Игра на диатонических цимбалах в Поставском районе получила статус историко-культурной ценности

Культура

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры 11 жніўня аднагалосна падтрымала прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыйнаму інструментальнаму выканальніцтву на дыятанічных цымбалах у Пастаўскім раёне.

— У сучасным свеце мноства розных музычных інструментаў, але вялікую каштоўнасць маюць менавіта традыцыйныя, — гаварыла вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Таццяна Карпава, якая прэзентавала дыятанічныя цымбалы і майстроў ігры на іх. — Гістарычна ў раёне функцыянуюць дзве выканальніцкія школы народных музыкаў: варапаеўская і груздаўская. Іх сувязное звяно — ансамбль цымбалаў са скрыпкай і гармонікам, рэпертуар якога найбольш выразна дэманструе асаблівасць выканальніцкага стылю.

Пастаўшчына здаўна славілася таленавітымі музыкамі, якія шмат у чым прадвызначылі шляхі развіцця яе народнай музычна-інструментальнай культуры. Сярод іх майстар па вырабе музычных інструментаў Восіп Новік (1908—1989). Яго цымбалы прынеслі славу ўсёй груздаўскай выканальніцкай школе, а канструкцыю такіх цымбалаў яшчэ не паўтарыў ніхто. Гэтым інструментам і сёння карыстаецца сям’я Мацкевіч.

Народную музыку Пастаў­шчы­ны папулярызуюць навучэнцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Яе выкладае дачка славутага цымбаліста Івана Мацкевіча — Ванда Іванаўна. Дыятанічныя цымбалы ёсць у складзе заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Паазер’е». З мэтай захавання і перадачы традыцый груздаўскіх музыкаў пры школе мастацтваў створаны дзіцячы інструментальны ансамбль «Пастаўскія цымбалісты».

— Ванда Мацкевіч, яе дачка Вікторыя Кірплюк і ўнук Гардзей Кірплюк як носьбіты і пераемнікі музычных традыцый прысутнічалі на пасяджэнні рады і прадэманстравалі майстэрства ігры на дыятанічных цымбалах, якія ў Беларусі не маюць аналагаў, — працягвала Таццяна Карпава. — У розных рэгіёнах краіны гэты інструмент адрозніваецца памерамі, дыяпазонам гучання, колькасцю галаснікоў, радоў, струн, іх лічбай «у хоры». Усё гэта ўвасабляе сабой адметнасць той ці іншай лакальнай традыцыі. Напрыклад, у дыятанічных цымбалах з Вілейскага і Глыбоцкага раёнаў 5 струн у адной «пасме». Цымбалы Пастаўскага раёна маюць па 3 струны. Галоўнымі якасцямі дыятанічных цымбалаў лічацца іх строй, прынцыпы наладкі, выгляд малаточкаў і выманне гуку. Таксама важную ролю мае матэрыял, з якога вырабляюць інструмент. У нашым раёне майстрамі па вырабе дыятанічных цымбалаў з’яўляюцца Уладзімір Мычко з Дунілавіч, якому нядаўна споўнілася 90 гадоў, Валянцін Жагула з Варапаева і Аляксандр Пачкоўскі з Голбіі.

Пастаўшчына ганарыцца сваімі музыкамі і майстрамі. А самае галоўнае — іх жаданнем захаваць нацыянальныя музычныя традыцыі і перадаць іх будучаму пакаленню.

Анна Анішкевіч
Фота даслала Таццяна Карпава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.