Гость редакции — директор Воропаевской школы искусств имени И. Сушко Игорь Гвоздевский

Общество

Ігару Гваздзеўскаму з Варапаева ўсяго 33-ы, а ён ужо 5 гадоў узначальвае Варапаеўскую школу мастацтваў імя Іосіфа Сушко, якую ў свой час заканчваў. Значна большы стаж яго як кіраўніка ўзорнага дзіцячага ансамбля «Званочкі». Прымае актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці і ўвогуле ў грамадскім жыцці гарпасёлка. З ім — сённяшняе інтэрв’ю.

— Ігар Эдуардавіч, давайце з дзяцінства і пачнём. На паступленні ў музычную школу настойвалі бацькі, як гэта часта бывае, ці ў самога з’явілася такое жаданне?

— Усё адбылося выпадкова. Да нас прыехала ў Варапаева з Полацка мая стрыечная сястра, якая займалася ў педвучылішчы з музычным ухілам, іграла на акардэоне. Я ў яе прысутнасці неяк забавіўся старым цацачным баянам. Яна прыкмеціла, што маю добры слых, і параіла бацькам аддаць мяне ў музычную школу. «Дзе ж вы раней былі? — здзівіўся дырэктар Валянцін Жагула, калі мы з мамай прыйшлі туды. — Хлопчык ужо у 6 класе. Калі ён паспее скончыць музычную?» Тым не менш не пазбавіў мяне шанца і нават узяў сваім вучнем. За што я вельмі ўдзячны Валянціну Пятровічу.

— Цяжка было даганяць равеснікаў у вучобе?

— Прызнаюся, асаблівым талентам я не вызначаўся. Але ў мяне быў вопытны і мудры выкладчык. І ў самога з’явілася матывацыя: калі прынялі на вучобу, то я не павінен падвесці. Да таго ж было цікава. Я і да гэтага спяваў на розных мерапрыемствах, што праходзілі ў агульнаадукацыйнай школе, удзельнічаў у конкурсах. А ў музычнай мяне ўключылі ў склад ансамбля «Званочкі». Мы шмат дзе выступалі. Паездкі, прыгожыя касцюмы, сцэна, апладысменты гледачоў… Ну як гэта магло не падабацца? Матэрыял засвойваў лёгка. Каб больш часу аддаваць музыцы, адмовіўся ад некаторых факультатываў у агульнаадукацыйнай школе і нават ад тэатральнага гуртка, які вельмі любіў. Такім чынам, дзякуючы педагагічнаму таленту Валянціна Пятровіча і сваёй стараннасці музычную школу я скончыў за чатыры гады. Затым паступіў у Наваполацкае музычнае вучылішча.

— Складана ў такім юным узросце пачы­наць самастойнае жыццё?

— Не! Студэнцтва стала самымі яркімі гадамі ў маім жыцці. Да самастойнасці мяне прывучылі ў сям’і: мог прыгатаваць страву, прыбраць у пакоях, справіцца з іншай хатняй работай. З гэтым цяжкасцей у інтэрнаце не меў. А вось у камунікацыях са старшакурснікамі на першым часе праблема ўзнікла. Але ў нас, першакурснікаў, склалася трывалае кола сяброў з пяці чалавек. Сябруем да гэтага часу, ужо сем’ямі. Праўда, некаторыя з іх змянілі творчую прафесію на іншую, высокааплатную. Але гэта не стала перашкодай для нашага сяброўства.

— А ў вас не ўзнікала такога жадання?

— Не ўзнікала. Калі я завочна скончыў Віцебскі педінстытут, атрымаў прапанову на службу ў міліцыю. Аднак яна мяне не вабіла. Люблю сваю работу, і мяне ўсё ў ёй задавальняе. За багаццем не ганюся, у замежныя вандроўкі — таксама, а самым неабходным сям’я забяспечаная. Мая прафесія творчая, цікавая. Настаўнікі не старэюць, таму што яны заўсёды побач з дзецьмі.

— А якая ваша сям’я?

— У нас з жонкай Юляй дзве дачушкі. Варвара — чацвёртакласніца, таксама займаецца ў школе мастацтваў па класе фартэпіяна. Міраслава толькі гэтым летам нарадзілася. Будучую жонку ведаў з дзяцінства. Абое выраслі ў Варапаеве, хадзілі ў адну школу, але да пары да часу я яе не заўважаў. І толькі калі ўжо вучыўся ў Наваполацку (а Юля паступіла ў Віцебскі педінстытут), убачыліся ў Варапаеве на дыскатэцы. Запрасіў на танец, потым — на чарговы, правёў дадому. З гэтага і пачалося наша сяброўства, якое хутка перарасло ў каханне. Але Юля была на першым курсе, і я завочна давучваўся ў інстытуце. Мы чатыры гады ездзілі адно да другога на спатканні. Пажаніліся, калі яна ўжо заканчвала вучобу. Атрымаўшы дыплом, прыехала на працу ў Варапаеўскую сярэднюю школу.

— У вашых дачушак прыгожыя і рэдкія імёны. Як выбіралі?

— Тое, што наша дачушка бу­дзе Варварай, мы з Юляй ведалі заўсёды. Нам вельмі падабалася гэта імя. Да таго ж маю прабабулю таксама звалі Варварай. Імя Міраслава выбралі жонка і старэйшая дачушка. Я іх падтрымаў.

— Вы ўспомнілі прабабулю. А наколькі добра ведаеце свой радавод?

— На жаль, пахваліцца не магу, бо звесткі на прабабулях-прадзя­дулях і заканчваюцца. Родныя расказвалі, што прадзядуля быў кавалерам 4-х Георгіеўскіх крыжоў. А вось абодвух дзядуляў добра памятаю. Адзін з іх, Франц Гваздзеўскі, — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені. Прайшоў усю Еўропу, атрымаў цяжкае раненне. Як сёння, стаіць у маіх вачах карціна, калі 9 Мая ў Варапаеве збіраліся ветэраны вайны і на чале калоны ішлі ў гарадскі парк на святкаванне Дня Перамогі. Здаецца, нават чую, як у такт крокаў звінелі на грудзях іх ордэны і медалі.

Вельмі рана, у 52 гады, пасля цяжкай хваробы памерла мая мама. І гэта стала вялікім стрэсам для ўсіх нас: для мяне, таты, старэйшай сястры. Сястра жыве ў Полацку, мы з ёй пастаянна на сувязі. Яна вельмі дарагі для мяне чалавек. Безумоўна, і тата таксама. Мы з Юляй і Варварай некалькі гадоў жылі разам з ім. А потым купілі ўласны дом. Побач з ім — вялікая лазня. І я абсталяваў у ёй куток, у якім сабраў самыя дарагія мне рэчы: сямейныя фотаздымкі (пачынаючы з 1923 года!), франтавыя медалі дзядулі, прадметы хатняга ўжытку і многае іншае. Заходжу ў памяшканне, гляджу на ўсё гэта — і нібыта ў дзяцінства вяртаюся.

— Якое месца для вас самае дарагое?

— Ну, канешне ж, Варапаева! Я тут нарадзіўся, вырас, скончыў дзве школы, тут закахаўся і стварыў сям’ю, тут пачынаў прафесійны шлях і адбылося маё станаўленне. Ведаю амаль усіх людзей, а яны — мяне. Прыгожая прырода навокал. Можна збі­раць грыбы, ягады, лавіць рыбу, ля дома вырошчваць кветкі, агародніну. Заняткаў — хоць адбаўляй, толькі не лянуйся! З трапятаннем адношуся да вёсачак, дзе выраслі мама і тата. Гэта Жуперкі і Кейзікі. На жаль, іх хаты даўно прададзеныя, але тыя мясціны ўсё роўна дарагія майму сэрцу.

Ніколі не ўзнікала думкі змя­ніць месца жыхарства. Радуюся, калі бачу, як у Варапаева вяртаюцца і знаходзяць тут сабе прымяненне многія мае равеснікі.

— Ігар Эдуардавіч, мне вельмі цікава распыт­ваць пра ваша асабістае, але не магу не пацікавіцца і дзейнасцю ўстановы, якую ўзначальваеце.

— Часта ўспамінаю словы Валянціна Пятровіча Жагулы, якія чуў ад яго яшчэ падчас вучобы ў музычнай школе: «Вось сядзеш на маё месца і будзеш ведаць, як «лёгка» працаваць з вучнямі». Мне тады гэта здавалася смешным. Але так і сталася: Валянцін Пятровіч пакінуў пасаду дырэктара і застаўся ў школе выкладчыкам. А на яго месца прызначылі мяне. Калектыў прыняў лаяльна: я вырас на яго вачах. І ведаў, з кім буду мець справу, паважаў і паважаю як выкладчыкаў, так і тэхперсанал.

У нашай школе дзеці навучаюцца па класах фартэпіяна, баяна і акардэона. Працуе 14 педагогаў. Найбольшы стаж у Валянціны Мікалаеўны Тамазанавай, Любові Іванаўны Іванінай, Валянціна Пятровіча Жагулы, якія працуюць з вялікай аддачай. Яны не толькі даюць дзецям трывалыя веды, але і творча рыхтуюць іх да розных конкурсаў, вядуць прафарыентацыйную работу. З маладзейшага пакалення — Ірына Кузьміч, Надзея Мядзюха, Вольга Вежан. Калектыў дружны, зладжаны, ва ўсіх — адна мэта.

— Ведаю: у некаторых школ мастацтваў і профільных каледжаў узнікаюць складанасці з наборам навучэнцаў. У вашай установе такая праблема існуе?

— Сёлета ў нас 89 навучэнцаў. Гэта больш, чым было на пачатак мінулага навучальнага года, але маглі б прыняць і яшчэ. Хачу сказаць пра іншае: мы ганарымся сваімі выпускнікамі, асабліва тымі, якія выбралі прафесіі, звязаныя з музыкай. Нашы зорачкі — Ірына Іршонак, Аляксей Чайкоўскі, Дзяніс Шымук, Крысціна Багу­шэвіч, Марыя Сеганкевіч і іншыя.

А хто не ведае наш узорны дзіцячы ансамбль «Званочкі», які дзейнічае з 1991-га і з якім шмат гадоў працаваў Дзмітрый Кузьміч? «Званочкі» нават у Германіі выступалі. Заўсёды цёпла прымаюць гледачы ансамбль баяністаў. З ліку педагогаў створаны народны калектыў «Заранка», і ён стаў аддушынай для нас. Выступалі не толькі на сцэнах нашага раёна, але і ездзі­лі ў Польшчу, Літву, Латвію.

— Вашай установе прысвоена імя Іосіфа Сушко. Ці ведаюць навучэнцы, хто ён такі?

— Мы ганарымся тым, што школа носіць імя нашага знакамітага земляка, самадзейнага кампазітара, заслужанага работніка культуры БССР Іосіфа Сушко. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пруднікі, працаваў у Варапаеўскай СШ і мастацкім кіраўніком Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры. Стварыў тут вялікі хор, які паспяхова выступаў на розных сцэнах. Дзякуючы чаму і было прынята рашэнне аб стварэнні ў гарпасёлку музычнай школы. Пазней Іосіф Сушко пераехаў у Маладзечна і асабліва праявіў сябе там. Безумоўна, расказваем сваім навучэнцам пра Іосіфа Фаміча. У мінулым годзе да нас прыязджалі яго сын і нявестка, якая працуе ў Міністэрстве культуры. Плануем правесці вечар, прысвечаны яго памяці.

— Ігар Эдуардавіч, дзякуй за размову. І поспехаў у новым навучальным годзе вашаму калектыву!

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.