В Поставском районе на уборке урожая появились первые тысячники

Главное Сельское хозяйство

У суботу ўшаноўвалі першых тысячнікаў Пастаўшчыны — вадзіцеля Паўла Кеўліча і камбайнера Мікалая Махоня з ААТ «Камайскі-агра».

З віншаваннямі, граматамі, грашовымі прэміямі і падарункамі прама ў поле каля Буцавіч, дзе ўбіралі пшаніцу, прыехалі кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, прафсаюзныя лідары Іна Далецкая і Васілій Катовіч, намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы малочнага завода Канстанцін Гайлеўскі, выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Камайскі-агра» Аляксандр Даніленка, работнікі культуры.

Павел Кеўліч чакаў, калі камбайнер падасць сігнал, што бункер поўны, а Мікалай Махонь рабіў круг за кругам, напаўняючы яго зернем. Пад’ехаўшы да ганаровых гасцей, спыніў свой КЗС-1218, і пакуль спускаўся па металічнай  лесвіцы з мосціка камбайна, яго віталі музыкай. Работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна падрыхтавалі для тысячнікаў сімвалічныя снапы пшаніцы, цёплыя словы віншаванняў і песні. Першым лідараў жніва прывітаў Сяргей Чэпік.

— Я рады, што сёлета першыя тысячнікі з’явіліся на Камайшчыне, якая некалі была сапраўднай жытніцай, — гаварыў Сяргей Васільевіч. — Былая слава сельгаспрадпрыемства павінна адрадзіцца. Тут жывуць працавітыя людзі, сярод іх — Мікалай і Павел. Віншую з першай тысячай! Наперадзе яшчэ нямала работы і ёсць шанс дасягнуць новых рэкордаў.

Ганаровае званне «тысячнік» — запаветная мара кожнага камбайнера і вадзіцеля: тым, каму пакарыцца гэты рубеж першым, — асаблівая пашана.

У мінулыя гады такога выніку найхутчэй дабіваліся хацілаўцы. Яны, навасёлкаўцы і камайцы з адрывам усяго ў некалькі дзясяткаў тон ідуць адзін за адным і сёлета. Заставалася інтрыгай, хто перахопіць лідарства. У пятніцу, бліжэй к вечару, радасная вестка прыйшла з Камай. Абодва тысячнікі на жніве — людзі не новыя. Для Мікалая Махоня гэта 43-е жніво. 29 з іх прайшлі на палях Докшыцкага раёна. 14 гадоў таму ён пераехаў у Камаі. У 55 пайшоў на льготную пенсію, але сядзець без справы не можа. Кіраўніцтва гаспадаркі рада, што Мікалай Васільевіч не пакідае рады хлебаробаў. Тысячу намалочваў кожны год, а сёлета — першым у раёне. Калі б не перашкодзілі дажджы, мог бы стаць нават першым у вобласці, бо з пачатку жніва на Віцебшчыне яму не было роўных па намалотах.

Паўлу Кеўлічу — 35. Апошнія 5 гадоў нязменна ў ліку першых тысячнікаў. У 2019-м на свой рахунак запісаў больш за 2 000 тон перавезенага збожжа. Летась да гэтага паказчыка не хапіла каля дзвюх соцень тон.

— Пачалася сяўба азімых, і я стаў падвозіць зерне да сеялак, а жніво завяршалася без мяне, — тлумачыў. — Але і пра будучы ўраджай таксама трэба дбаць. У мінулым годзе пасеялі шмат азімых, сёлета яны, нягледзячы на сухое лета, даюць нядрэнны ўраджай. Ёсць намалоты, ёсць што перавозіць. Машыне — 14 гадоў. Увесь час я яе гаспадар, можа, таму і не падводзіць. Вядома, нялёгка. У разгар уборкі няма паняцця пра нарміраваны рабочы дзень. Дома я госць: рана іду на працу, позна вяртаюся. А ноч, бывае, і на зерняскладзе дзяжуру. Жонка разумее важнасць маёй работы. Ды і зарабіць у гэты час удаецца нядрэнна.

Урачыстасць у полі была кароткай. Тысячнікі слухалі словы падзякі за працу, песні, давалі інтэрв’ю журналістам. Але бачна было, што ім карцела хутчэй зноў уключыцца ў работу.

— Сіноптыкі прагназуюць пасля абеду дождж, — казалі. — Трэба паспець убраць як мага больш і ўхапіць пабольш тон збожжа. Шкада, калі колас дажджом да зямлі прыбіваецца і страчваецца ўраджай.



Сяргей Чэпік, старшыня райвыканкама

Праца на зямлі — пачэсная, але вельмі нялёгкая. Умовы надвор’я сёлетняга года былі надзвычай складанымі: больш чым два месяцы без дажджу. З-за засухі не ўсюды, як належыць, наліўся колас. Таму тое, што вырасла, трэба не змарнаваць, а сканцэнтраваць усе сілы і сродкі для таго, каб за кароткі тэрмін завяр­шыць уборку. Такую задачу паставіў перад аграрыямі і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, калі праводзіў рэспубліканскую селектарную нараду. Таксама ён нагадвае нам пра гэта падчас рабочых паездак па рэгіёнах.

Пакуль Пастаўскі раён — лідар у вобласці па тэмпах жніва і ўраджайнасці. На 8 жніўня ўбрана амаль палова плошчы. Сярэдняя ўраджайнасць складае 34,1 цэнтнера з гектара. Затрымацца на такім узроўні, вядома, не атрымаецца, бо яравыя культуры слабейшыя. Ніжэйшым у параўнанні з леташнім будзе і валавы намалот збожжа. 4,5 тысячы гектараў, дзе яшчэ ў пачатку лета было бачна, што не дадуць належнага намалоту, скасілі і заклалі зернесянаж на корм жывёле. Парадаваў сёлета азімы ячмень. У «Камайскім-агра» ён займаў 400 гектараў з сярэдняй ураджайнасцю 41,6 цэнтнера з гектара, у Хацілах і Навасёлках яна склала 52,8 і 42,3 адпаведна. Азімая пшаніца ў гэтых гаспадарках на асобных участках дае па 60-65 цэнтнераў. Гэта сведчыць пра тое, што, нягледзячы на выпрабаванні надвор’ем, можна дабівацца высокіх ураджаяў. Трэба толькі ўсё рабіць па тэхналогіі.



А ў панядзелак – папаўненне

Раніцай у панядзелак з першым намеснікам старшыні райвыканкама Генадзіем Лютынскім і Васіліем Катовічам адпраўляемся ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» да Генадзія Анкудовіча. У гаспадарцы ён трэці год. Але і за гэты кароткі перыяд зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Летась у ліку першых намалаціў тысячу тон збожжа, і гэта на старым камбайне з 10-метровай жняяркай. Абышоў нават тых, на чыіх камбайнах яна шырэйшая. Быў удастоены гонару ўдзельнічаць у абласным свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. На ім атрымаў Падзячнае пісьмо Віцебскага аблвыканкама.

Сёлета сельгаспрадпрыемства атрымала новы камбайн, і яго замацавалі за Генадзіем. Прызнаўся, што гэта стала прыемнай нечаканасцю. А паколькі машына сучасная і ўраджай нядрэнны (на асобных палях азімая пшаніца дае больш за 60 цэнтнераў з гектара), і «набралася» тысяча.

Віншаванні ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі камбайнер-тысячнік прымаў у полі каля Курсевіч. Генадзій Пятровіч вельмі сціплы, не любіць фатаграфавацца і даваць інтэрв’ю, таму затрымаўся толькі на хвілінку. І зноў паплыў па пшанічным полі яго «карабель».

А пасля абеду з Васіліем Катовічам і намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццянай Андрэевай зноў паехалі ў Навасёлкі, бо там тысячнікам стаў вадзіцель Андрэй Падгайскі. Лівень спыніў работу ў полі, таму пераможцу віншавалі на тэрыторыі майстэрні.

— Зусім не плённы дзень, — прызнаўся Андрэй. — Учора перавёз 160 тон збажыны, сёння — толькі 20. Але тысяча набралася!

Андрэй з кагорты патомных аграрыяў. На навасёлкаўскай зямлі працавалі яго прадзеды, дзяды. Тут знайшлі сваё прызванне бацькі. Застаўся ў роднай вёсцы і ён. Ажаніўся, маладой сям’і гаспадарка выдзеліла добраўпарадкаваную кватэру ў новым электрадоме.

З-за праліўнога дажджу пасля абеду былі вымушаны пакі­нуць поле і камайскія хлебаробы. Вадзіцеля Міхаіла Шылько і камбайнера Аляксея Яркоўскага, якія сталі яшчэ двума тысячнікамі гаспадаркі, запрасілі ў кабінет выконваючага абавязкі дырэктара ААТ «Камайскі-агра» Аляксандра Даніленкі. Настрой у мужчын быў не вельмі: здаецца, не радавалі іх ні граматы, ні прэміі.

— Лепш сонечнае надвор’е падарылі б хоць на дзесяцідзёнку, — казалі. — А то сёння так уліло, што заўтра, можа, і не выедзем.

Пасля таго як у сацыяльных сетках з’явіліся здымкі з ушаноўвання тысячнікаў, у мяне некаторыя пыталіся: як так здарылася, што камайцы абышлі іншых? Усё проста: пра сёлетнюю ўборачную ў гэтай гаспадарцы думалі з мінулай восені. Тут на самай большай плошчы ў раёне (400 га) пасеялі азімы ячмень. І не прагадалі. Культура дала амаль 42 цэнтнеры з гектара. На яе ўборцы камбайнеры, ва­дзіцелі і «схапілі» першыя тоны збожжа. Пасля азімага ячменю плаўна ўключыліся ва ўборку азімага рапсу. І ён урадзіў нядрэнна. Цяпер убіраюць азімую пшаніцу. Намалоты таксама важкія.

Упэўненая, стараюцца хлебаробы ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Але часам аднаго старання мала — патрэбна ўра­джайная ніва.

Пачалі сяўбу рапсу

Першым вывеў у поле сеялку механізатар ААТ «Камайскі-­агра» Іосіф Гайлюн, пад азімы рапс у гэтай гаспадарцы адведзена 900 гектараў. Затым закіпела работа ў ААТ «Хацілы-агра». Тут сее Віктар Мікалаеў. На 100 гектарах з запланаваных 200 насенне ўжо загорнута ў глебу.

Перш чым распачалі работу сеяльшчыкі, пашчыравалі механізатары на ворыве, падрыхтоўцы глебы. З-за засухі на некаторых участках прыходзілася рабіць па некалькі слядоў дыскамі, культыватарамі.

Вырошчванне рапсу — нялёгкая і карпатлівая справа, ад якой не заўсёды можна атрымаць жаданы вынік. Аднак гэта культура найбольш высокарэнтабельная. Невыпадкова плошчу пад яе ў раёне пашыраюць: сёлета вырошчвалі на 2 229 гектарах, цяпер плануюць пасеяць на 3 700. Задача хлебаробаў — зрабіць усё строга па тэхналогіі, укласціся ў вызначаныя тэрміны і ў наступным годзе атрымаць высокі ўраджай.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.