Чемпионат Беларуси по футболу. ФСК «Поставы»–ФК «Глубокое» – 3:1

Спорт и туризм

Ніхто не хацеў саступаць

ФСК «Паставы»–ФК «Глыбокае» – 3:1

Перад гэтым матчам глыбачане дазаявілі шэраг ігракоў з Міёр. Гульня пачалася з дамінавання нашай каманды, аднак прабіцца на ўдарныя пазіцыі было няпроста з-за ўмела пабудаванай абароны саперніка, які да перапынку мог вызначыцца тройчы. На шчасце, спачатку мяч адбіла перакладзіна. Затым Валерый Хоміч стрэліў з пяці метраў у неба, а на 36-й хвіліне цэнтральны абаронца пастаўчан Максім Голубеў у скачку выбіў мяч з лініі варот. У канцоўцы тайма нашы прыбавілі. Іх націск завяршыўся на 43-й хвіліне прыгожым голам цэнтрфорварда Германа Чаляя — 1:0.

У другім тайме сапернік выпусціў на поле адразу трох новых футбалістаў. Яны пайшлі вялікімі сіламі наперад, каб адыграцца. Такая рызыкоўная тактыка была пастаўчанам на карысць. Імклівыя контратакі — адзін з галоўных козыраў нашай каманды. Глыбачане сталі часцей памыляцца на задняй лініі. Гэтым на 52-й хвіліне скарыстаўся атакуючы паў­абаронца ФСК «Паставы» Яўген Ясюковіч: ён тэхнічна выйграў рандэву з варатаром — 2:0.

Гульня абвастрылася на 68-й хвіліне, калі пасля падачы вуглавога глыбоцкі рэзервіст Уладзімір Сандзюк скараціў розніцу ў ліку. Пастаўчане не разгубіліся, і неўзабаве нападаючы Герман Чалей забіў гол пасля выхаду без перашкод на вароты саперніка — 3:1. Праз імгненне ўдар Яўгена Ясюковіча прыйшоўся ў штангу. Сапернік мог яшчэ вызначыцца ў дадатковы час, але Максім Голубеў паўторна выбіў мяч на вуглавы.

Поспеху на сваім полі дабіліся Лубко (Бяляўцаў), Маршын (М. Зелянкевіч), Голубеў, Рогач, Касенка, Звяруга, Жылевіч (Іваноў), Кабяк, Вілейта (к, Мядзведзеў), Ясюковіч (Курцэвіч), Чалей.

Пастаўчане засталіся ў тройцы лідараў. У гэтым туры віцебскі «Газавік» на сваім полі разграміў (9:0) нашага наступнага саперніка з Полацка. Іншыя матчы завяршыліся так: ФК «Міёры»—«Гарадскія львы» (Гарадок) — 7:1, ФК «Лепель»—«Ніва» (Талачын) — 1:6, ФК «Сянно»—ФСК «Орша» — 2:0. У віцябчан ужо 33 ачкі. Услед за імі ідуць міёрцы (30), пастаўчане (22), талачынцы (21), аршанцы (18), сенненцы (17), палачане (12), гарадокцы (10), лепяльчане (7) і глыбачане (5).

У чэмпіянаце краіны пачаўся трохтыднёвы перапынак. Падчас паўзы пройдзе розыгрыш Кубка вобласці па футболе. Пастаўчане ў 1/8 фіналу 5 жніўня згуляюць у Сянно. Пераможца гэтага матча на наступны дзень дома памераецца сіламі з «Газавіком». А сустрэча з «Полацкам-2019» адбудзецца на выездзе 19 жніўня.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.