На базе Поставского лесхоза прошел областной семинар-совещание «Лес. Молодежь. Будущее»

Общество

Быць адказнымі і ініцыятыўнымі пажадалі маладым лесаводам вобласці на абласным семінары-нарадзе «Лес. Моладзь. Будучыня», які прайшоў на базе Пастаўскага лясгаса.

У семінары ўдзельнічалі майстры лесу, памочнікі ляснічых, інжынеры-лесапатолагі, якія сёлета змянілі аўдыторыі навучальных устаноў на кабінеты і лясныя ўгоддзі, а таксама генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Юрый Ліпскі, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Уладзімір Савік.

Пастаўскі лясгас пастаянна дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў, неаднаразова прызнаваўся найлепшым у вобласці. Тут ёсць чаму павучыцца і што пераняць у плане работы. Для ўдзельнікаў семінара была падрыхтавана насычаная праграма. Спачатку яны накіраваліся да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан па вуліцы Чырвонаармейскай. Там маладыя людзі, кіраўніцтва Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання і Пастаўскага лясгаса ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць загінулых, заклалі памятную алею з туй.

Сустрэча прадоўжылася ў актавай зале дзяржаўнага каледжа. Як адаптаваліся маладыя спецыялісты лясной гаспадаркі на першым рабочым месцы, уладкавалі быт? Ці па сілах ім новыя абавязкі? Якая падтрымка неабходна з боку кіраўніцтва? Пра гэта і многае іншае гаварылі на сустрэчы. З прывітальным словам да ­ўдзельнікаў семінара звярнуўся Юрый Ліпскі. Ён адзначыў, што сёлета ў лясную галіну вобласці прыйшло каля 60 маладых спецыялістаў і сёння ў краіне ёсць усе ўмовы, каб яны маглі сябе рэалізаваць.

— Ад вашай работы ў многім залежыць, наколькі нам удасца захаваць і прымножыць лясныя багацці для нашчадкаў, — звярнуўся да моладзі Юрый Мікалаевіч. — Вы — маладыя, ініцыятыўныя. У вас свой погляд на многія рэчы. Таму сёння хочацца пачуць, што, на вашу думку, трэба памяняць, падшліфаваць у вашых калектывах і галіне ўвогуле. У вас ёсць азарт, імкненне да новага, смелыя ідэі, жаданне рухацца наперад. Мы гатовы выслухаць вашы меркаванні па паляпшэнні работы і развіцці лясной гаспадаркі. Важна не замоўчваць праблемы, а размаў­ляць, не дапусціць, каб вы былі самі па сабе, а мы, улада, самі па сабе. Праяўляйце ініцыятыву, уносьце прапановы. Канешне, не ўсё зможам вырашыць у адзін момант — ёсць фінансавыя праблемы, цяжкасці іншага характару. Але калі будзем чуць адно аднаго, рашэнне знойдзецца.

Па словах Уладзіміра Савіка, такія сустрэчы сталі традыцыйнымі. Яны даюць магчымасць маладым людзям пагутарыць не толькі паміж сабой, але і з кіраўніцтвам Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, падзяліцца ўражаннямі ад першых месяцаў самастойнай работы. Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання сумесна з Міністэрствам лясной гаспадаркі распрацавалі меры па замацаванні моладзі ў галіне. Згодна з калектыўнымі дагаворамі лясгасаў, яна мае нядрэнны сацыяльны пакет.

Маладыя спецыялісты з многіх лясгасаў вобласці расказалі пра свой шлях у прафесію, адаптацыю ў новым калектыве, першыя складанасці і дасягненні. Затым адбылася цырымонія іх пасвячэння ў лесаводы. Госці пабывалі ў дрэваапрацоўчым цэху «Смалярня» і гадавальніку.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.