ВК «Атлант» стал бронзовым призером чемпионата Беларуси по волейболу

Важное Спорт и туризм

У мінулыя выхадныя завяршыўся чарговы нацыянальны валейбольны чэмпіянат у 1-й лізе. На фінальны этап у Гомелі пастаўчане прабіліся з трэцяй прамежкавай пазіцыі. Пры вострай канкурэнцыі яны ў 12-ы раз у сваёй гісторыі выйгралі медалі і ўслед за нашымі футбалістамі сталі бронзавымі прызёрамі першынства.

Прадказальны вынік

«Барысаў-БДУФК-2»–«Атлант» (Паставы) – 3:0

1/2 фіналу. 3:0 (26:24; 25:21; 25:11)

У горад над Сожам нашы прывезлі самы баяздольны склад. На лаўцы запасных пакінулі толькі вопытнага даігроўшчыка Дзмітрыя Багдзеля, які яшчэ не поўнасцю аднавіўся пасля траўмы. А вось сапернік выставіў нават пяць валейбалістаў са сваёй асноўнай каманды з вышэйшай лігі. У такой сітуацыі змагацца на роўных з адным з наймацнейшых прафесійных клубаў краіны атрымалася толькі ў стартавым сэце. Гульня ішла ачко ў ачко, а затым пастаўчане намаганнямі Аляксея Пятрэвіча, Дзмітрыя Грыневіча і віцэ-капітана Аляксея Лабуця перахапілі гульнявую ініцыятыву (15:18). На жаль, развіць поспех не змаглі.

Барысаўчане пасля двух тайм-аўтаў сталі дамінаваць на пляцоўцы, другую партыю выйгралі ўжо на класе. Пастаўчане змірыліся з перавагай больш моцнага саперніка, рашаючы матч сезона чакаў іх на наступны дзень.

У другой сустрэчы фіналу чатырох гаспадар турніру — «Газавік-Гомель» — перамог (3:0) каманду «Віцебскаблгаз».

Праявілі волю і майстэрства

«Атлант» (Паставы)–«Віцебскаблгаз» – 3:0

Матч за 3-е месца. 3:0 (27:25; 25:14; 25:19)

Сапернік сур’ёзна рыхтаваўся да матча з намі, узмацніўся двума валейбалістамі з элітнага дывізіёна. Ключавой стала першая партыя, у якой спачатку мацней гулялі «газавікі». У канцоўцы сэта лік на табло стаў крытычным — 12:20 на ка­рысць «Віцебск­аблгаза». На шчасце, у самы напружаны момант пастаўчане не разгубіліся. Запрацаваў іх блок, пачаў набіраць ачкі дыяганальны Андрэй Казлоўскі. Вопытны блакіруючы, кандыдат у майстры спорту Аляксей Пятрэвіч на пару з Аляксандрам Касперам правёў шэраг выніковых атак першым тэмпам. Некалькі эйсаў прынеслі «Атланту» падачамі навылет Аляксей Лабуць, Руслан Мацкевіч і Яраслаў Недзведзь. На задняй лініі ўмела дзейнічаў на пазіцыі лібера капітан каманды Аляксандр Зарэцкі. Дарэчы, ён стаў найлепшым валейбалістам сезона. У выніку нашы не толькі дагналі саперніка, але і абышлі ў напружанай канцоўцы. Пасля такой драматычнай асечкі каманда абласнога цэнтра псіхалагічна зламалася. Толькі ў заключнай партыі віцябчане вярнуліся ў гульню, але нашы гулялі больш упэўнена і неўзабаве перамаглі ў важнай сустрэчы.

Пасля 6-гадовага перапынку бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі па валейболе ў 1-й лізе заваявалі А. Каспер, Я. Не­дзведзь, А. Канаш, Р. Мацкевіч, Д. Багдзель, А. Пятрэвіч, Д. Грыневіч, А. Казлоўскі, Р. Сімагасціцкі, А. Іўчанка, В. Панавас, А. Зарэцкі, А. Літвіновіч, А. Голуб, К. Пронька, Д. Вырвіч, М. Трава, Л. Лосік. Да важкага выніку каманду прывёў галоўны трэнер Павел Вавінскі разам са сваімі памочнікамі Мікалаем Рамейкам і Уладзімірам Каралём, відэааператарам Эрыкам Касцючэнкам і прэс-сакратаром Інэсай Лабуць.

У рашаючым матчы гамяльчане з лікам 3:0 адолелі барысаўчан і ў трэці раз выйгралі «золата» чэмпіянату краіны.

Уладзімір Шык
Фота даслала Інэса Лабуць



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.