…І тчэ ўпэўнена рука. Мастер Елена Кривенькая занимается ткачеством уже 22 года

Культура

Як і ў іншых аналагічных установах, у Пастаўскім Доме рамёстваў вялікая ўвага надаецца захаванню і перадачы нашчадкам традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў свайго рэгіёна. Адно з іх — ткацтва, якім ужо 22 гады займаецца кіраўнік народнага клуба «Майстры» Алена Крывенькая. Яго жанчына асвоіла ў Віцебскім вышэйшым прафесійным вучылішчы народна-мастацкіх рамёстваў, пасля заканчэння якога па размеркаванні трапіла ў «Стары млын».

— У вучылішчы я навучылася ткаць на кроснах дарожкі, ручнікі і сурвэткі, габелены на раме, у Доме рамёстваў — паясы, — расказвала майстрыха. — Працуючы, таксама пераняла ад калег сакрэты стварэння маляванкі і аплікацыі саломкай. Але галоўным для мяне па-ранейшаму застаецца ткацтва. Стараюся пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства ў гэтым рамястве: ужо двойчы ездзіла на курсы.

На працягу многіх гадоў Алена Крывенькая разам з іншымі «млыноўцамі» вырабляла сувенірную прадукцыю да фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Сёлета ўпершыню яна не прыклала руку да створаных для гасцей музычнага форуму падарункаў. І на тое ёсць важкая прычына: Алена Васільеўна рыхтуецца да міжнароднага свята-конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты», які будзе праводзіцца ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску». Для ўдзелу ў ім робіць рэканструкцыю старажытнай дарожкі, знойдзенай у адной з вёсак раёна.

Работа гэта вельмі няпростая. Каб рэканструяваць рэч, перш за ўсё трэба ўмець чытаць па малюнку традыцыйныя народныя запраўкі, якія ў большасці выпадкаў складаныя. Алена Васільеўна асвоіла такую «грамату». Некалькі гадоў назад яна ўдзельнічала ў конкурсе па ткацтве ручнікоў, а таксама разам з іншымі майстрамі «Старога млына» прымала ўдзел у конкурсе традыцыйнага народнага касцюма «Шыўкі майстэрства», зрабіўшы рэканструкцыю пояса.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.