Трогательной и полной воспоминаний стала встреча выпускников 50 лет спустя

Общество

50 гадоў назад лынтупская школа выпусціла ў дарослае жыццё тры класы юнакоў і дзяўчат. Яны працягнулі вучобу ў розных гарадах і краінах, і далёка не ўсе вярнуліся на сваю малую радзіму, каб тут працаваць і будаваць свае сем’і. Аднак куды б іх ні прыводзілі дарогі лёсу, заўжды з цеплынёй у сэрцы ўспамінаюць свае школьныя гады.

Роўна праз паўстагоддзя пасля выпускнога тыя юнакі і дзяўчаты ўжо дарослымі людзьмі вярнуліся на месца, дзе атрымлівалі веды і спасцігалі ўрокі жыцця. І сустрэча тая была багатая на ўражанні.

Гэта быў цёплы летні дзень. На цэнтральнай плошчы нельга было не заўважыць групу прыгожа ­адзетых людзей. Яны ўсміхаліся, вітаючы адно аднаго, жартавалі і, прасветленыя шчырымі эмоцыямі, здаецца, маладзелі на вачах.

У назначаны час усе дружнай гаманлівай кампаніяй адправіліся ў касцёл. Там святую Імшу для выпускнікоў правёў ксёндз-пробашч мясцовай парафіі Аляксандр Баран.

— Сёння вы сабраліся на Бацькаўшчыне — у храме, дзе часта бывалі ў дзяцінстве з бабулямі і дзядулямі, дзе многія з вас атрымалі свае першыя сакраманты, — адзначыў святар. — Як птушаняты, што вылецелі з гнёздаў, вы выйшлі ў вялікі свет, каб рэалізаваць сваё пакліканне. Але назаўжды засталіся сведкамі жыцця нашых продкаў і захоўваеце памяць пра тых, хто напаўняў жыццём Лынтупшчыну.

Сёння вы найперш прыйшлі да Пана. І гэта сведчыць пра тое, што вы вынеслі з бацькоўскага дому вялікі дар веры і разумееце: у касцёл ідуць не толькі ў смутную хвіліну, але і ў радасную, каб па­дзякаваць за ўсё, што ёсць у жыцці. І гэта разуменне перадаяце сваім дзецям, унукам, вучыце іх таму, чаму навучылі вас. Дзякуючы гэтай пераемнасці на святой Імшы ў нашым храме могуць адначасова маліцца прадстаўнікі чатырох пакаленняў адной сям’і. Хай Бог благаславіць кожнае імгненне вашага жыцця, вашы сем’і, каб вы і надалей узрасталі ў святасці, дабрыні і любові!

З касцёла выпускнікі адправіліся ў парк — да палаца Бішэўскага, у будынку якога раней размяшчалася школа.

У 1 клас мы пайшлі ў 1963 го­дзе, — гаварыла ўраджэнка Лынтуп, а цяпер жыхарка Вільнюса Марыя Мажута (у дзявоцтве — Маркоўская). — Спачатку вучыліся ў «маленькай» школе — у будынку насупраць цяперашняга сельсавета — і не маглі дачакацца, калі ж пяройдзем у велічны палац. Памятаю, як шмат там было вучняў, асабліва старшакласнікаў: у 9—10 класы прыходзілі пасля васьмігодак з Палесся, Масленікаў і іншых вёсак.

Яшчэ адна выпускніца — Вера Краснова — жыве ў літоўскім Дзіджасалісе. У суседнюю краіну яна выехала адразу пасля заканчэння школы.

— Гэта мая першая сустрэча з аднакласнікамі за 45 гадоў. Некаторых сёння не пазнала — даво­дзілася знаёміцца нанова, — усміхалася Вера Краснова. — Сустрэча з імі яшчэ толькі пачалася, а ўражанняў ужо незлічоная колькасць. Эмоцый і напярэдадні хапала. Калі мне патэлефанавалі і запрасілі прыехаць, моцна расплакалася. Такое ўзрушэнне адчула ў душы, што заснуць не магла. Было прыемна, што памятаюць.

У Лынтупы жанчына прыехала загадзя: пабывала на споведзі і з адкрытай душой прыйшла на сустрэчу.

— Столькі сёння ўспамінаў! — працягвала яна. — Узгадваецца, і як за падказку выгналі з класа, і як аднакласнік прышпіліў кнопкамі да лаўкі школьную форму. Гэта быў урок матэматыкі. Мяне выклікалі да дошкі, а я з месца зварухнуцца не магу. Настаўнік кажа несці дзённік на «двойку», а мне прызнацца сорамна — сяджу плачу. Але ж добры быў час, хоць і нялёгкі. Мама адна мяне з братамі гадавала, цяжкасцей хапала, аднак умелі знаходзіць у жыцці радасць. Памятаю, з якім замілаваннем стаяла яшчэ дзяўчынай ля танцпляцоўкі, назірала за старэйшымі: сама ж яшчэ да танцаў не дарасла. І сёння ясна чуюцца «Эти глаза напротив» Валерыя Абадзінскага, што тады гучалі ля клуба.

Не толькі з Літвы прыехалі ў той дзень выпускнікі ў Лынтупы, але і з Браслава, Смалявіч, Варапаеўшчыны… Былі і тыя, хто застаўся жыць на Лынтупшчыне. Гаварылі яны пра вучобу ў школе, пра свае родныя мясціны. Адразу тры чалавекі з кампаніі выпускнікоў аказаліся ўраджэнцамі вёскі Пешкаўцы, яшчэ адзін жыў на хутары Олксна, што быў непадалёк і ад якога сёння не засталося і знаку.

— Дабірацца да школы трэба было 9 кіламетраў, — расказвала ўраджэнка Пешкаўцаў Сафія Зубкова (Літвіновіч), якая цяпер пражывае ў Вільнюсе. — Цёплай восенню на вучобу ехалі на веласіпедах — групай чалавек па 15. З лістапада жылі ў інтэрнаце і толькі на адзін выхадны — на ня­дзелю — вярталіся дадому. Забіралі нас бацькі на конях. Захі­нуць у футры, у кажухі — і вязуць на возе. Пешшу дабірацца па заснежаных дарогах было цяжка, ішлі след у след, і ўсё роўна валёнкі былі поўныя снегу.

Шмат іншых кранальных успамінаў падарыла землякам тая сустрэча. Яны разглядвалі шматлікія чорна-белыя здымкі, якія ўзялі з сабой, добрым словам успаміналі настаўнікаў, аднакласнікаў, якія ўжо адышлі ў іншы свет. А на развітанне выказалі надзею зноў сабрацца на Радзіме, каб з новай сілай адчуць моц сваіх каранёў. І ў чарговы раз упэўніцца: пасля вяртання ў родныя «гнёзды» за спінай вырастаюць крылы, з якімі па жыццёвых дарогах вандраваць лягчэй…

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.