Кубок Витебской области по футболу. 1/8 финала. ФК «Сенно»–ФСК «Поставы» – 4:1

Спорт и туризм

Выбылі з турніру

1/8 фіналу. ФК «Сянно»–ФСК «Паставы» – 4:1

Гэту сустрэчу на выездзе пастаўчане правялі не ў аптымальным складзе — без пяці вядучых футбалістаў. Да таго ж складана было гуляць на газоне пасля моцнага дажджу, які прайшоў падчас матча. У выніку першы тайм аказаўся правальным.

На характары барацьбы адмоўна адбіліся і няўпэўненыя дзеянні на апошнім рубяжы нашага трэцяга варатара — Аляксея Бяляўцава. Ён стаў памыляцца пасля таго, як прапусціў у свае вароты першы хуткі гол з адскокам ад штангі. Яго партнёры па абароне таксама захваляваліся і сталі пакідаць без апекі ў штрафной пляцоўцы апекуноў.

Пакрыўдзіла пастаўчан і спрэчнае рашэнне віцебскага суддзі не прызначаць пенальці ў вароты сенненцаў пасля грубага фолу суп­раць нашага цэнтрфорварда Германа Чаляя. А сапернік, укамплектаваны ігракамі з абласнога цэнтра, загуляў яшчэ актыўней і неўзабаве падвоіў лік на табло — 2:0. Непрыемнасці нашай каманды на гэтым не скончыліся: судзейскі свісток зноў прамаўчаў, калі ў штрафной сенненцаў пасля праходу быў збіты наш атакуючы паўабаронца Андрэй Вілейта. Саперніку, наадварот, удача ўсміхнулася ў трэці раз. Аднак у канцоўцы першага тайма пастаўчане ўсё ж скарацілі розніцу ў ліку дзякуючы фланговай камбінацыі і трапнаму стрэлу Ула­дзіміра Камісарчука — 3:1.

У другім тайме гульня прадоўжылася на сустрэчных курсах, а сапернік вызначыўся яшчэ раз і не дазволіў нашым прадоўжыць барацьбу ў кубкавым турніры. Павучальную для сябе сустрэчу ў Сянно правялі Бяляўцаў, Маршын (М. Зелянкевіч), Голубеў, Дубін, Касенка, Пурлан, Звяруга (Іваноў), Камісарчук, Жылевіч (Цыўнель), Вілейта (Курцэвіч), Чалей.

Пастаўчане цяпер крыху адпачнуць і прадоўжаць падрыхтоўку да фінішнага адрэзка з 6 матчаў першынства ў дывізіёне «Віцебскі». Яшчэ тры сустрэчы 1/8 фіналу завяршыліся прадказальна: «Гарадскія львы» (Гарадок)—ФК «Лепель» — 6:1, ФК «Міёры»—ФК «Ліёзна» — 7:0, ФСК «Орша»—«Полацк-2019» — 5:1.

У 1/4 фіналу матчы завяршыліся так: «Гарадскія львы» (Гарадок)—«Дарожнік» (Орша) — 0:4, ФК «Міёры»—ФК «Чашнікі» — 14:0, ФСК «Орша»—«Дзвіна» (Бешанковічы) — 11:0, ФК «Сянно»—«Газавік» (Віцебск) — 1:3.

У выхадныя ў паўфінале паміж сабой згуляюць міёрцы з аршанскім «Дарожнікам», а ФСК «Орша» — з «Газавіком». Нашу каманду 19  жніўня чакае важная сустрэча ў Полацку, а 27-га — паядынак дома з віцябчанамі.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.