Состоялось выездное заседание президиума райсовета депутатов

Местная власть

У мінулы чацвер у аг. Парыж адбылося выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. На парадак дня выносіліся два пытанні: «Аб выкананні пастановы прэзідыума райсавета ад 19.10.2022 30 «Аб сумеснай дзейнасці аддзела па надзвычайных сітуацыях і раённай назіральнай камісіі па арганізацыі пажарна-прафілактычнай работы на тэрыторыі сельсаветаў» і «Аб рабоце устаноў культуры Казлоўшчынскага сельсавета па арганізацыі адпачынку насельніцтва, прапагандзе здаровага ладу жыцця, папулярызацыі народных традыцый і абрадаў».

Назіральныя камісіі недапрацоўваюць

З інфармацыяй па першым пытанні выступіў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталій Ожаль. З яе вынікае, што за першае паўгоддзе аператыўная абстаноўка з пажарамі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года стабілізавалася. На тэрыторыі раёна іх адбылося 19 (у 2022-м — 29). У агні загінулі 3 чалавекі (усе яны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення). Асноўныя прычыны пажараў — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі электрычных сетак і абсталявання.

Прадстаўнік РАНС падрабязна прааналізаваў работу назіральных камісій. З пачатку года яны працавалі 139 разоў і выявілі 225 фактаў, якія стваралі пагрозу бяспецы жыццядзейнасці, 127 ухілены. Абследаваны 1 623 домаўладанні, з іх 244, якія найбольш падвергнутыя рызыцы ўзнікнення надзвычайных сітуацый. Гаспадары гэтых дамоў вядуць асацыяльны лад жыцця, схільныя да злоўжывання спіртнымі напіткамі. Таксама абследавана жыллё прыёмных, апякунскіх, мнагадзетных сем’яў і тых, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адзінокіх інвалідаў і пенсіянераў.

Аднак тэмпы і якасць работы камісій вымушаюць жадаць лепшага. Так, у Камайскім сельсавеце такая камісія за 6 месяцаў працавала ўсяго 7 разоў, і к канцу года не паспее скончыць абследаванне домаўладанняў катэгараваных грамадзян. У дзейнасці назіральнай камісіі, створанай пры Навасёлкаўскім сельвыканкаме, ні разу не прымалі ўдзелу прадстаўнікі ААТ «Навасёлкі-Лучай» і УП ЖКГ, у чыім падпарадкаванні знахо­дзіцца жыллё. У актах камісіі пры Курапольскім сельвыканкаме не ўказана, колькі патрабуецца аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, няма звестак пра блізкіх родных адзінока пражываючых грамадзян.

Тэму прадоўжылі в.а. старшыні Дунілавіцкага сельскага Савета Таццяна Вайткевіч і старшыня Ярэўскага сельскага Савета Людміла Ціцянкова. Яны праінфармавалі прысутных пра тое, як арганізавана пажарна-прафілактычная работа на тэрыторыі іх сельсаветаў.

У Дунілавіцкім сельсавеце назіральнай камісіяй абследавана 126 домаўладанняў, у тым ліку 7 — паўторна. У 15-і выяўлены парушэнні правілаў пажарнай бяспекі пры абуладкаванні і эксплуатацыі пячнога ацяплення, устаноўлены тэрміны ўхілення недахопаў. У 2-х — парушэнні правілаў эксплуатацыі электрычных і цеплавыкарыстальных установак (яны ўжо ўхілены). Выяўлена чацвёра грама­дзян працаздольнага ўзросту, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Яны разгледжаны на пасяджэнні Савета грамадскага пункта аховы правапарадку, з імі праводзіцца прафілактычная работа. 27 грамадзянам рэкамендавана ўстанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ва ўсіх пакоях.

На тэрыторыі Ярэўскага сельсавета ў 21 населеным пункце пражывае 1 003 чалавекі, размешчаны 583 жылыя дамы, з іх 204 выкарыстоўваюцца для сезоннага пражывання. У сельвыканкаме складзены і два разы на год карэкціруюць спісы катэгараваных грамадзян. Усяго першачарговаму абследаванню належаць 108 домаўладанняў. За 6 месяцаў абследавана 86, у тым ліку 55, якія належаць катэгараваным грамадзянам. У некаторых печы і электраправодка не адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі. У 40 адсутнічаюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Устаноўлена 35 фактаў парушэння пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, 6 — электрычных і цеплавыкарыстальных установак. Сельвыканкам сумесна з усімі зацікаўленымі суб’ектамі праводзіць работу па ўхіленні выяўленых недахопаў.

Не толькі расказалі, але і паказалі

Разгляд другога пытання парадку дня выязнога прэзідыума пачаўся з выступлення дырэктара Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Ксеніі Грэські. Ксенія Вячаславаўна падкрэсліла, што Пастаўшчына можа па праву ганарыцца разнастайнасцю і самабытнасцю сваёй культурнай прасторы. У раёне працуюць 19 бібліятэк, 17 клубных устаноў, 3 школы мастацтваў, музей. Павышэнню культурнага ўзроўню жыхароў раёна садзейнічае работа 160 калектываў мастацкай творчасці, у тым ліку 86 — для дзяцей.

За першае паўгоддзе работнікамі культуры ў раёне праведзена 2 065 мерапрыемстваў. Творчыя калектывы сельскіх устаноў культуры прымаюць актыўны ўдзел у розных раённых і абласных мерапрыемствах, вялікую ўвагу звяртаюць на абслугоўванне жыхароў малых і аддаленых вёсак.

Пра тое, як гэта ажыццяўляецца ў Казлоўшчынскім сельсавеце, расказала старшыня сельвыканкама Ірына Кукоўская. На яго тэрыторыі дзейнічаюць Парыжскі сельскі Дом культуры, Парыжская і Казлоўшчынская сельскія бібліятэкі. Установы культуры шмат робяць па арганізацыі адпачынку розных узроставых катэгорый насельніцтва, правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, прапагандзе здаровага ладу жыцця, захаванні і развіцці народных традыцый, выяўленні творчых здольнасцей сярод моладзі і дзяцей.

Зладжана працуе невялікі, але вельмі творчы калектыў Дома культуры на чале з Галінай Іваноўскай, стаж работы якой 35 гадоў. Усяго на 5 гадоў ён меншы ў рэжысёра Марыны Канчэўскай. А хіба магчыма абысціся без вопытнага акампаніятара Міхаіла Іваноўскага? Працуе 10 клубных фарміраванняў, у тым ліку 7 — мастацкай самадзейнасці, 2 гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жаночы клуб «Сельчанка».

У Доме культуры праводзяцца канцэрты, агеньчыкі, вечары адпачынку, дыскатэкі, спартландыі і іншае. Асаблівая ўвага звяртаецца на папулярызацыю народных традыцый, абрадаў і свят. Менавіта веданне культуры роднага краю, вытокаў свайго роду дапамагае выхоўваць чалавека-патрыёта, які зможа правільна арыентавацца ў сучасным свеце.

Немалаважная роля ў культурнай прасторы належыць бібліятэкам. Гэтыя ўстановы не толькі збіраюць і прапагандуюць кніжнае багацце, але і право­дзяць з чытачамі розныя мерапрыемствы. Бібліятэкары Тэрэза Барташэвіч і Вольга Бервячонак робяць усё магчымае, каб іх установы адпавядалі патрэбам сучаснасці.

Ірына Кукоўская прывяла дзясяткі фактаў актыўнай творчай дзейнасці мясцовых устаноў культуры. Аднак адна справа — пачуць, зусім іншая — убачыць. Удзельнікі выязнога прэзідыума атрымалі такую магчымасць: самадзейныя артысты Парыжскага сельскага Дома культуры паказалі канцэрт. Адметна, што ў ім удзельнічалі не толькі культработнікі, але і радавыя працаўнікі іншых сфер, а таксама зусім юныя артысты. Усім прысутным спадабаўся прадуманы, з улікам сельскага гледача, рэпертуар.

Удзельнікі выязнога прэзідыума наведалі Навадруцкую яслі-сад—базавую школу. Яе дырэктар Таццяна Астроўская азнаёміла з дзейнасцю ўстановы. Асабліва ўразілі ўсіх багатыя экспазіцыі школьнага музея. А настаўніца гісторыі Святлана Латыш правяла цікавую экскурсію.

Як і належыць, па абодвух пытаннях прыняты пастановы, пастаўлены канкрэтныя задачы і вызначаны тэрміны іх выканання.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.