В Городке прошёл XXX юбилейный День белорусской письменности, в котором участвовали и поставчане

Культура

На хвалі творчага ўздыму прайшло 2—3 верасня ў Гарадку XXX юбілейнае свята беларускага пісьменства, у якім удзельнічалі і пастаўчане.

Галоўнай яго гераіняй была, безумоўна, кніга, а цэнтральнай падзеяй — уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі пісьменнікам — пераможцам конкурсу. Шматлікія выставы дэманстравалі разнастайнасць перыядычных і кніжных выданняў. Юбілейная дата дазволіла рэзюмаваць вялікі пласт працы пісьменнікаў, выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў літаратуры і засведчыць вялікую падтрымку ў нашай краіне друкаванага слова.

Дарэчы, на свяце дэманстравалі сваю творчасць не толькі пісьменнікі, але і журналісты. Так, можна было азнаёміцца з абласнымі і асобнымі раённымі газетамі, якія выходзяць на Віцебшчыне. Больш за тое, некаторыя рэдакцыі стварылі свае інтэрактыўныя пляцоўкі. У іх ліку і наша. Мае крэатыўныя калегі зрабілі акцэнт на тым, што наш горад з’яўляецца пастаяннай сталіцай Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Яны прадэманстравалі фестывальныя нумары «Пастаўскага краю», буклеты, узоры сувеніраў, якія ў розныя гады атрымлівалі ўдзельнікі фестывалю. Падрыхтавалі і банер «Славутасці Пастаў» і запрасілі ў вершаванае віртуальнае падарожжа па музычнай сталіцы Паазер’я. А ці ведаеце вы, што аб’ядноўвае Гарадок і Паставы? Па-першае тое, што ў нас у 2006 годзе праходзіла святкаванне Дня беларускага пісьменства. А па-другое, наш малочны завод выпускае прадукцыю пад гандлёвай маркай «Паставы-гарадок». А як не ўзгадаць імя Героя Сацыялістычнай Працы, былога старшыні знакамітага на ўсю краіну калгаса імя Суворава Алега Валодзькі, які заканчваў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі?

Аднак вернемся да Пастаў як да фестывальнай сталіцы. Цымбалы ў Гарадок нашы журналісты не павезлі, а вось баян з баяністам прыхапілі. І калі таленавіты музыкант расцягваў яго мяхі, жыхары горада і госці свята не маглі ўстаяць на месцы і пускаліся ў скокі або весялілі прысутных прыпеўкамі. Таксама было шмат ахвотных паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі. Пытанні датычылі музычнай тэматыкі. Людзі з задавальненнем адказвалі на іх і атрымлівалі сувеніры з лагатыпам «ПК».

А прадстаўнікі Пастаўскай раённай арганізацыі БРСМ у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства ўдзельнічалі ў абласным маладзёжным фестывалі «Прастора». Яны праявілі сябе ў абласным чэмпіянаце па хуткаснай зборцы спілс-карты «Ведаю Беларусь», кірмашы студатрадаў, гістарычным квізе «Ведай.by».

Першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова расказвала:

— У Гарадку мы былі ўпершыню. Уразіў горад — у ім чыста, прыгожа, утульна. Фасад аднаго шматпавярховага дома па цэнтральнай вуліцы ўпрыгожаны муралам, прысвечаным гарадам, якія ў свой час былі сталіцамі Дня беларускага пісьменства. Там ёсць і герб нашых Пастаў. А як масава і крэатыўна праходзіла свята! Колькі розных пляцовак было, музыкі, песень, забаў! Адным словам, Гарадок насілкаваў нас асаблівай энергетыкай.

Застаецца толькі да­даць, што ў наступным годзе святкаванне Дня беларускага пісьменства адбудзецца ў г. Івацэвічы Брэсцкай вобласці.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.