Татьяна Редькина живет на отшибе опустевшей деревни Ботвиновичи и держит целое стадо коз

Важное Общество

Тэму зноў падказалі чытачы. Мае суседзі — пастаянныя і вельмі зацікаўленыя падпісчыкі «Пастаўскага краю» — сёлетняй вясной купілі ў Бацвінавічах козачку. І з захапленнем расказвалі мне пра яе гаспадыню: «Маладая, прыгожая, але адзінокая, жыве на водшыбе апусцелай вёскі і трымае цэлы статак коз! Ля яе дома — парадак, мноства кветак».

Як было не паехаць у тую вёсачку? Яна за 4,5 кіламетра ад Вярэнек. Уразіла, што палявая дарога заасфальтаваная. Праўда, зроблена гэта некалькі дзесяцігоддзяў назад, таму зразумела, у якім стане штучнае пакрыццё зараз.

— У нашай вёсцы людзі былі вельмі працавітыя, гасцінныя, — расказвала пры сустрэчы Таццяна Рэдзькіна. — Шкада, што з гадамі яна апусцела: толькі ў чатырох хатах круглы год пастаянна жывуць гаспадары, летам прыязджаюць дачнікі. Сюды часта наведваўся старшыня калгаса імя Чапаева Пётр Касцень. Пры ім тут пабудавалі ферму, якой ужо даўно няма, паклалі асфальт, узво­дзілі жыллё. І наш дом — калгасны, але я яго прыватызавала.

Таня з мамай пераехалі ў Бацвінавічы ў 90-я гады з Пастаў, бо ў горадзе не было работы. Дзяўчынка на той час хадзіла ў 6 клас. Яе бацька памёр у зусім маладым узросце. 14 гадоў назад не стала і маці.

— Я засталася адна і не захацела нічога мяняць, — дзялілася Таццяна. — Толькі перастала трымаць свіней. А коз і па 15 у мяне было. Зараз іх усяго 7.

І пералічвае ўсіх па мянушках, расказвае пра нораў жывёлы.

А вось мая задума сфатаграфаваць маладую гаспадыню разам з яе гадаванцамі не ажыццявілася: не пажадалі вольналюбівыя некіруемыя капытныя пазіраваць — і што тут зробіш!

— Можа, трус падыдзе для «дэкарацыі»? — усміхаючыся, прапанавала жанчына. — Ён у мяне паслухмяны.

Падышоў! Такіх вушасцікаў у яе хляве 7. Але хто не ведае, з якой хуткасцю разрастаюцца трусіныя сем’і?

— Яшчэ ў маёй гаспадарцы два сабачкі і дзве кошкі, — жартам прыбавіла Таццяна. І тыя нібыта па камандзе дружна згуртаваліся ля нашых ног. Зрэшты, калі мы толькі пад’ехалі да дома, непрывязаныя Карапуз і Джульета сустрэлі такім залівістым брэхам, што хоць з машыны не выходзь. І толькі ўбачыўшы дружалюб­насць гаспадыні, змянілі гнеў на міласць.

— Як спраўляешся з усім? — пытаюся ў Таццяны, маючы на ўвазе і тое, што яна працуе пакаёўкай у санаторыі «Белая Русь».

— Устаю ў 4 раніцы, — адказвае. — На работу дабіраюся на перакладных. У цёплую пару года да Вярэнек еду на веласіпедзе, зімой — пехатой, адтуль — на рэйсавым аўтобусе да вёскі Нарач, а з Нарачы нас забірае рабочы аўтобус. Добра, што графік — два дні праз два. Але працы ў санаторыі ў мяне вельмі многа. Рабочы дзень — з васьмі раніцы да паловы восьмай вечара. Канечне, стамляюся. Аднак вяртаюся дадому — і тут такая цішыня і спакой! А якая прыгажосць, асабліва залатой восенню!

Мясціны тут сапраўды маляўнічыя. Ля Таццянінага дома — агарод і вялікі сад, галіны яблынь згінаюцца пад цяжарам пладоў. Тут жа калматыя высачэзныя елкі. Адразу за домам — луг, крыху далей — лес.

— Збіраю ягады, вельмі люблю хадзіць у грыбы, — прызналася суразмоўца. — Шкада, што сёлета іх мала. А яшчэ прыцягвае рыбалка. Саджуся на веласіпед і еду да найбліжэйшага балотца або возера. Заўсёды вяртаюся з уловам. Зімой вольным часам вяжу, шыю. Я пасля школы вывучылася на швачку, але работы па спецыяльнасці паблізу тады не знайшлося.

Па дарозе ў Бацвінавічы я разважала: няўжо пакуль незнаёмай мне жанчыне Таццяне Рэдзькінай не сумна ў апусцелай вёсцы? Пазнаёмілася, пагаварыла, убачыла яе гаспадарку, пачула, колькі сіл патрабуецца толькі на тое, каб нарыхтаваць сена для тых жа коз, і зразумела: сумаваць Тані няма калі. А вось радавацца ўсяму, што яе акружае, маладая вяскоўка ўмее.

На развітанне Таццяна папрасіла: «А напішыце, што магу прадаць маладзенькіх козачак і козлікаў. Але толькі ў добрыя рукі!»

Вось вам і рэклама. Калі зацікавіцеся — адрас вядомы. Але я лепш падказала б яго патэнцыйным жаніхам: такая прыгажуня і гаспадыня! А сэрца свабоднае…

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.