На наступным тыдні мост на дарозе Юнькі—Варапаева—Мярэцкія будзе здадзены ў эксплутацыю. Нягледзячы на розныя складанасці, дарожнікі ДРБУ-132 справіліся з работай раней за тэрмін запланаванага ўводу.
З сярэдзіны жніўня тыя, хто карыстаўся дарогай Юнькі—Варапаева—Мярэцкія, мелі пэўныя нязручнасці: прыходзілася ехаць у аб’езд, бо работнікі Пастаўскага ДРБУ-132 вялі рэканструкцыю моста праз раку Палавіцу, што недалёка ад павароту на Навасёлкі-1. Яны выкарчавалі хмызняк, знялі раслінны грунт, дэманціравалі старыя канструкцыі, вывезлі друз і ўклалі 26-метровую ацынкаваную спіралепадобную гафрыраваную трубу дыяметрам 3,2 метра, засыпалі яе пяском і шчэбенем. Ужо зроблены бетонныя адкосы, добраўпарадкоўваецца прылеглая тэрыторыя. Засталося заасфальтаваць гэты ўчастак і ўстанавіць бар’ерную агароджу.
На аб’ект прыязджалі прадстаўнікі Дзяржбуднагляду, якія правялі папярэднюю экспертызу выкананых работ і папярэднюю прыёмку. Прэтэнзій у іх не было. Немалая заслуга ў гэтым маладога вытворцы работ, заслужанага дарожніка Беларусі Андрэя Рагіні, а таксама дарожных рабочых Сяргея Кавалёва, Славаміра Кузьміча, Дзяніса Галяша, Валянціна Рачыцкага, машыністаў экскаватара Андрэя Граблеўскага, Віктара Асяненкі, Станіслава Шушкевіча, машыністаў аўтагрэйдара і аўтакрана Леаніда Куцухі, Антона Гінько, пагрузчыка — Андрэя Рабекіна.
Анна Анішкевіч



