Областная коллегия по животноводству прошла на Поставщине

Сельское хозяйство

Наш раён займае ў вобласці стабільнае 3-е месца па вытворчасці малака і сярэднясутачных надоях, прапусціўшы наперад Віцебскі і Аршанскі. З мэтай пераняць вопыт дынамічнага развіцця нашага рэгіёна, у тым ліку жывёлагадоўчай галіны, і была праведзена на Пастаўшчыне калегія камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. На ёй прысутнічалі старшыня камітэта Сяргей Ягораў, яго першы намеснік Наталля Бортнік, а таксама кіраўнікі ўпраўленняў, племпрадпрыемстваў, ветурачы раёнаў, іншыя профільныя спецыялісты.

З руін – сучасны комплекс

Першая частка мерапрыемства прайшла на жывёлагадоўчай ферме «Буцавічы» сельгаспрадпрыемства «Камайскі-агра». Тут у сярэдзіне 2000-х гадоў пачалося ўзвядзенне рэпрадуктарнай фермы для сектара адкорму на 24 тысячы свіней. У 2009-м будаўніцтва спынілася. На аформленым стэндзе фота­здымкаў можна было ўбачыць, у якім запусценні знаходзіліся будынкі, і параўнаць іх са здымкамі сучасных памяшканняў, дзе цяпер ўтрымліваецца статак. Работы па ініцыятыве старшыні райвыканкама ўзнавілі ў красавіку 2021-га, а ў лістападзе 2022-га памяшканні сталі запаўняць жывёлай.

Гэта была сапраўды народная будоўля, — расказваў прысутным Сяргей Чэпік. — Першымі сюды прыйшлі леснікі і меліяратары. Адны спілавалі дрэвы, другія зрабілі адвод вады. У адным памяшканні шчыравалі мясцовыя будаўнікі, у другім — будаўнічая брыгада малочнага завода, вялікі аб’ём работ дастаўся дзяржпрадпрыемству «Рассвет Пастаўскі». Будаўніцтвам сянажных траншэй, добраўпарадкаваннем прыфермскай тэрыторыі займаліся работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132». На перапрафіляванне комплексу затрацілі 9,5 міль­ёна рублёў, у тым ліку 1 мільён бюджэтных сродкаў, 4,7 — крэдытных, 3,8 — уласных сродкаў «Камайскага-агра» і малочнага завода, які дапамагаў у набыцці будматэрыялаў, аплаце работ.

Цяпер на ферме ёсць адміністрацыйна-бытавое памяшканне, два будынкі для дойных кароў, сучасная даільная зала на 50 месцаў, радзільнае аддзяленне, 2 тэнтавікі для цялушак злучнога ўзросту, 12 выгульных пляцовак. Тут утрымліваюцца 960 галоў жывёлы, у тым ліку 522 каровы. Сярэдні надой за 8 месяцаў ад кожнай склаў 4 780 кілаграмаў малака. Валавы надой за дзень — 1 450 тон, рэалізацыя — 1 300. На завод кожны дзень рэалізуецца больш за 8 тон малака, сортам «экстра» прадаецца 99,7%. За месяц тут атрымліваюць 252 тысячы рублёў выручкі. Статак абслугоўваюць два асноўныя аператары і адзін падменны. Працуюць 11 жывёлаводаў. За спраўнасцю абсталявання сочаць два слесары. Шмат работы ў заатэхніка-селекцыянера Іны Пяткевіч і ветфельчара Дзмітрыя Карніенкі.

І тэорыя, і практыка

Начальнік комплексу Марына Кірылава і намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Аляксандр Даніленка падрабязна расказалі пра комплекс і плануемае ўзвядзенне прафілакторыя для нованароджаных цялят. Вопытам па арганізацыі ўзнаўлення статка, работу з каровамі і пагалоўем цялушак падзяліўся ветурач малочнага завода Аляксей Дзіковіч. Удзельнікі калегіі змаглі на практыцы ўбачыць працэс расчысткі капытоў, а ветурачы райветстанцыі Дзяніс Саўчук і Станіслаў Кузняцоў паказалі, як праводзяць абязрожванне цялят. На тым, як удаецца атрымліваць здаровы маладняк, лячэбных і прафілактычных мерапрыемствах спыніўся ветурач ААТ «Камайскі-агра» Віктар Жураўлёў. З прадукцыяй Віцебскага зоаветзабеспячэння пазнаёміў яго дырэктар Ігар Парфёнаў.

Удзельнікам калегіі прадэманстравалі касцюмы і абутак для жывёлаводаў на зімова-стойлавы перыяд. Адзін камплект спецвопраткі каштуе 350 рублёў. ААТ «Камайскі-агра» першым увобласці набыў яе.

Затым удзельнікі калегіі сабраліся ў райвыканкаме, дзе пра вынікі работы і меры па захаванні жывёлы далажыў начальнік упраўлення ветэрынарыі абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Бабаед. Праблемныя пытанні па арганізацыі работы па ўзнаўленні статка падняў генеральны дырэктар Віцебскага племпрадпрыемства Фізулі Гасанаў. Пра гатоўнасць жывёлагадоўчых аб’ектаў да зімова-стойлавага перыяду гаварыла Наталля Бортнік. Яна зрабіла акцэнт на тых праблемах, якім кіраўнікам на месцах трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу. А таксама падзякавала кіраўніцтву нашага раёна за магчымасць пазнаёміцца з новымі тэхналагічнымі прыёмамі і пераняць іх.

 

Вопыт пастаўчан – прыклад для іншых

Правесці калегію на базе Пастаўскага раёна было вырашана невыпадкова, — гаварыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў. — Раён значна прыбавіў па вытворчасці малака ў параўнанні з мінулым годам. Такія паказчыкі — вынік гаспадарчага падыходу да арганізацыі працоўнага працэсу, адказнасці і зацікаўленасці як спецыялістаў, так і радавых работнікаў. Старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік не баіцца новаўвя­дзенняў, імкнецца ўкараняць перадавое. Ён падабраў працаздольную каманду спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні на чале з Генадзіем Лютынскім, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Сёлета, нягледзячы на не вельмі спрыяльныя ўмовы надвор’я, на Пастаўшчыне самая высокая ў вобласці ўраджайнасць збожжавых, рапсу. Такія гаспадаркі, як «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», на слыху не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Ферма ў Буцавічах стала першай ластаўкай у перапрафіляванні пакінутых даўгабудаў. Пастаўскі раён — адзіны ў вобласці, дзе актыўна вядзецца будаўніцтва малочнатаварных комплексаў: на Віцебшчыне ўзводзіцца іх 13, 3 — на Пастаўшчыне: у Пагарцах, Бакавічах і Кураполлі. Гэта павінна стаць прыкладам для пераймання іншымі раёнамі.

Выязная калегія — добрая пляцоўка для абмену вопытам, — гаварылі яе ўдзельнікі. — Адбыўся канструктыўны дыялог. Мы пачулі шмат карыснага пра метады вырошчвання здаровага маладняку, лячэнне гінекалагічна хворых кароў, лячэбныя і дыягнастычныя мерапрыемствы з нованароджанымі цялятамі і каровамі пасля ацёлу, фарміраванне прадукцыйнага статка, селекцыйную работу. І зразумелі, што залогам атрымання значна большай колькасці прадукцыі жывёлагадоўлі і яе якасці з’яўляюцца сучасныя тэхналогіі і новыя падыходы ў арганізацыі працы. У нас таксама была магчымасць пагутарыць паміж сабой, абмерка­ваць надзённыя пытанні.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.