Сярэбраны юбілей служэння: ксёндз-канонік Павел Самсонаў адзначыў 25-годдзе святарства

Важное Духовность

25 ліпеня пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах ксёндз-канонік Павел Самсонаў, дэкан пастаўскага дэканату, адзначыў сярэбраны юбілей святарства. Для вернікаў гэта не проста нагода для свята, а магчымасць выказаць глыбокую падзяку за шчырасць, духоўную апеку і штодзённую працу, якую святар укладвае ў развіццё парафіі.

Сярэбраны юбілей служэння: ксёндз-канонік Павел Самсонаў адзначыў 25-годдзе святарства

Вытокі духоўнага шляху

Кожны чалавек прыходзіць у гэты свет з пэўнай місіяй, але ёсць шляхі, якія выбірае не столькі прагматычны розум, колькі сэрца, кранутае Божай ласкай. Менавіта такім светлым і ахвярным стаў жыццёвы выбар ксяндза-каноніка Паўла Самсонава.

Яго духоўныя карані — у старажытнай валкалацкай парафіі, што ў Докшыцкім раёне. Родам ксёндз Павел з вёскі Станіслаўцы, што за шэсць кіламетраў ад Валкалаты. У касцёл яго яшчэ малым хлопчыкам прыводзіла бабуля. Калі Паўлу споўнілася дванаццаць, мясцовая арганістка запрасіла яго на хоры, дзе пачала вучыць ігры на аргане, а пробашч прапанаваў стаць міністрантам.

Служба пры алтары захапіла юнака. Менавіта ў валкалацкім касцёле, сярод векавых традыцый і ў атмасферы шчырай веры, ён пачуў ціхі, але выразны голас Пана, які клікаў яго на Сваё жніво. Цікава, што спачатку хлопец падаў дакументы на повара, але хутка зразумеў: гэта не яго шлях. Рашэнне прысвяціць жыццё Богу і людзям стала цвёрдым і канчатковым. Бацькі і старэйшы на 7 гадоў брат, які на той час ужо меў сваю сям’ю, выбар Паўла ўспрынялі спакойна.

Сярэбраны юбілей служэння: ксёндз-канонік Павел Самсонаў адзначыў 25-годдзе святарства

Станаўленне як святара адбывалася ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Гэта быў час духоўнага ўздыму, напоўнены напружанай вучобай і пошукам адказаў на складаныя багаслоўскія пытанні. Падчас вучобы ў Гро­дзенскай семінарыі клерык Павел Самсонаў быў назначаны адказным за парадак у пакоях і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Ужо ў той перыяд яскрава праявіліся такія яго якасці, як гаспадарлівасць і акуратнасць.

Будучы ксёндз вучыўся ра­зам з цяперашнім біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам. А з ксяндзом-прэ­латам Аляксандрам Рагінем, які з 2010 года знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду, выконвае дыпламатычную місію ў Грузіі і Арменіі, ён жыў у адным пакоі і сябруе па сённяшні дзень.

Сярэбраны юбілей служэння: ксёндз-канонік Павел Самсонаў адзначыў 25-годдзе святарства

Святарская вандроўка

Дзень святарскага пасвячэння — гэта момант, які застаецца ў памяці назаўжды. Для ксяндза Паўла гэтая ўрачыстая і хвалюючая падзея адбылася ў пастаўскім касцёле Святога Антонія Падуанскага. Разам з ім сакрамант святарства ў той дзень атрымалі ксёндз Віталій Галец, які служыць у Глыбокім, і Аляксандр Амяльчэня — кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Сімвалічна, што менавіта Пастаўшчына, якая благаславіла маладога святара на пачатку дарогі, праз гады зноў стала месцам яго службы.

Пасля пасвячэння пачаліся насычаныя будні, напоўненыя радасцямі і клопатамі. Шлях святара рэдка бывае статычным. Касцёл накіроўвае сваіх слуг туды, дзе найбольш патрэбна іх слова, падтрымка і праца. Ксяндзу Паўлу давялося вучыцца ў Люблінскім універсітэце, служыць у Міёрах, Дзісне, Новалукомлі, Бешанковічах, Канстанцінаве, Дунілавічах і паралельна працаваць у касцельным судзе. У кожнай парафіі ён пакінуў часцінку свайго сэрца, праявіў сябе як дбайны гаспадар і мудры кіраўнік, які клапоціцца як пра духоўнае жыццё сваіх парафіян, так і пра захаванне гістарычнай спадчыны мясцовага храма. Вернікі тых парафій з удзячнасцю ўспамінаюць святы, пілігрымкі, якія арганізоўваў ксёндз Павел.

У Бешанковічах паралельна з душпастырскай працай рыхтаваў дакументацыю для будаўніцтва новага касцёла. У Канстанцінаве пабудаваў плябанію (дом для святара), у якой пажыў толькі месяц і быў пераведзены ў Дунілавічы, дзе праслужыў 13 гадоў. Рамантаваў плябанію, касцёл і разлічваў, завяршыўшы рамонтныя работы, жыць больш мерна. Але ў Бога былі іншыя планы.

Будуе храм з цэглы і сэрцаў

Новай старонкай святарскага лёсу і, бадай, адным з самых сур’ёзных выклікаў стала назначэнне ў 2022 годзе пробашчам маладой парафіі Езу­са Міласэрнага. Калі ксёндз Павел узначаліў яе, перад ім стаяла задача — прадоўжыць узвядзенне новага касцёла і згуртаваць парафіян.

Будаваць святыню ў сучасных умовах — задача не з простых. Яна патрабуе не толькі велізарных матэрыяльных рэсурсаў, але і арганізатарскіх здольнасцей, цярплівасці, веры, умення аб’яднаць вакол агульнай мэты сотні людзей. Ксёндз Павел прыняў гэты крыж з пакорай і рашучасцю. Будаўнічая пляцоўка стала яго другім домам. Ён асабіста кантралюе кожны этап працы, вырашае пытанні з дакументацыяй, матэрыяламі, будаўнікамі і мастакамі, шукае ахвярадаўцаў і спонсараў.

Каб здабыць сродкі на будаўніцтва, звяртаецца па дапамогу ў розныя інстанцыі, наведвае іншыя парафіі з казаннямі, супрацоўнічае з раённай уладай, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый. І вынікі гэтай сумеснай працы бачныя кожнаму жыхару Пастаў. Ксёндз Павел, які заслужана мае ганаровы тытул каноніка, да любой справы падыходзіць з уласцівай яму адказнасцю і разважлівасцю. Для яго новы храм — гэта найперш бачны знак прысутнасці Бога сярод свайго народа, дом малітвы, дзе будуць знаходзіць суцяшэнне і духоўную сілу наступныя пакаленні пастаўчан.

Сярэбраны юбілей служэння: ксёндз-канонік Павел Самсонаў адзначыў 25-годдзе святарства

Філасофія вулля

Святарская праца, а тым больш спалучаная з маштабным будаўніцтвам, патрабуе вялікіх фізічных і псіхалагічных сіл. Дзе ж ксёндз Павел знаходзіць іх? Як ні дзіўна, яго найлепшым адпачынкам і сапраўдным захапленнем з’яўляецца пчалярства. Для яго праца на пчальніку — гэта не проста хобі, а своеасаблівая філасофія.

Знаходзячыся сярод вулляў, святар адпачывае душой ад штодзённых клопатаў. Ён часта падчас сваіх казанняў праводзіць паралелі паміж жыццём пчалінай сям’і і хрысціянскай парафіяй. Пчолы — унікальныя Божыя істоты, дзе кожная працуе ахвярна, дзе няма месца эгаізму, а ўся праца накіравана на супольнае дабро і стварэнне салодкага плёну. Гэты прыродны парадак і працаві­тасць натхняюць святара і ў яго душпастырскай дзейнасці. Больш за тое, ксёндз Павел нават заснаваў у парафіі прыгожую традыцыю — адзна­чаць свята пчаляроў, збіраючы на малітву мясцовых аматараў гэтай справы. Мёд з яго пчальніка — заўсёды самы жаданы падарунак для гасцей і парафіян.

Мудрасць, гумар, вера

Святарства — гэта найперш служэнне Хрысту ў Найсвяцейшым Сакраманце і ў кожным бліжнім, які патрабуе дапамогі, суцяшэння ці споведзі. Людзі бачаць у ксяндзу Паўлу чалавека з вялікім сэрцам. Падкупляюць яго адкрытасць і дабрыня. Да пробашча можна прыйсці ў любы час з любой праблемай. Ён выслухае, зразумее і падтрымае мудрай парадай.

Пробашч вызначаецца трап­ным і добрым гумарам. Ён упэўнены, што вера павінна прыносіць чалавеку ра­дасць і святло, а не смутак. Яго здольнасць пажартаваць у патрэбны момант, разрадзіць напружаную абстаноўку або выклікаць усмешку на твары стомленага чалавека робіць яго блізкім для ўсіх.

А якія цікавыя, глыбокія і адначасова вельмі жыццё­выя казанні ксяндза Паўла! Ён не проста цытуе рэлігійныя тэксты, а тлумачыць іх праз прызму сучаснасці, прыво­дзіць зразумелыя прыклады з паўсядзённасці, прымушае задумацца і знайсці адказы на самыя складаныя пытанні.

Чвэрць стагоддзя таму, прыняўшы прэзбітарскае пасвячэнне, ксёндз Павел сказаў сваё адказнае «так». За гэтыя гады яму давялося прайсці праз розныя выпрабаванні, суцешыць сотні сэрцаў, удзя­ліць мноства сакрамантаў і стаць сапраўдным духоўным бацькам для сваіх парафіян.

Шаноўны ксёндз Павел! Няхай Добры Пастыр, які паклікаў вас на сваё жніво, умацоўвае вашы сілы кожны дзень, Найсвяцейшая Панна Марыя ахінае сваёй мацярынскай апекай, а Дух Святы шчодра адорвае сваімі дарамі для далейшай працы на хвалу Божую.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.