9 сентября в Витебске прошел открытый шахматный темпо-турнир, посвященный Дню народного единства

Спорт и туризм

9 верасня на базе шахматнага клуба ДСФК «Віцебск» прайшоў 103-і Віцебскі адкрыты шахматны тэмпа-турнір, прысвечаны Дню народнага адзінства, які адзначаецца ў нашай краіне 17 верасня.

Наймацнейшых выяўлялі ўсяго на 25-і шахматных дошках. Арганізатары спаборніцтваў пайшлі на такі крок, каб падняць рэйтынг турніру. Але гэта ім не ўдалося, бо было зроблена выключэнне для юных прыхільнікаў старажытнай гульні з абласных спартыўных школ з не самым высокім рэйтынгам. А самы высокі ён сярод усіх удзельнікаў быў у 10-разовай чэмпіёнкі Рэспублікі Беларусь, міжнароднага гросмайстра Рахіль Эйдэльсон і майстра спорту Расійскай Федэрацыі Рыгора Пагасяна са Смаленска — 2 300 балаў. Па традыцыі гульні праходзілі ў 9 тураў па швейцарскай сістэме з рэгламентам часу 5 хвілін плюс 3 секунды на кожны зроблены ход. А ў цэлым кожнаму іграку давалася 7-8 хвілін на партыю.

Пастаўскі раён на спаборніцтвах прадстаўлялі трое спартсменаў: вучань 11 класа СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Віталій Дзямідаў, работнік малочнага завода Станіслаў Цыбульскі і самы вопытны ветэран шахмат Авенір Чырванец. Забягаючы наперад, скажу, што са стартавым складам каманды мы ўгадалі на ўсе 100%.

У намінацыі «Сельскія шахматысты» разам з нашымі спартсменамі ў турніры прымалі ўдзел 11 шахматыстаў з Оршы, Лёзна, Бешанковіч, Гарадка і Верхнядзвінска. Пасля першых стартавых тураў С. Цыбульскі меў 2,5 з 3-х магчымых ачкоў і замыкаў тройку наймацнейшых сярод усіх удзельнікаў. У самай канцоўцы наступнага тура ён прызнаў сваё паражэнне ў гульні супраць кандыдата ў майстры спорту Рэспублікі Беларусь Міхаіла Гадзданкера (Віцебск). Гэта асечка не выбіла нашага шахматыста з каляіны, бо пазней ён атрымаў ажно тры знакавыя перамогі. А магло б быць і больш, але С. Цыбульскі ў 7-м туры, гуляючы чорнымі фігурамі, меў перавагу над віцябчанінам М. Масленкам. Сапернік ад безвыходнасці аб’явіў шах, а пазней — мат. І калі шах быў, то мата не было і блізка. У запале барацьбы наш зямляк прызнаў паражэнне. Дарэчы, гэта партыя была прызнана самай кур’ёзнай. Набраўшы 5,5 ачка, С. Цыбульскі трапіў у дзясятку наймацнейшых і паказаў самы лепшы вынік сярод сельскіх шахматыстаў. Другі вынік у гэтай намінацыі ў Авеніра Чырванца — 5 балаў. Ветэран можа ганарыцца, бо ў напружанай барацьбе ў 5-м туры правёў прыгожую камбінацыю і прымусіў капітуляваць майстра спорту Рэспублікі Беларусь Аляксея Чапёлкіна з Віцебска. Бязлітасным было жэрабя да шахматнага вундэркінда з СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Віталія Дзямідава, калі яму выпадала гуляць з моцнымі сапернікамі. Не ўсё атрымалася, але дарагога каштуе нічыйны зыход з Ліянгай Хімешай са Шры-Ланкі, якая на сваёй радзіме мае шахматны разрад кандыдата ў майстры спорту. 4,5 ачка дазволілі Віталію замкнуць прызавую тройку. Такім чынам, увесь п’едэстал гонару ўпершыню наш!

Што да канчатковых вынікаў, то 103-і тэмпа-турнір выйграў Аляксандр Камека з абласнога цэнтра. У яго актыве 8 ачкоў і ніводнай прайгранай партыі. Адразу 5 шахматыстаў набралі па 6,5 ачка, таму прыйшлося падлічваць дадатковыя паказчыкі, якія вывелі на 2-е месца Рыгора Пагасяна. Тройку прызёраў замкнуў Аляксандр Багрэц.

11 каманд аспрэчвалі званне наймацнейшага калектыву. Як і прагназавалася, перамаглі ветэраны шахмат на чале са славутай Р. Эйдэльсон. У актыве пераможцаў — 21 ачко. 18,5 набралі аршанцы. Перад апошнім турам трэці радок дзялілі паміж сабой каманды Пастаў і Смаленска. На фінішы іх абышлі выхаванцы ДЮСШ №8 з вынікам 16,5 бала. На ачко менш у Смаленска. 15 ачкоў і выніковае 5-е месца ў пастаўчан.

Юрый Катовіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.