Дружный, творческий, профессиональный педколлектив работает в Воропаевском детском саду

Образование

Па мерках гарпасёлка Варапаеўскі дзетсад невялікі. У ім усяго чатыры групы: адна ясельная і тры — інтэграванага навучання і выхавання, якія наведваюць 68 дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця. З 2009 года ў садку дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, дзе працуе настаўнік-дэфектолаг. Зараз курс выпраўлення дэфектаў маўлення ў яго праходзяць 23 дзіцяці. Другі дэфектолаг займаецца з асаблівымі дзецьмі ў інтэграваных групах. Усяго ж у штаце сада 13 педагогаў, адзін з якіх мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, трое — першую, чацвёра — другую.

Як і ва ўсіх дашкольных установах, асноўная работа калектыву накіравана на ахову і ўмацаванне здароўя дзяцей, іх развіццё і стварэнне бяспечных умоў знаходжання ў садку. Але ёсць і свае «фішкі». Галоўная ў тым, што самую вялікую ўвагу педагогі надаюць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дашкольнікаў. З мэтай фарміравання пачуцця патрыятызму ў дзяцей з 2022 года рэалізуецца шэраг розных праектаў: у старэйшай групе — доўгатэрміновы «Тут Радзімы маёй пачатак», у сярэдняй і малодшай — кароткатэрміновыя «Мая сям’я», «Раство Хрыстова» і «Сям’я на далоні». Іх задача — сфарміраваць у дашкольнікаў уяўленне пра нацыянальныя культурныя традыцыі, развіць інта­рэс да культуры і гісторыі роднага краю, выхаваць любоў да Радзімы.

У рамках названых праектаў праводзяцца ўсемагчымыя заняткі, экскурсіі, святы, забавы. Актыўны ўдзел у іх прымаюць бацькі. Таксама стала традыцыйным наведванне самімі работнікамі сада розных гістарычных, культурных, прыродных аб’ектаў і мясцін Беларусі. Увогуле, педагогі тут не толькі дружныя, але і вопытныя. Вялікі стаж работы маюць загадчыца Людміла Талстыка, яе намеснік па асноўнай дзейнасці Вольга Далжонак, выхавальнікі Надзея Палякова, Вераніка Татарчук, Святлана Пушкель, Марына Стрыгаловіч і іншыя. Большасць іх працуюць з моманту адкрыцця дашкольнай установы — а гэта адбылося ў снежні 2007 года. 1 верасня гэтага года педагагічная сям’я садка папоўнілася двума новымі выхавальнікамі. І, па словах Людмілы Эдуардаўны, яны ўжо праявілі сябе як даволі творчыя асобы.

Нашы педагогі ўдзельнічаюць ва ўсіх раённых і абласных конкурсах, якія праводзяцца ў сістэме дашкольнай адукацыі, — расказвала пра калектыў яго кіраўнік. — Яны цудоўныя рукадзельніцы. Бачылі б вы, які прыгожы лялечны тэатр звязалі! А колькі ідэй прапануюць! Напрыклад, сёлета збіраемся стварыць на тэрыторыі сада сваю экалагічную сцежку са станцыямі. У нас вельмі добры музычны кіраўнік Таццяна Балай. Дзякуючы ёй усе ранішнікі і святы праходзяць проста на ўра. Таццяна Валянцінаўна вядзе і танцавальны гурток «Вясёлы абцасік», які дзеці наведваюць з вялікім задавальненнем.

Гэты гурток — адзіны платны, які цяпер працуе ў садку. Раней былі яшчэ фітнес, цестапластыка, аэробіка. Але пасля закрыцця ў гарпасёлку дрэваапрацоўчага камбіната і завода жалезабетонных вырабаў многія бацькі не змаглі аплачваць дадатковыя заняткі дзяцей. Тым не менш за сродкі ад аказання платных адукацыйных паслуг кіраўніцтва сада ў апошнія гады набыло вялікі тэлевізар, ламінатар і брашуратар, што ўмацавала матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы і адкрыла новыя магчымасці для работы педагогаў.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.