Главный тренер Павел Вавинский рассказал, какие задачи стоят сейчас перед поставскими волейболистами

Спорт и туризм

XXXIII чэмпіянат Беларусі па валейболе

Трапіць у фінальную чацвёрку

Напрыканцы верасня паспяхова завяршыўся чэмпіянат краіны ў 2-й лізе для нашых футбалістаў. Але ў аматараў спорту зноў з’явіліся падставы для перажыванняў: 21 кастрычніка стартуе чарговае нацыянальнае першынство па валейболе сярод мужчын у 1-й лізе. Нязменны ўдзельнік турніру — пастаўскі «Атлант» — вясной быў блізкі да заваявання медалёў, але няўдала правёў два рашаючыя матчы фінальнага этапа. Пра тое, якія задачы стаяць цяпер перад нашымі валейбалістамі, мы пагутарылі з іх галоўным трэнерам Паўлам Вавінскім.

— Павел Аляксандравіч, у мінулым сезоне наша каманда адчувальна прыбавіла: тройчы абыграла мінчан, перамагла абодвух лідараў. Чаму ж атрымаўся няўдалым заключны тур у Салігорску?

— Нашы асноўныя сапернікі да галоўных паядынкаў сезона аказаліся лепш падрыхтаванымі. Яны інтэнсіўна трэніраваліся разам, рабілі гэта двойчы на дзень. Мы ж правялі толькі кароткі трэніровачны збор. Яго аказалася недастаткова для наладжвання каманднай гульні, бо валейбалісты з розных гарадоў. У дадатак у першай паўфінальнай сустрэчы з гро­дзенцамі памыліліся не на нашу карысць суддзі, што ўзмацніла нервовае напружанне. Таксама не пайшла гульня ў асноўных нападаючых Андрэя Казлоўскага і Дзмітрыя Грыневіча, у якіх працэнт выніковых удалых атак аказаўся нізкім. З поўнай аддачай дзейнічаў на пляцоўцы толькі распасоўшчык і капітан Руслан Сімагасціцкі, хоць і гуляў з траўмай пальца. Але сярод яго партнёраў не аказалася тых, хто мог бы павесці каманду за сабой. Праўда, у трэцяй партыі дублёры клуба вышэйшай лігі з Гродзеншчыны праваліліся — саступілі нам з лікам 13:25. На жаль, развіць поспех не ўдалося. Мы прайгралі «Легіёну-2», з якім пераканаўча разабраліся ў родных сценах паўмесяца назад, з лікам 1:3. У фінал наша каманда не выйшла, а сустрэчу за 3-е месца са сталічным РДВАР-2007 правяла яшчэ слабей.

— У спорце такое бывае. А якім чакаецца новы сезон у другім па сіле дывізіёне беларускага валейбола?

— У нашай 1-й лізе барацьбу павядуць ужо 6 каманд з розных абласцей. Пасля перапынку ў турнір вярнулася адна з наймацнейшых дружын з поўдня краіны — «Газавік-Гомель», якая ўжо паказала моцную гульню ў розыгрышы Кубка Беларусі па валейболе. Яшчэ адным фаварытам першынства можа ­стаць гаспадар стартавага тура — «Барысаў-БДУФК-2». Маладыя барысаўчане з’яўляюцца дублёрамі клуба вышэйшай лігі, у сваім турніры апошнім часам яны нязменна выйгравалі сярэбраныя і бронзавыя медалі. Трэцім навічком будзе каманда «Віцебскаблгаз», у якой гуляе пасуючым экс-пастаўчанін кандыдат у майстры спорту Уладзімір Юзвовіч. Віцябчане ўкамплектаваны вопытнымі валейбалістамі, якія раней гулялі ў тым ліку ў вышэйшай лізе.

У першынстве засталіся і два нашы леташнія сапернікі — са сталіцы і Салігорска. Каманда Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву з’яўляецца базавай для маладзёжнай беларускай зборнай, яна традыцыйна з кожным годам набірае сілу. А вось дзеючы чэмпіён — салігорскі «ДЮСШ-Шахцёр» — вельмі абнавіўся, яго лідары перайшлі гуляць у дывізіён рангам вышэй і ў асноўную каманду, якая гуляе ў адкрытым чэмпіянаце Расіі. Але ў салігарчан ёсць столькі талентаў, што яны будуць моцнымі сапернікамі для ўсіх. На мой погляд, гэты чэмпіянат Беларусі па валейболе ў 1-й лізе будзе адным з наймацнейшых па складзе ўдзельнікаў за апошнія гадоў 10.

Першынство пройдзе па ранейшай туравай сістэме «кожны з кожным». Каманды двойчы згуляюць паміж сабой, на папярэднім этапе — па 10 паядынкаў. Штомесяц чатыры дружыны будуць збірацца ў адным з гарадоў, правядуць па 2 сустрэчы ў суботу і нядзелю. Так, мы ў стартавым туры ў Барысаве пазмагаемся з мінчанамі і гаспадарамі. Яшчэ адна пара правядзе адну сустрэчу паміж сабой. Такім чынам, мы дома 18 лістапада прымем «Віцебскаблгаз». Напрыканцы года, у снежні, 3-і тур запланавана правесці ў Паставах. Да нас прыедуць валейбалісты з Салігорска, Гомеля і Віцебска. Яшчэ не вызначана, дзе 20—21 красавіка пройдзе фінальны тур чатырох наймацнейшых. Добра было б, калі б ён прайшоў у нашым горадзе. Пра гэта папросім федерацыю.

— Павел Аляксандравіч, якія задачы пастаўлены перад «Атлантам» у новым сезоне? Ці захаваўся склад каманды пасля паўгадавой паўзы ў першынстве?

— Адназначна наша мэта — прабіцца ў фінал чатырох. Мы страцілі толькі аднаго іграка стартавай шасцёркі — Васіля Скалабана, які можа гуляць на розных пазіцыях. Пасля заканчэння ваеннай службы ён збіраўся гуляць за нас, але атрымаў прапанову са сваёй радзімы — Салігорска, дзе прапанавалі і прэстыжную работу. Узмацніць нашу каманду павінны два вопытныя сталічныя валейбалісты — Руслан Мацкевіч і Дзмітрый Баг­дзель, якіх нам парэкамендаваў Руслан Сімагасціцкі. Разлічваем і на сваіх выхаванцаў Дзмітрыя Аксёненку, Вячаслава Панаваса і Леаніда Лосіка. Па-ранейшаму ў страі вельмі вопытны ветэран, кандыдат у майстры спорту Аляксандр Зарэцкі, якога раней прызнавалі найлепшым лібера ў Беларусі ў 1-й лізе. Ён паказвае моладзі прыклад адданасці любімай гульні, летась добра праявіў сябе ў большасці матчаў. Па выніках мінулага сезона падобны прыз атрымаў наш блакіруючы Аляксандр Каспер. На яго, як і на Аляксея Канаша, разлічваем у тэмпавых атаках. Кожны матч для пастаўчан будзе важным. Патэнцыял для збалансаваных дзеянняў на пляцоўцы ў хлопцаў ёсць, рыхтуемся паказаць прыгожы валейбол.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.