Сильный ветер и дождь не нанесли большого вреда в Поставском районе, но хлопот добавили

Общество

На панядзелак сіноптыкі прагназавалі аранжавы ўзровень небяспекі з-за моцнага дажджу і шквалістага ветру. З раніцы ярка свяціла сонца, слупок тэрмометра набліжаўся да 30 градусаў. Пасля абеду я адправілася на Камайшчыну. Райцэнтр пакідала пры добрым надвор’і. А як мінулі Дварчаны, на лабавым шкле машыны сталі з’яўляцца кроплі даж­джу. Ён узмацняўся, здаецца, з кожным дзясяткам метраў. Да Камай пад’язджалі ўжо ледзь не ўсляпую, арыентуючыся толькі на раздзяляльную паласу дарогі. Неба паласавала маланка, разносіліся грымоты, неўзабаве пасыпаўся буйны град. Дзесьці праз паўгадзіны навокал паспакайнела.

З Камай наш маршрут пралёг у Навасёлкі. Па дарозе за Соўкамі дарога была закідана абламанымі вялікімі галінамі дрэў, якія перакрывалі праезд. Тут ужо працавалі работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132»: распілоўвалі раскіданае галлё, ссувалі яго амкадорам на абочыну.

 

— Памятаеце, колькі незадаволеных было, калі мы тут некалькі гадоў таму абразалі старыя дрэвы? Маўляў, знявечылі таполі, — гаварылі дарожнікі. — А яны за год абраслі маладымі галінкамі і сталі прыгожымі, а галоўнае — бяспечнымі. Сёння вецер абламаў менавіта старыя дрэвы і галлё. Яшчэ шчасце, што, падаючы, яны не пашко­дзілі аўтамабілі. А маглі і лю­дзей скалечыць.

Менавіта падзенне старых аварыйных дрэў стала прычынай перабояў у падачы электраэнергіі ў некаторых населеных пунктах раёна. У дыспетчарскую РЭС паступіла 48 заявак. На ліквідацыі наступстваў непагадзі найдаўжэй затрымаліся ў Лукашове. Ра­зам з дарожнікамі РЭСаўцы распілавалі паваленыя дрэвы, а затым нацягнулі правады. Работы доўжыліся больш чым 4 гадзіны. Дзве аварыйныя брыгады выехалі на дапамогу калегам з Глыбоцкага раёна.

Работнікі УП ЖКГ убралі некалькі зламаных дрэў на вуліцах райцэнтра і ў гарадскім парку.

Стыхія Пастаўшчыне не нанесла вялікага ўрону. Найбольш пацярпелі ад яе Полацкі і Лепельскі раёны.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.