Старший инструктор-спасатель Поставского РОЧС Алексей Мозолев удостоен медали «За безупречную службу» III степени

Безопасность Главное

25 ліпеня сваё прафесійнае свята адзначаць утаймавальнікі вогненнай стыхіі. Знакавым гэты дзень будзе і для старшага інструктара-ратаўніка Пастаўскага РАНС Аляксея Мозалева. Нядаўна ён удастоены дзяржаўнай узнагароды — медаля «За бездакорную службу» ІІІ ступені. І гэта найлепшае пацвярджэнне яго высокіх прафесійных якасцей.

Высокую ўзнагароду ратаўніку ўручыў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін. Адбылося гэта падчас урачыстасці ў Полацку, прымеркаванай да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства падарыла пастаўчаніну шмат станоўчых эмоцый і разварушыла ў памяці шэраг успамінаў, звязаных са службовай дзейнасцю. Узгадаліся і першыя крокі ў адну з самых небяспечных прафесій, якую Аляксей абраў яшчэ будучы школьнікам.

— Я нарадзіўся ў літоўскай Ігналіне, аднак пасля распаду Саюза бацькі пераехалі ў вёску Сакуны Камайскага сельсавета, — расказваў Аляксей Мозалеў. — Базавую адукацыю атрымаў у школе ў Янкішках, 10 і 11 клас заканчваў у СШ №5 у Паставах. У той час там быў арганізаваны профільны клас, заняткі праводзіў тагачасны інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Аляксандр Мухля. Мы, школьнікі, часта бывалі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях і занятак за заняткам знаёміліся са спецыфікай работы ратаўнікоў.

Пасля заканчэння 11 класа Аляксей спрабаваў паступіць у профільную ВНУ, аднак не атрымалася. Пайшоў у армію. І ўжо пасля яе працаўладкаваўся ў Пастаўскі РАНС, дзе найлепшым універсітэтам стала служба ў калектыве вопытных ратаўнікоў. Яны навучалі, дапамагалі, падтрымлівалі. І гэта аблегчыла шлях у прафесію, якой мужчына прысвяціў ужо 13 гадоў.

Кожная працоўная змена ратаўніка непрадказальная. Разам з калегамі ён гатовы ў любую секунду адправіцца на дапамогу людзям: ці гэта пажар, дарожна-транспартнае здарэнне, ці любая іншая бяда. Сезоннай палёгкі не бывае. Як жартуюць самі ратаўнікі, на рабоце ў іх два пажаранебяспечныя перыяды: вясенне-летні і асенне-зімовы. А калі яшчэ і надвор’е такое сухое і гарачае, як сёлетнім летам, верагоднасць узгарання істотна павышаецца. Часцей гараць лясы, сухая расліннасць. І калі полымя не спыніць, пад пагрозай акажуцца людзі.

— Для мяне самае страшнае, калі ў агні гінуць дзеці, — гаварыў Аляксей Мозалеў. — Бывалі выпадкі: гарыць дах, унутры ўсё задымлена, а ты, нічога не бачачы, абмацваеш ложак і натыкаешся на дзіцячыя цацкі… І сэрца не на месцы: хоць бы не аказалася ў агні дзіця!

Выратаваць жыццё на пажары можна толькі дзякуючы зладжанаму ўзаемадзеянню ўсіх ратаўнікоў, якія ліквідуюць надзвычайную сітуацыю. Сярод калег магу разліч­ваць на кожнага, і гэта дадае ўпэўненасці і сіл у барацьбе са стыхіяй. Перамога над ёй і ёсць найлепшая ўзнагарода за ўсе старанні, — рэзюмаваў суразмоўца.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.