Лучший в мире — так говорят про своего папу Настя, Катя и Полина Матюшонки из Постав

Главное Общество

Найлепшы ў свеце. Так мне сказалі пра свайго тату Насця, Каця і Паліна Мацюшонкі з райцэнтра

— Перабольшваеце, дачушкі. Адкуль вы ведаеце, якія таты ў свеце? — рассмяяўся Віталій.

— Ну, няхай сабе толькі ў раёне, — зменшыла маштабы 17-гадовая Насця. — Да таго ж ты, тата, прызнаны чалавекам года Пастаўшчыны…

Тут варта нагадаць і пра тое, што яго фотаздымак змешчаны на раённую Дошку гонару. Віталій Мацюшонак узначальвае службу кацельняў і цепласетак УП ЖКГ. Абслугоўвае 4 кацельні, кантралюе работу 26-ці, а таксама ўчасткі цепласетак і па нарыхтоўцы мясцовых відаў паліва. У яго падпарадкаванні 36 чалавек. Хаця рабочы дзень нарміраваны, у любы час сутак на тэлефоннай сувязі і вырашае неадкладныя пытанні.

Аднак вытворчыя справы — не тэма майго артыкула. Я прыехала знаёміцца з Віталіем як з галавой мнагадзетнай сям’і, у якой выхоўваюцца тры дачушкі.

— Кожны раз я чакаў сыночка, — шчыра прызнаецца мужчына. — Але нараджаліся дзяўчынкі. А зараз шчаслівы, што ў нашым доме падрастаюць тры прыгожыя кветачкі — родныя, любімыя, непаўторныя. Лічу, што я ў больш выйгрышным становішчы, чым мая сястра, якая жыве праз дарогу ад нас і ў якой тры сыны. Дочкі заўсёды бліжэй да бацькоў.

З Анжэлай, маці дзяўчынак, я размаўляла па тэлефоне напярэдадні наведвання сям’і.

— Дзяўчынкі вельмі любяць тату, — казала жанчына. — Яны за яго — гарой! І Віталій даражыць дзецьмі. Шмат дапамагаў мне, калі яны былі маленькія, нават па начах мы з ім уставалі да дачушак па чарзе. І ў садок іх адвозіў, забіраў адтуль.

Зараз маршрут іншы: у 7 гадзін раніцы Віталій вязе Насцю ў чацвёртую школу, а Кацю і Паліну — у першую. Калі заняткі пачынаюцца не ў 8, а ў 9 гадзін, пакідае малодшых у бабулі, якая жыве непадалёк ад школы. Стараецца і пасля заняткаў забраць.

— Вельмі вялікая нагрузка на цяперашніх школьнікаў, — непакоіцца бацька. — Яны амаль цэлы дзень у школе. А яшчэ атрымліваюць шмат заданняў на дом.

Спраўляцца з імі, асабліва па матэматыцы, дзяўчынкам дапамагае тата. Летам яны разам працуюць на прысядзібным участку, а таксама на дачах у Ліпніках і Боцвінах. Выязджаюць у лес па грыбы і ягады, на возера. А сёлета Віталій устанавіў ля дома надзіманы басейн, і дзяўчынкі ў спёку плёскаліся ў ім, колькі хацелі. Любяць прыходзіць да таты на кацельню, і ўсё там ім цікава. А як радасна яны расказвалі пра нядзельныя абеды, якія гатуе тата!

У нас у двары дзейнічае дамашні «Макдональдс», — не без гумару хваліліся. — Тата запякае на мангале шашлык, каўбаскі, робіць бульбу фры. Нават дранікі і катлеты гатуе. Смаката!

Я слухала дзяўчынак і думала: калі яны занявесцяцца, то і жаніхоў будуць выбі­раць такіх, як тата. Нездарма ж у народзе кажуць, што дочкі паўтараюць лёс маці. А Анжэла Мацюшонак шчаслівая ў шлюбе, і шчаслівыя іх з Віталіем дзеці.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.