С наивысшей урожайностью в области завершили жатву аграрии Поставского района

Важное Сельское хозяйство

З найвышэйшай ураджайнасцю ў вобласці сярод першых завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых хлебаробы Пастаўшчыны.

— 1-е месца ў вобласці — вынік нечаканы?

— Раён тры гады запар займаў 2-е месца. Было да чаго імкнуцца. Яшчэ з восені мы зрабілі ўсё для таго, каб быць першымі: азімымі засеялі 18 000 гектараў, унеслі пад іх неабходную колькасць удабрэнняў. Пасевы добра перазімавалі. Мы іх два разы падкармілі. І разлічвалі на багаты хлебны каравай. З сярэдзіны мая і амаль да канца ліпеня стаяла засуха. Раслінкам не хапала вільгаці. Прыйшоў час налівацца коласу, а дажджоў не было.

— І ўсё ж, улічваючы капрызнае надвор’е, ураджай атрымалі нядрэнны — 34,2 цэнтнера з гектара.

— Дамовіцца з нябеснай канцылярыяй мы ніколі не зможам. Таму трэба навучыцца супрацьстаяць выклікам надвор’я. У тых гаспадарках, дзе на высокім узроўні арганізавана праца, усе работы выконваюць строга ў тэрмін і па тэхналогіі, дзе кіраўнікі і спецыялісты адказна падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў, там і неспрыяльнае надвор’е менш уплывае на вынік. Няма роўных у вобласці ААТ «Хацілы-агра» (дырэктар — Вячаслаў Крыштафовіч), дзе сярэдняя ўраджайнасць складае 70,6 цэнтнера з гектара. Азімая пшаніца тут дала па 74,6, трыцікале — 69,2, азімы ячмень — 52,8, яравы — 60,9. У гэтай гаспадарцы намалацілі 13 264 тоны збожжа, што больш, чым летась. У «Навасёлках-Лучаі» (дырэктар — Юрый Шымчык) ураджайнасць — 45,8 цэнтнера з гектара, валавы намалот — 13 300. Амаль на 700 тон больш, чым летась, намалацілі ў ААТ «Янавіца-агра», ура­джайнасць — 26,9 ц/га.

Каравай раёна склаў 53 917 тон, да мінулагодняга недабралі 9 000 тон. У першую чаргу таму, што слабыя пасевы амаль на 5 000 гектараў скасілі і заклалі ў сянажныя траншэі на корм жывёле. Няхай кожны даў бы хоць па 20 цэнтнераў з гектара, вось і былі б 10 000 тон. І ўсё роўна мы лідары ў вобласці па вытворчасці збожжа на бала-гектар. У Віцебскім і Аршанскім раёнах ураджайнасць склала 32 і 30,6 ц/га адпаведна.

— Жніво прайшло зла­джана?

— Нягледзячы на розныя складанасці, уборка не зацягнулася. Большасць яе ўдзельнікаў — людзі вопытныя і адказныя. Звыш 30 камбайнераў і 20 ва­дзіцеляў дасягнулі тысячнага рубяжа. Генадзій Анкудовіч з ААТ «Навасёлкі-Лучай» летась на старым КЗС-10 абышоў іншых камбайнераў вобласці на такой тэхніцы. Сёлета атрымаў новае «Палессе» і стаў першым двухтысячнікам на Віцебшчыне. Яму не хапіла ўсяго 250 тон да 3 000.

Наша вузкае месца — гэта слабыя зернесушыльныя комплексы ў ААТ «Ярэва-агра», «Янавіца-агра», «Сцяг Перамогі-агра». Ім і іншым гаспадаркам дапамагалі ў давядзенні да патрэбнай кандыцыі збожжа хлебапрыёмнае прадпрыемства і ААТ «Камайскі-агра». Новы зернесушыльны комплекс бу­дзе манціраваць малочны завод. І, спадзяюся, на наступны год сушка збожжа пойдзе хутчэй.

— Пэўны ўклад у каравай бягучага года ўнеслі і гараджане?

— Іх дапамога адчувальная на ўсіх этапах сельскагаспадарчых работ. У тым ліку і на жніве, калі ўсе стараюцца выкарыс­таць кожную пагодлівую хвіліну. На палях ААТ «Сцяг Перамогі-­агра» на камбайнах паспяхова працавалі Сяргей Дварко з «Рассвета Пастаўскага» і Вячаслаў Атрахімовіч з ДЭУ-33. Шмат вадзіцеляў з гарадскіх арганізацый перавозілі збожжа. Работнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Слабадзянюк узяў водпуск і на ўласным МАЗе шчыраваў у ААТ «Кураполле-­агра». Сельгаспрадпрыемству «Дунілавічы-агра» на ўласных аўтамашынах дапамагалі Леанід Кімбар, Анатолій Заруба, Іван Насевіч, Мікалай Бадыгін, фермер Уладзімір Іванковіч — ААТ «Янавіца-агра», вадзіцель лясгаса Ігар Галавін — ААТ «Ярэва-агра».

Адчувальнай была дапамога механізаванага атрада малочнага завода. Стараліся камбайнеры Андрэй Сакалоў (намалаціў больш за 2 000 тон), Васілій Чабуранаў, Мікалай Адзінец, вадзіцель Яўгеній Бяляўскі.

— Камбайны пакінулі жніўныя палеткі, але расслабляцца аграрыям рана…

— Паралельна са жнівом сеялі рапс. Пад яго адвялі 3 909 гектараў. Сёлета парадаваў ураджаем азімы ячмень. Таму плошчу пад гэту культуру павялічылі з 1 000 гектараў да 4 000. Закуплена ў дастатковай колькасці элітнага насення. Дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю, якое ўсталявалася, ужо з’явіліся дружныя ўсходы. Хутчэй за ўсё, прыйдзецца прымяняць стымулятар росту, каб да зімы раслінкі не перараслі.

Рыхтуецца глеба пад сяўбу азімай пшаніцы, вядзецца яе сяўба, уносяцца гліфасаты, прадаўжаецца нарыхтоўка кармоў. Калі першы ўкос траў быў слабаваты, то канюшына другога ўкосу густая. Добра ўрадзіла люцэрна. Яе косяць па трэцім разе. Падцягнулася кукуруза. Неўзабаве пачнём убіраць і яе.

На 40 гектарах трэба выкапаць бульбу, 35 з іх — у ААТ «Навасёлкі-Лучай». Тут разлічваем на дапамогу навучэнцаў дзяржкаледжа.

Жніво — гэта вынік працы, якую выконвалі на працягу года. У хлебны каравай уносяць свой уклад і механізатары, якія вялі ворыва, рыхтавалі глебу да сяўбы, сеялі, уносілі ўдабрэнні. Нельга скідваць з рахункаў прафесіяналізм кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, аграномаў, інжынераў, іншых спецыялістаў. Удзячны кожнаму аграрыю, а таксама гараджанам за тое, што разумеюць важнасць хлебаробскай справы. Толькі агульнымі намаганнямі магчыма дасягнуць поспеху.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.