15 лістапада Зоя і Алег Целякі з аднайменнай вёскі адзначаюць ізумруднае вяселле. Ізумруд — рэдкі, вельмі прыгожы і дарагі камень. Такія ж рэдкія і сямейныя пары, якія ў каханні і згодзе пражылі 55 гадоў. Менавіта таму я не магла не напрасіцца на сустрэчу з сужонцамі.
Зоя і Алег вучыліся ў пастаўскай СШ №2 і нават у адзін год яе скончылі (у 1966-м разам выпускаліся дзясятыя і адзінаццатыя класы). Але ні ў калідорах, ні на школьных мерапрыемствах адно аднаго яны не заўважалі. Пазнаёміліся на танцах у целякоўскім клубе. Зоя выкладала ў мясцовай школе, Алег прыехаў да бацькоў з калгаса «Перамога», дзе працаваў заатэхнікам. Абое вучыліся завочна: ён — у Віцебскім ветэрынарным інстытуце, яна — у Магілёўскім педагагічным.
Паміж юнаком і дзяўчынай зарадзілася сімпатыя, якая неўзабаве перарасла ў каханне. Праз два гады яны пажаніліся. Алег прывёў жонку ў сваю сям’ю ў вясковым доме. А ў ёй, акрамя іх, маладажонаў, пяць чалавек: бацькі, бабуля, два малодшыя браты. Вядома, было няпроста, але прызвычаілася.
Праз год у пары нарадзілася дачушка. А калі Наташы споўнілася ўсяго 11 месяцаў, Алега, які к таму часу ўжо скончыў інстытут, на год прызвалі ў армію. Служыў ажно на Далёкім Усходзе. Падчас службы яны ўбачыліся толькі аднойчы, калі салдат знаходзіўся на зборах у Арэнбургу, — Зоя паехала туды разам са свекрывёй. Затое часта ляцелі іх пісьмы, напоўненыя каханнем і чаканнем сустрэчы.
Зоі адной было цяжка спраўляцца з работай і дзіцем. Садка ў вёсцы не было, у дэкрэтным водпуску яна была ўсяго тры месяцы, а ў вялікай сям’і ўсе былі занятыя. Выхоўваць малую дачцэ дапамагала яе маці, якая жыла ў Заброддзі. Наташа расла ў бабулі, а мама часта ездзіла да яе на аўтобусе, а то і пехатой хадзіла.
Калі тата вярнуўся з арміі, дзяўчынцы было два гады. Але зноў-такі маладая сям’я нядоўга пабыла разам, хаця Алег ужо працаваў заатэхнікам у калгасе «Шлях да камунізму» з цэнтрам у Целяках, і тут ім далі кватэру. Маладога спецыяліста накіравалі ў Мінск на шасцімесячныя курсы кіруючых кадраў. Пасля іх заканчэння кіраўніцтва раёна не аднойчы прапаноўвала Алегу Мікалаевічу ўзначаліць тую або іншую гаспадарку. Кожны раз, параіўшыся з жонкай, ён адмаўляўся ад гэтага. Так і застаўся ў сваім калгасе, толькі на вышэйшай пасадзе — намеснікам старшыні. Акрамя таго, з’яўляўся сакратаром пярвічнай партыйнай арганізацыі.
Праз 11 гадоў пасля Наташы ў сям’і нарадзілася другая дзяўчынка — Оля.
— У той час у Целяках ужо быў садок, у які яна і хадзіла, Наташа дапамагала нам яе гадаваць, — расказвалі бацькі. — У вёсцы быў цэнтр калгаса, працавалі васьмігадовая школа, клуб, магазін, было шмат моладзі. Жылі дружна, весела. Не наракалі на цяжкасці, кожны на сваім месцы адказна адносіўся да даручанай справы. Дома мы трымалі вялікую гаспадарку — дзвюх кароў, некалькі свіней, шмат курэй. У 4-5 гадзін раніцы ўставалі, каб управіцца на сваім падвор’і і не спазніцца на работу.
Алег Мікалаевіч адпрацаваў у калгасе 40 гадоў, Зоя Уладзіміраўна — 45 гадоў у школе, з іх 18 — дырэктарам. Абое даўно на пенсіі, займаюцца домам, агародам, радуюцца поспехам дзяцей і ўнукаў.
Дочкі выбралі прафесію настаўніка, і бацькі падтрымалі такі выбар. Наташа скончыла Віцебскі педінстытут, Оля — Полацкі педагагічны каледж, пасля завочна — Віцебскі і Мінскі педагагічныя ўніверсітэты. Сёння абедзве — такія ж паважаныя ў раёне педагогі, як і іх маці. Наталля Алегаўна працуе ў СШ 3, выкладае беларускую мову і літаратуру. Вольга Алегаўна — дэфектолаг СШ №1. Калі тры настаўніцы збіраюцца разам, ім ёсць што абмеркаваць.
Целякі-старэйшыя заўсёды на сувязі і з унукамі, якіх чацвёра. Малодшыя — Ілья і Лука — яшчэ школьнікі. Хлопчыкам найцікавей бавіць час з дзядулем, ну а пачастункі для іх, безумоўна, гатуе бабуля. А вось старэйшыя — Даша і Юля — ужо многага дасягнулі ў жыцці. Абедзве з залатым медалём скончылі школу, пасля — Белдзяржуніверсітэт. Даша школьніцай была юнкорам нашай газеты, а скончыўшы факультэт міжнароднай журналістыкі, працавала ў Акадэміі навук, Міністэрстве фінансаў, зараз кіруе прэс-службай Альфа-Банка. Юля выбрала для сябе факультэт сацыякультурных камунікацый БДУ, сёння яна — вядучы спецыяліст па маркетынгу ў IT-кампаніі.
Як не ганарыцца такімі ўнучкамі? Але для бабулі і дзядулі галоўнае нават не іх прафесійная кар’ера, а сардэчнасць і дабрыня дзяўчат. Яны штодня размаўляюць з імі па тэлефоне, з радасцю чакаюць у госці. Вось і сёлета на Дзень настаўніка ўсе сабраліся за святочным сталом. Не сумняваюся ў тым, што дзеці і ўнукі падрыхтавалі сюрпрыз Зоі Уладзіміраўне і Алегу Мікалаевічу і на 55-годдзе іх шлюбу.
А вось якія словы я пачула ад іх дачкі Вольгі Радко:
— У нас з Наташай цудоўныя бацькі. Такіх яшчэ пашукаць трэба! Мы заўсёды бачылі цёплыя адносіны паміж імі, нам было з каго браць прыклад. І мужоў выбіралі такіх, як наш тата.
А самі бацькі прызналіся, што прынялі зяцёў, як сыноў, і расказалі пра іх шмат добрага:
— Юра быў прыкладным сем’янінам, вельмі даражыў Наташай і дачушкамі. Здавалася, спяшаўся жыць. І памёр раптоўна, у 38 гадоў. Гэта стала цяжкім ударам для ўсіх. А Олінага Сашу мы называем хуткай дапамогай. Ён усё ўмее і ўсюды паспявае: дома, на дачы, у нас. А як яго любяць сыны і колькі ў іх з татам агульных спраў!
У доме Зоі і Алега Целякоў няма вялікай раскошы, яны ніколі не гналіся за дарагім аўтамабілем, шыкоўнымі ўборамі, затое дзяліліся і дзеляцца з дзецьмі і ўнукамі ўсім, што маюць. А таксама на сваім прыкладзе вучаць іх даражыць такімі каштоўнасцямі, як уменне кахаць, даражыць адно адным, давяраць, саступаць, дзяліць пароўну і радасці, і засмучэнні.
Хіба не ў гэтым і ёсць сямейнае шчасце?
Фаіна Касаткіна


