Анна и Александр Пачковские из Гуты бережно хранят предметы быта, которыми пользовались их предки

Важное Общество

Хто на Пастаўшчыне не ведае самадзейных артыстаў з Гуты Ганну і Аляксандра Пачкоўскіх? Лёгкія на пад’ём, улюбёныя ў песню і музыку, дзе толькі яны не выступаюць! Але я хачу расказаць пра іншае: як беражліва Пачкоўскія захоўваюць прадметы побыту, якімі карысталіся іх продкі.

Бацькоўскі дом Аляксандра Генадзьевіча ў вёсцы Галбея падобны на міні-музей і ўражвае кожнага, хто сюды трапляе.Тут і прасы на вуглях, бязмены, маслабойка, гліняныя збаны, калаўрот, ліхтары, гадзіннікі, будаўнічыя інструменты, сякеры, швейная машынка, радыёпрыёмнік, розныя карзіны і многае іншае.

— Вось цэлая калекцыя рубанкаў роднага брата майго дзеда, — паказвае Аляксандр Генадзьевіч. — Ён быў майстравым чалавекам і вырабляў мэблю для паноў. А паглядзіце на шыкоўны старадаўні стол з дубу! У нас яго хацелі купіць, але хіба мы маглі прадаць?

Яшчэ адна калекцыя — музычных інструментаў: гармонікі, цымбалы, бубен, балалайка, шумёлкі, губныя гармонікі. Пра іх гаспадар расказвае з асаблівым захапленнем, і яно зразумела. А потым бярэ ў рукі адзін з гармонікаў, расцягвае мяхі — і пакой запаўняе вясёлая мелодыя. Тут як тут і Ганна Адольфаўна з бубнам — калі граць, то дуэтам!

Святочнасці «музейнаму» пакою дадаюць яркая паласатая посцілка, якой засланы ложак, вышываныя навалочкі на падушках, самаробныя сурвэткі і палавікі на падлозе — спадчына Аляксандравай маці.

— А гэта ражок, якім некалі карысталіся чыгуначнікі, праводзячы абходы, — працягвае экскурсію Аляксандр Пачкоўскі. — Я яго бяру з сабой у лес, каб адпуджваць мядзведзяў.

— І што, баяцца? — пытаюся.

— На шчасце, яшчэ не давялося сустрэцца з таптыгіным, — смяецца ён.

Пакінуўшы хату-музей, у двары звярнула ўвагу на вялікі драўляны агрэгат незразумелых для мяне канструкцыі і прызначэння.

— Такой «машынай» нашы продкі ачышчалі зерне, — патлумачыў гаспадар.

У кожнай рэчы — памяць пра тых, хто яе ствараў. І так важна, каб яна захоўвалася як мага даўжэй, каб не толькі цяперашняе, але і наступныя пакаленні ведалі, чым жылі іх продкі, не забывалі свае вытокі. Менавіта гэтым і кіруюцца таленавітыя і мэтанакіраваныя Аляксандр і Ганна Пачкоўскія.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.