску», выступалі на адной сцэне з народнымі артыстамі Беларусі Уладзімірам Громам, Анатолем Ярмоленкам, заслужанымі артыстамі Ірынай Дарафеевай, Русланам Аляхно, Аляксандрам Саладухам, Вікторыяй Алешкай, Аленай Ланской, арт-гуртом «Беларусы», ансамблем «Сябры», шоу «Алюр», заслужанай артысткай Расіі Зарай і народнай — Надзеяй Кадышавай.

На канцэрт у Александрыі прадалі 3 000 білетаў. Сярод гледачоў быў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. І гэта дадавала хвалявання. Цэнім час, праведзены на «Купаллі» побач са славутымі артыстамі. Удзячныя арганізатарам!

Новых творчых поспехаў вам, таленавітыя зямлячкі!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.