5 дней знакомства — в 60 лет брака. Вера и Иосиф Ольсевичи отпраздновали бриллиантовую свадьбу

Важное Общество

У мінулую суботу Вера Іосіфаўна і Іосіф Іосіфавіч Альсевічы з аграгарадка Парыж адзначылі брыльянтавае вяселле.

На ўрачыстасць прыехалі не толькі родныя юбіляраў, але і афіцыйныя асобы: старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч, старшыня Казлоўшчынскага сельскага Савета Ірына Кукоўская, культработнікі Парыжскага Дома культуры, журналісты райгазеты і «Паставы ТБ».

— Мы доўга не згаджаліся на такое шырокае святкаванне, — прызналіся расчуленыя юбіляры. — Аднак сын Сярожа ўсё ж такі ўгаварыў. А зараз і рады, што ў нас так шмат гасцей. Добрая нагода сабраць усіх родных.

І вось пачынаецца ўрачыс­тасць. Пад гукі марша Мендэльсона старшыня Казлоўшчынскага сельскага Савета Ірына Кукоўская рэгіструе брыльянтавы шлюб, уручае пары пасведчанне, цёпла віншуе. Адзін за другім бяруць слова госці, і віншаванні множацца. Прозай, вершаваныя, песенныя — усе аднолькава шчырыя.

Старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч зачытвае прывітальны адрас за подпісам старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка і старшыні райсавета дэпутатаў Пятра Курто. «Вы прайшлі вялікі і слаўны шлях па жыццёвай дарозе, якая непарыўна звязана з Пастаўшчынай, — гаворыцца ў ім. — Дзякуючы мудрасці, адказнасці і адданасці, а яшчэ дабрыні, шчодрасці душы, прыстойнасці змаглі стварыць выдатную сям’ю са сваімі традыцыямі. Дзялілі радасць і гора, жылі каханнем і верай адно ў аднаго, і гэта вера дапамагла перажыць усе нягоды».        

Цяжка паверыць, але шлюб Вера і Іосіф зарэгістравалі ўсяго пасля пяці дзён знаёмства.

— Я жыла на Вілейшчыне, — расказвала Іосіфаўна. — У нашу мясцовасць прыехалі працаваць меліяратары з Навадруцка. Вечарам яны арганізавалі танцы, і мы, вясковыя дзяўчаты, канешне ж, пайшлі на іх. Там і пазнаёмілася з Юзікам. Ён вельмі добра танцаваў і ўвесь час запрашаў мяне.

Потым яны сустракаліся яшчэ чатыры вечары, пасля чаго хлопец па неадкладных справах паехаў дадому. А па вёсцы папаўзлі чуткі: «Кінуў Веру. У яго, напэўна, ёсць жонка».

 

— А мне Вера так запала ў сэрца, што, вярнуўшыся праз некалькі дзён, адразу ж паклікаў яе замуж, — успамінаў Іосіф Іосіфавіч. — Паехалі на матацыкле ў мясцовы сельсавет і распісаліся.

Іосіфу на той час было 26, Веры — 20. І вось ужо шэсць дзясяткаў гадоў яны крочаць поруч. Выхавалі двух годных сыноў, маюць трох унучак, двух унукаў і дзвюх праўнучак.

— Тата з мамай заўсёды былі для нас прыкладам, — гаварыў іх сын Сяргей. — Мы бачылі, як яны кахаюць і паважаюць адно другога, умеюць саступаць. Яны навучылі нас працавітасці і адказнасці.

Іосіф да пенсіі працаваў на магутнай тэхніцы ў Навадруцкім будаўніча-мантажным упраўленні. Сярод яго шматлікіх узнагарод ёсць і Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР. Вера, выйшаўшы замуж і пераехаўшы ў Навадруцк (цяперашні Парыж), пайшла ў будаўнічую брыгаду. Пазней стала пашталь­ёнам. Некалькі гадоў разносіла пошту і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Сям’я заўсёды трымала вялікую гаспадарку, дастатак стваралі сваімі рукамі.

А найвялікшае багацце — гэта дзеці і ўнукі. Сяргей скончыў ваеннае вучылішча, служыў у гарачых кропках, мае шматлікія ўзнагароды. Зараз ён, палкоўнік у адстаўцы, з’яўляецца старшынёй абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У яго добрая сям’я, двое дарослых сыноў.

— Не бывае дня, каб Сярожа не пазваніў і не спытаў, як мы з бацькам адчуваем сябе, — расказвала маці. — І прыязджае да нас рэгулярна. А вось нашага другога сына сем гадоў назад не стала. Ігар раней ніколі не хварэў, а згарэў за тыдзень. Гора вельмі падкасіла нас.

Таму і свята ў Альсевічаў было са слязамі на вачах. Але хапіла і радасці: да юбіляраў з’ехаліся родныя з Віцебска, Мінска, Сянно, нават з Анапы. Усе жадалі добрага здароўя, якога, на жаль, ім ужо не хапае, і дачакацца чарговага юбілею шлюбу. Няхай так і будзе!

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.