Фоторепортаж: В Воропаево прошла молодёжная диалоговая площадка «Разам з мастацтвам»

Культура

Разам праз мастацтва — пад такой назвай у Варапаеўскім гарпасялковым Доме культуры прайшла дыялогавая пляцоўка. Яе пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі арганізавалі артысты Маладзёжнага тэатра эстрады.

У творчай сустрэчы ўдзельнічалі папулярная арт-група «Беларусы», вядомыя беларускія спявачкі Алена Грышанава і Гюнэш, саліст Маладзёжнага тэатра эстрады Дзмітрый Сяргееў.

Марафон стартаваў яшчэ вясной, — гаварыла мадэратар праекта Кацярына Шумская.Артысты беларускай эстрады ўжо пабывалі ў многіх гарадах і аграгарадках. Сёння завіталі ў Варапаева. Наша мэта — расказаць юным гледачам пра магчымасці, якія ёсць у Беларусі для тых, хто хоча звязаць сваё жыццё з мастацтвам. Сталічныя госці раскажуць пра свой шлях у прафесію, прадэманструюць узровень свайго выканальніцкага майстэрства, падзеляцца творчымі дасягненнямі. Фармат мерапрыемства адкрыты і свабодны, кожны можа задаць артыстам пытанні.

Адкрылі сустрэчу «Беларусы» ў складзе лірычнага тэнара Віталія Зюскінда, баса Ігара Рацівых, драматычнага тэнара Андрэя Коласава і тэнара-альтына Антона Зараўняднага. Кіраўнік групы Валерый Шмат прые­хаць не змог. Вельмі цікава было паслухаць кожнага ўдзельніка. Мужчынская вакальная эстрадная група створана ў лютым 2005 года. Адметнай яе рысай з’яўляецца спалучэнне акадэмічнага і эстраднага вакалу, частая змена рэгістраў і тэмбраў. Артысты расказвалі пра адрозненні працы ў якасці саліста і ў групе, калі даводзіцца спяваць на пяць галасоў, пастаянна прыслухоўвацца адно да другога, мець пачуццё локця.

Рэпертуар арт-групы ўключае ў сябе сусветную класіку, аўтарскія творы, рэтра, поп-музыку, рок, нумары з опер і мюзіклаў, народныя песні. Вялікую ўвагу артысты ўдзяляюць захаванню беларускай культуры. Разам з тым Валерый Шмат часта звяртаецца да сусветнай музычнай спадчыны. У 2010 годзе гледачам была прапанавана праграма «Сусветная музыка галасамі «Беларусаў», у якой многія хіты прагучалі адначасова на мове арыгінала і на беларускай мове. Калектыў мае мноства розных грамат. А яго кіраўнік Валерый Шмат узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Выступленне папулярнай групы варапаеўцы сустрэлі гучнымі апладысментамі.

Затым сцэна перайшла ў распараджэнне Алены Грышанавай, Гюнэш і Дзмітрыя Сяргеева.

Я пачынала выступаць разам з сястрой-блізняткай, — успамінала Алена Грышанава. — У нас быў дуэт «Авацыя». На той час я мела ўжо мужа і дачушку, а ў Наташы сям’я толькі складвалася. Яна адмовілася ад кар’еры артысткі, а я паехала ў Кіеў, дзе пачалося маё станаўленне. Затым вярнулася ў Мінск, бо вельмі люблю Беларусь, нашага гледача, і мне тут вельмі добра.

Бацькі Гюнэш — азербайджанцы. Больш за 40 гадоў таму яны пераехалі ў Баранавічы, дзе і нарадзілася будучая спявачка. Яе імя ў перакладзе з азербайджанскай мовы азначае «сонечная». Беларуска з экзатычнай знешнасцю 10 гадоў таму выканала песню «Дочь Востока» і канчаткова замацавала за сабой гэты вобраз. Гюнэш удзельнічала ў 47 міжнародных конкурсах і на кожным перамагала. Прысутным яна параіла ставіць перад сабой мэту і настойліва да яе ісці. А ў нашай краіне таленавітая моладзь мае вялікую падтрымку з боку дзяржавы.

Гэта пацвердзіў і заслужаны артыст Беларусі Дзмітрый Сяргееў. Ураджэнец Маладзечна з дзяцінства марыў іграць на барабанах, але ў музычнай школе яму прапанавалі віяланчэль. З ёй не разлучаўся да 23 гадоў. Скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча імя Агінскага, затым — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва. Вырашыў паспрабаваць саліраваць. Удзельнічаў у шматлікіх конкурсах і станавіўся іх лаўрэатам. З 2004 года працуе ў Маладзёжным тэатры эстрады як саліст-вакаліст. Талент Дзмітрыя высока ацаніў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка і ўдастоіў яго звання заслужанага артыста Беларусі, а таксама ўзнагародзіў медалём Францыска Скарыны.

Пасля шчырага дыялогу сталічныя госці парадавалі гледачоў канцэртнай праграмай. Публіка ацаніла творчыя нумары бурнымі апладысментамі. У Варапаеве яна была вельмі актыўнай, задавала артыстам шматлікія пытанні. А колькі ахвотных было сфатаграфавацца з імі!

Жыхары аграгарадкоў не заўсёды могуць паехаць у Мінск на канцэрт артыстаў беларускай эстрады, — гаварыла старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — І тое, што Варапаева трапіла ў лік 28 населеных пунктаў, у якіх прайшоў або яшчэ пройдзе марафон, для нас унікальная магчымасць бліжэй пазнаёміцца са славутымі спевакамі, якія дасягнулі поспеху і не перастаюць працаваць і развівацца на карысць краіны. Дзякуючы адкрытаму фармату дыялогавай пляцоўкі моладзь змагла задаць артыстам пытанні, пачуць іх расказы пра жыццё, сакрэты поспеху. Гэта добры прыклад для маладога пакалення.

Станоўчыя эмоцыі перапаўняюць, — падключыліся да размовы навучэнцы Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Іосіфа Сушко. — Артысты прадэманстравалі сапраўдны прафесіяналізм. Яны такія адкрытыя і шчырыя! Фатаграфаваліся з кожным, хто хацеў мець фота на памяць, раздавалі аўтографы. Іх расказы пра сябе надалі нам упэўненасці на шляху да дасягнення пастаўленай мэты.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.