Работники ОАО «Поставымебель» получили квалифицированную консультацию адвоката, нотариуса, правового инспектора

Общество

У рабочы час і бясплатна маглі атрымаць кваліфікаваную кансультацыю адваката, натарыуса, прававога інспектара і іншых спецыялістаў работнікі ААТ «Паставымэбля».

Прадпрыемства ў пятніцу наведала інфармацыйная група па прававой асвеце грамадзян Віцебскага аблвыканкама на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення юстыцыі Сяргеем Канапелькам.

Разам з гасцямі прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Несцяронак і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Чаплінская. Спачатку дырэктар «Паставымэблі» Сяргей Лацецкі правёў экскурсію па заводзе, пазнаёміў з яго гісторыяй, узорамі гатовай прадукцыі, расказаў пра рынкі яе збыту, перспектывы развіцця.

 

Сустрэча прадоўжылася ў актавай зале, дзе сабраліся работнікі прадпрыемства.

— Прававой інфармацыі сёння вельмі шмат, яна знахо­дзіцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэце, на Нацыянальным прававым партале, — гаварыў Сяргей Канапелька. — Але, як паказвае практыка, грамадзяне ўсё роўна недастаткова добра ведаюць законы. У жыцці нярэдка ўзнікаюць пытанні юрыдычнага характару адносна жыллёва-камунальнага, шлюбна-сямейнага заканадаўства, звязаныя з афармленнем спадчыны, прымусовага выканання. І тады прыходзіцца звяртацца па кансультацыю да юрыстаў. Таму і існуе такі від работы, як прававое інфармаванне.

Згодна з распараджэннем аблвыканкама ад 29 красавіка 2021 года, створана група па каардынацыі і выкананні плана мерапрыемстваў па прававой асвеце грамадзян у 2021—2025 гадах. У яе ўвахо­дзяць прадстаўнікі пракуратуры, натарыята, адвакатуры, ідэалагічнай вертыкалі. Кожны месяц яны выязджаюць на горадаўтваральныя прадпрыемствы Віцебшчыны, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, расказваюць пра новаўвядзенні і змены ў заканадаўчых актах. Сустрэчы праходзяць у форме выступлення спецыялістаў і бясплатнай кансультацыі.

Перад работнікамі ААТ «Паставымэбля» выступіў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласці Дзмітрый Кудраўцаў. Ён расказаў пра расследаванне па справе генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра ахову і выкарыстанне зямель, новаўвя­дзенні ў зямельным заканадаўстве гаварыла начальнік аддзела прававой, кадравай работы і справаводства ўпраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Наталля Махонь. Галоўны прававы інспектар абласнога аб’яднання прафсаюзаў Святлана Супрунчук праінфармавала пра віды і парадак прадстаўлення працоўных водпускаў.

Ахвотныя маглі задаць спецыялістам пытанні і атры­маць на іх кампетэнтныя адказы. Пасля заканчэння сустрэчы была магчымасць пракансультавацца індывідуальна.

— Такія выезды на прадпрыемствы не толькі садзейнічаюць павышэнню даступнасці аказання дапамогі насельніцтву, але і дазваляюць будаваць работу групы па прававой асвеце з улікам яго запытаў, што з’яўляецца прыярытэтам для галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, — рэзюмаваў Сяргей Канапелька.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.