У мінулую пятніцу ў Андронаўскім сельскім клубе сабралася моладзь з усёй Пастаўшчыны — там праводзілася культурна-асветніцкая акцыя «Святкуем па-беларуску».
Гэту акцыю Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна ладзіць ужо каля 10 гадоў з мэтай далучэння маладых людзей да народных традыцый, вытокаў беларускай культуры. Кожны раз яна праходзіць у новым месцы. Сярод тых, дзе адбылася, — Палессе, Гута, Юнькі, Дунілавічы. Мяняецца і тэма, бо акцыю прымяркоўваюць да розных народных свят. Сустрэча ў Андронах прысвячалася Вялікадню.
У пачатку мерапрыемства, на якое завітала не толькі моладзь, але і дзеці, людзі старэйшага пакалення, вядучыя — метадыст ЦКіНТ Таццяна Карпава і кіраўнік народнага калектыву «Юнчанка» Валерый Жук’ян — пазнаёмілі прысутных з традыцыямі і назвамі Вялікадня на Паазер’і. Работнікі культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Андрон расказалі і паказалі, як яго сустракалі і адзначалі. Прысутныя ўбачылі фрагмент валачобнага абраду, паслухалі валачобныя песні, пагулялі ў біткі і іншыя велікодныя гульні з яйкамі, а таксама пачаставаліся імі. Лаўрэат ІІ ступені абласнога агляду-конкурсу фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі «Ад прашчураў да зор» Данііл Дашчынскі расказаў старадаўнюю казку пра Дурнішчу, якая была запісана ад жыхаркі вёскі Манеўшчына Надзеі Гродзь.
На працягу мінулага тыдня, які ў праваслаўных хрысціян быў велікодным, на Пастаўшчыне праходзіў Тыдзень смаку. Гаспадыні раёна знаёмілі ўсіх ахвотных з традыцыйнымі стравамі з таркаванай бульбы, якія з’яўляюцца адным з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. А ў пятніцу прадстаўнікі клубных устаноў прывезлі іх і іншыя прыгатаваныя прысмакі ў Андроны, накрыўшы ў фае клуба адзін вялікі стол. Чаго на ім толькі не было! Розныя віды дранікаў і бульбянікаў, кішка, калдуны, бліны з тварагом, дамашні сыр, хрусты, пірагі, бярозавы квас, раўгеня… Кожная страва — з указаннем, ад каго запісаны рэцэпт. Усё гэта ўдзельнікі сустрэчы маглі прадэгуставаць, а таксама ўзяць рэцэпты таго, што найбольш спадабалася.
Падсілкаваўшыся, госці вярнуліся ў глядзельную залу. Там ім прапанавалі пагуляць у старажытную гульню «Яшчар» і патанцаваць на этнадыскатэцы, якая складася з традыцыйных побытавых танцаў: «Базар», «Нарэчанька», «Падэспань», «Абэрак» і іншых. Юнакі і дзяўчаты з задавальненнем уключыліся ў гэтыя забавы. Мерапрыемства спадабалася і ім, і людзям старэйшага пакалення, якія назіралі за тым, як весяліцца моладзь. Такія акцыі не толькі папулярызуюць беларускую народную культуру, але і знаёмяць з яе рэгіянальнымі, часам унікальнымі, асаблівасцямі.
Не далі знікнуць унікальнаму
Сярод элементаў, унесеных у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, якія характэрныя толькі для Пастаўскага раёна, — ужо згаданая гульня моладзі вёскі Гута «Яшчар», калдуны і дранікі з тварагом.
— Гульню па ўспамінах носьбітаў фальклору адрадзілі работнікі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра разам з удзельнікамі мясцовага маладзёжнага фальклорнага гурта, — расказвала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэська. — У яе аснове старажытнае паданне пра Яшчара, якому прыносілі ў ахвяру прыгожую дзяўчыну, каб ён не знішчыў чалавецтва. Паданне трансфармавалася ў народную забаву, таксама заснаваную на выкупе. Але ў дадзеным выпадку ўжо дзяўчына выкупляе ў Яшчара хустку або вянок. Моладзь гуляла ў гэту гульню на вячорках, на Каляды, Купалле, іншыя святы. Мы цяпер папулярызуем яе. Раней у рамках праекта «Час беларускіх гульняў» хадзілі ў школы і вучылі дзяцей гуляць у тым ліку ў «Яшчара».
Актыўна папулярызуюць культработнікі і беларускія народныя стравы, у прыватнасці з таркаванай бульбы. Гэтым займаецца народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя» Юнькаўскага сельскага Дома культуры.
Ён выязджае са сваімі стравамі на розныя фестывалі за межы раёна, рэгулярна прадстаўляе іх на нашым міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». Падчас апошняга ў Доме рамёстваў ладзілася традыцыйнае свята «Скарбонка талентаў народных», на якое былі запрошаны госці з Казахстана. Як і ўсім прысутным, ім прапанавалі прадэгуставаць бульбяную кішку. Казахі засталіся ад яе ў захапленні. Нічога падобнага раней яны не тое што не каштавалі — не бачылі.
Здзіўляюць некаторыя стравы і беларусаў. У прыватнасці дранікі з тварагом, якія абавязкова ўваходзяць у меню «Традыцыі» для турыстычных груп. Іх рэцэпт культработнікі запісалі ад жыхаркі вёскі Палессе Апалінарыі Семерыковай падчас правядзення этнаграфічнай экспедыцыі. Прычым гэта не страчаны рэцэпт. Яшчэ пару-тройку дзесяцігоддзяў назад такія бліны гаспадыні раёна гатавалі, а магчыма, і цяпер гатуюць, не толькі ў Палессі, але і ў іншых населеных пунктах раёна. Па словах Ксеніі Грэські, калі яна выйшла замуж і жыла ў свекрыві ў Камаях, тая часта падавала іх на стол.
Алена Шапавалава






