В Поставах прошёл республиканский семинар по развитию туризма

Спорт и туризм

Развіваць турызм праз удасканаленне сэрвісу. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, які ў пятніцу прайшоў у Паставах.

26 студзеня пастановай Савета Міністраў Беларусі ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» зацверджана падпраграма «Развіццё сферы турызму і ўдасканаленне турыстычнай інфраструктуры ў Паазер’і Віцебскай вобласці на 2023—2025 гады». Работа ў гэтым кірунку і стала тэмай абмеркавання на семінары.

Яго ўдзельнікаў разам з намеснікам міністра жыллёва-­камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзіем Трубілам, першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыем Герасімавым віталі дырэктар УП ЖКГ Пастаўскага раёна Фёдар Танана і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Кіраўнік раёна адзначыў, што на Пастаўшчыне шмат робіцца па прыцягненні сюды турыстаў. Іх круглы год прываблівае спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі», дзе пастаянна расшыраецца інфраструктура, завяршаецца ўзвядзенне гасцініцы. У раёне распрацавана 18 турыстычна-экскурсійных маршрутаў, шмат анімацыйных праграм, гістарычная рэканструкцыя, праводзяцца шматлікія культурна-масавыя мерапрыемствы. Ёсць нямала архітэктурных помнікаў.

З іх і пачалося знаёмства гасцей з Паставамі. Экскурсавод Людміла Сяменас правяла змястоўную экскурсію па плошчы Леніна, расказала гісторыю райцэнтра і рода Тызенгаўзаў. Прадстаўнікі ўнітарных прадпрыемстваў ЖКГ і аддзелаў спорту і турызму ўсіх абласцей рэспублікі любаваліся дамамі рамеснікаў, царквой і касцёлам, прайшлі па экспазіцыйных залах края­знаўчага музея, размешчаных у палацы Тызенгаўзаў. Ім цікава было пабываць у гасцініцах па вуліцы Савецкай і «Ваяж» — па Азёрнай. У Азёрках удзельнікаў семінара вітаў Дзед Бай.

Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў райвыканкаме. Пра развіццё турыстычнай індустрыі ў плане аказання паслуг у сферы ўнутранага і выязнога турызму на тэрыторыі раёна расказаў начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі. Ён паведаміў, што турыстычныя паслугі аказваюць аддзел, які ён узначальвае, а таксама таварыства з дадатковай адказнасцю «Цэнтр турысцкіх паслуг», краязнаўчы музей, Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Джуманджы». Турысты могуць спыніцца на начлег у гасцініцы УП ЖКГ, двух дамах паляўнічых і рыбаловаў лясгаса, на дзвюх базах адпачынку ТАА «Возера» і філіяла аблспажыўтаварыства, у АДРАЦ «Ветразь», а таксама ў 25 аграэкасядзібах. Ёсць 15 агульнадаступных аб’ектаў грамадскага харчавання, абсталяваны дзве турыстычныя і адна кемперная стаянкі.

Падрабязную інфармацыю пра аб’екты спартыўнай і турыстычнай інфраструктур, мерапрыемствы, якія ладзяцца ў раёне, можна пачэрпнуць на афіцыйным сайце аддзела спорту і турызму райвыканкама fokpostavy.by. Для браніравання пакояў для пражывання на ФАКу можна карыстацца сайтам vetliva.by. Інфармаванне насельніцтва вядзецца і праз сацыяльныя сеткі. У пачатку бягучага года распрацаваны і запушчаны мабільны дадатак «Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя».

Пры раённым выканаўчым камітэце працуе міжведамасны экспертна-каардынацыйны савет па развіцці турызму ў раёне. Яго ўзначальвае старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Кожны квартал на пасяджэнні савета разглядаюцца пытанні развіцця турызму. У рамках Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» аб’екты турызму Пастаўшчыны сёлета прэзентавалі ў Пасольстве Беларусі ў Маскве, на міжнароднай турыстычнай выставе-кірмашы «Адпачынак-2023» у Мінску, на XI Міжнародным эканамічным форуме «Навацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» ў Віцебску.

Згодна з падпраграмай «Развіццё сферы турызму і ўдасканаленне турыстычнай інфраструктуры ў Паазер’і Віцебскай вобласці на 2023—2025 гады», у Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Міёрскім, Расонскім, Шаркаўшчынскім і нашым раёнах, якія складаюць гісторыка-этнаграфічны рэгіён Паазер’я, неабходна стварыць развітую турыстычную індустрыю, здольную забяспечваць патрэбы максімальнай колькасці турыстаў. Для гэтага трэба паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу аб’ектаў, мець кваліфікаваныя кадры, развіваць розныя віду турызму.

З гэтай мэтай у раёне запланавана стварэнне турыстычна-інфармацыйнага цэнтра на плошчы Леніна і напаўненне яго рэкламна-інфармацыйнымі матэрыяламі; размяшчэнне і ўдасканаленне лічбавага кантэнту на сайце аддзела спорту і турызму райвыканкама, у сацыяльных сетках, мабільным дадатку. Прадоўжыцца работа па стварэнні сістэмы прасторавага арыентавання для турыстаў; распрацоўка новых маршрутаў і папулярызацыя турызму і адпачынку на Пастаўшчыне.

Удзельнікі семінара гаварылі пра сучасныя патрабаванні да абслугоўвання турыстаў, павышэнне ўзроўню адукацыі спецыялістаў гасцінічнай сферы і ўдасканаленне сэрвісу ў гасцініцах, іх сертыфікацыю незалежна ад формы ўласнасці.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.